Что было раньше - игла или пластинка: в Минске представили коллекцию старых фонографа, граммофонов и патефонов

Сны Томаса Эдысона

У Мінску ўвазе зацікаўленай публікі прадставілі першую ў краіне калекцыю патэфонаў і фанографаў. Раней асобныя адзiнкi прыстасаванняў для запісу i агучвання голасу i музыкi экспанаваліся часткова ў розных месцах. Цяпер жа ўсе 86 экспанатаў знайшлі дом для пастаяннага жыхарства.

Уладзіслаў Касалапаў: «Гэты патэфон дае тут, у нас, самы лепшы гук. Прыкрываеце ніжнія дзверцы — і ён гучыць цішэй, адчыняеце — грамчэй».

— Гадоў пятнаццаць таму мой муж Ігар Барысевіч вырашыў зрабіць падарунак сябру на дзень нараджэння — радыёлу. А затым пайшло-паехала, — уводзіць у курс справы жонка калекцыянера Ларыса Барысевіч. — З цягам часу колькасць экспанатаў толькі павялічвалася. З якіх толькі краін у нас няма апаратаў: і Амерыка, і Германія, Англія, Швейцарыя. Канешне, муж вельмі рады, што экспанаты знайшлі сваё месца, а я, напэўна, яшчэ больш: бо ўсё гэта раней захоўвалася ў нас дома.

У экспазіцыі прадстаўлена больш за 300 унікальных пласцінак.

Надзвычай важны год у гісторыі чалавецтва — 1877. Менавіта тады француз Шарль Кро з гонарам навукова абгрунтаваў прынцып запісу гуку на барабан, а Томас Эдысон вынайшаў і запатэнтаваў фанограф — прыбор, дзякуючы якому можна было рабіць гуказапіс. Ужо праз 10 гадоў тэхнолагі выпусцілі першы масавы тыраж пласцінак. Дзякаваць за гэта варта амерыканцу Эмілю Берлінеру, які і прапанаваў выкарыстоўваць для запісу носьбіт у форме дыска.

Пачалася калекцыя прыстасаванняў для гуказапісу з радыёлы. Такі падарунак Ігар Барысевіч вырашыў зрабіць сябру на дзень нараджэння 15 гадоў таму.

На самай справе тут унікальны кожны апарат: многім экспанатам больш за сто гадоў, і ўсе яны ў працоўным стане. Акрамя гэтага, у калекцыі сабрана каля 50 цыліндраў для фанографаў і больш за 300 пласцінак. На запісах — Луi Армстранг, Фрэнк Сінатра, Марк Бернэс, Клаўдзія Шульжэнка… Уявіце сабе: некаторым галасам па сто гадоў! Запіс на цыліндры — аднаразовае выкананне артыста ці цэлага аркестра, іх немагчыма было капіраваць, у адрозненне ад пласцінак.

Грамафоны з трубой з чырвонага дрэва лічацца найбольш даўгавечнымі. Зразумела, кошт іх быў суадносны.

— Вось гэта адна з першых мадэляў фанографа, якая мела камерцыйны поспех: гэта не ручны апарат, а механізм, дзе спружына дапамагае раскручвацца валіку і цыліндру, — пачынае знаёміць з экспанатамі куратар калекцыi Уладзіслаў Касалапаў. — А вось тут у нас адна з найбольш знакамітых мадэляў партатыўных патэфонаў, яна была вельмі папулярная ў афіцэраў падчас Другой сусветнай вайны. Партатыўныя патэфоны можна было з лёгкасцю пераносіць з месца на месца, браць з сабой у дарогу. Звярніце ўвагу на шыкоўны дамскі патэфон у выглядзе элегантнай жаночай сумачкі. Далей — мікіфон з эксклюзіўнай серыі швейцарскіх карманных фанографаў: чалавек ішоў па вуліцы і нёс у руцэ апарат з пласцінкай, амаль таксама, як у наш час моладзь мае моду прагульвацца з партатыўнымі калонкамі. 

Партатыўныя патэфоны былі папулярныя ў афіцэраў падчас Другой сусветнай вайны.

Асабліва цікавая калекцыя, калі экспанаты дэманструюцца ў дзеянні. Для гэтага выкарыстоўваюцца канцэртныя патэфоны. Раней яны гучалі ў шыкоўных залах, дзе збіраліся вялікая сям’я і яе госці. Зразумела, такія апараты маглі сабе дазволіць толькі вельмі забяспечаныя людзі.

Апараты для гуказапісу ў свой час відазмяняліся з неймавернай хуткасцю.

— Гэта таксама наша зорка. Грамафон паказальны тым, што труба яго зроблена з чырвонага дрэва — матэрыялу, не схільнага да карозіі. Зразумела, кошт на такое прыстасаванне быў суадносны, — працягвае экскурсію Уладзіслаў. — А вось гэты патэфон дае тут, у нас, самы лепшы гук. Як тады рэгулявалася гучанне? Усё вельмі проста: прыкрываеце ніжнія дзверцы — і ён гучыць цішэй, адчыняеце — грамчэй. Яшчэ ёсць адна хітрасць. Ад таўшчыні іголкі залежыць вышыня тону гучання: іголка тонкая — тон вышэйшы. І наадварот. Іголка замянялася пасля кожнага праслухвання. 

Паўхвіліны падрыхтоўкі — і зала, а я разам з ёй, акунаецца ў неверагодны спеў Сінатры…

veronulas@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter