Дзень роднай мовы. Як шмат у гэтых словах!

Смак матчынай мовы

Фота  БЕЛТА.
Дзень роднай мовы. Як шмат у гэтых словах! Так мяркуюць 23 працэнты беларусаў. Згодна з данымі мінулага перапісу насельніцтва, менавіта столькі людзей у краіне выкарыстоўвае родную мову як размоўную. Хутка новы перапіс, і хочацца верыць, што лічбы там будуць хоць крышку большыя. А сёння ў кожнага з нас ёсць добрая нагода, каб далучыцца да гэтай кагорты. 

Прымусіць размаўляць на мове нельга. Гвалтам добрага не атрымаеш. Павінна быць выключна ўласнае жаданне. Ці добры прыклад. Вось я вучылася ў першай беларускамоўнай гімназіі. Мяне, як і ўсіх маіх аднакласнікаў, туды аддалі бацькі. Спакусіліся на слова «гімназія». А потым з шырокімі вачыма глядзелі на нас: «Якія яшчэ матэматычныя хібнасці?» 

Мы і сёння, сустракаючыся, вітаемся: «Транзістар — мудрагелістая прылада». Гэта быў адзін з першых нашых параграфаў па фізіцы на мове. Да яго розныя там «ныркі» на біялогіі ці «ментузы» на літаратуры — гэта дзіцячы садок. А тут, можна сказаць, вышэйшая матэматыка. І што вы думаеце? І яе вывучылі. І настаўнікаў «натаскалі». Ім было значна цяжэй, чым нам. Калі ты сам вучыў тую ж фізіку ці хімію ў школе па-руску, потым паглыбляў веды ў інстытуце, шмат гадоў так выкладаў… А тут раптам нейкія незнаёмыя мудрагелістыя тэрміны. Смяяліся і плакалі над імі разам. І колькі, вы думаеце, сёння з нас размаўляе па-беларуску? Адзінкі. І дзіўнага ў гэтым няма. За парогам класа мы адразу «забывалі» родную мову. І сёння з ёй сябруюць у асноўным тыя, хто карыстаецца мовай на працы.

Напрыклад, я. Трэба тэкст на мове — калі ласка. Астатняе па-руску. Адзінае выключэнне — калега з Белтэлерадыёкампаніі, які, здаецца, рускіх слоў наогул не ведае. Дык вось перад ім мне неяк няёмка. Яго мова такая мілагучная, як у маёй настаўніцы Марыі Фёдараўны. Таму ў адказ і я пачынаю «спяваць». Мае дзеці аднойчы, пачуўшы такую размову, аж рты разявілі: такога ведання мовы яны ад мяне ніяк не чакалі. Вось які прыклад павінны паказваць бацькі!

Дзякуй богу, у нас зараз з’явіліся памочнікі. Беларускамоўныя крамы, запраўкі, бальніцы. У стаматалогіі мне, дарэчы, дзесяціпрацэнтную зніжку за мову даюць. І гэта не можа не радаваць. Але ёсць і адваротны бок медаля. «Вітаю вас, — сустракае аўтамабілістаў на АЗС касір. —Может, у вас рубль есть, чтобы я вам сдачу могла дать?» — «Рубель ёсць. Але чаму вы перайшлі на рускую мову?» Вочы ў дзяўчыны прыгожыя, вы б бачылі, як яны лыпаюць. Двойка ёй, вядома ж, па мове, а вось за сумленнасць — дзясятка: «Я яшчэ ведаю: дзякуй, што выбралі нашу запраўку. Прыязджайце яшчэ!» 

Што тут скажаш? Куды глядзяць працадаўцы, прымаючы на працу такую «выдатніцу»? Відавочна: сёння беларуская мова прыцягвае да сябе дадатковую ўвагу, таму некаторыя бізнесмены такім чынам імкнуцца да таннага піяру. Я ж мару, што прыйдзе час і аб’явы аб прыняцці на працу будуць стракатаць фразамі кшталту «Валоданне абедзвюма дзяржаўнымi мовамi абавязковае». Тады, глядзіш, больш будзем шанаваць нашу родненькую.

Але сёння ва ўсіх нас ёсць добрая нагода пачаць гэта рабіць. Шматлікія ўстановы культуры і адукацыі кожная на свой густ і фантазію будуць адзначаць Дзень роднай мовы. У Нацыянальнай бібліятэцы, напрыклад, будзе прадстаўлены ўнікальны рукапіс — пераклад Евангелля на беларускую мову Міхася Міцкевіча, малодшага брата Якуба Коласа. Не застанецца ўбаку і Міністэрства замежных спраў: па традыцыі вершы беларускіх класікаў будуць чытаць паслы замежных дзяржаў. Будзе ліцца мова з радыё і тэлевізараў. Яшчэ можна дастаць з антрэсоляў якую-небудзь пажаўцелую кнігу ці ўключыць, напрыклад, «Песняроў». І такім чынам ушанаваць тое, што нам засталося ад продкаў.

stepuro@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter