Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Каманда Беларусі заваявала Гран-пры на другім Міжнародным кулінарным фэсце ў Кіеве

“Смачна есці!” – казалі на фэсце

BESTCооkFEST — гэта знакавы кулі­нарны і гастранамічны конкурс сярод кухароў, кандытараў, атэльераў, рэстаратараў. Гэта і цудоўная школа для тых, хто імкнецца развівацца, пашырае і ўдасканальвае майстэрства, узбагачае досвед па кулінарным і кандытарскім мастацтве. Фэст праходзіў у сталіцы Украіны на пачатку лістапада ўжо другі год запар. І ў чарговы раз засведчыў: кулінарныя традыцыі здольны аб’ядноўваюць народы.

Зорны час Таццяны Назарук
Мікалай бойка

Асаблівую цікавасць на фэсце выклікала намінацыя “Арт-клас”. Майстравалі ўсялякую смачную прыгажосць: цукровыя кветкі, кампазіцыі з пасцілажу і цукру, а таксама з марцыпаны, цеста, карамелі ды шакаладу, а яшчэ вясельныя і святочныя трох’ярусныя тарты, мастацкія вырабы з цеста. А пад час індывідуальных практычных класаў кухары гатавалі розныя стравы: вегетарыянскія, з мяса, з рыбы і морапрадуктаў, сучаснай кухні, нацыянальныя, рэстаранныя дэсерты.

Напружаным для ўдзельнікаў стаў конкурс “Chief Team 2016”. Заданне каманда з трох шэф-кухараў атрымала такое: прыкладна за паўтары гадзіны скласці, прыгатаваць і прадставіць меню з трох страў. Прычым сакрэтны спіс прадуктаў камандзе давалі за 20 хвілін да старту. Суддзямі былі лепшыя шэф-кухары з усяго свету, судзейскую калегію ўзначаліў прэзідэнт Сусветнай асацыяцыі шэф-кухараў (WorldChefs) Томас Гуглер з Саудаўскай Аравіі.

У фэсце паўдзельнічалі лепшыя кухары і кандытары з Германіі, Італіі, Турцыі, Украіны, Францыі, Харватыі... Беларусь прадстаўлялі Дзмітры Місюк, Аляксандр Чыкілеўскі, Таццяна Назарук, Арцём Лапіцкі, Наталля Стэфановіч (усе з Мінска) і Юры Колеснеў з Гомеля. Дарэчы, на першым фэсце, у 2015-м, нашы кухары, сябры Гільдыі кухараў і шэф-кухараў Беларусі Таццяна Назарук, Аляксандр Чыкілеўскі ды Павел Крычэўскі былі першымі ў камандным заліку, апярэдзіўшы каманды з Польшчы, Турцыі, Ізраіля, Харватыі, Украіны, Сербіі. Тады ж у індывідуальных спаборніцтвах яны заваявалі два залатыя медалі, два серабры, адну бронзу. Ад Гран-пры нашых тады аддзялялі ўсяго чатыры балы.

І вось на другім фэсце нашы яўна былі лепшымі. У індывідуальным першынстве беларусы заваявалі 7 залатых медалёў: Дзмітры Місюк (намінацыя BEST CHEF 2016); Аляксандр Чыкілеўскі ды Таццяна Назарук (стравы з рыбы і морапрадуктаў); Юры Колеснеў і Таццяна Назарук (стравы з мяса). Шэф-повар кандытар Наталля Стэфановіч за цукровыя кветкі (ангельская тэхніка) і торт заваявала адразу два золаты!

Сярэбранымі прызёрамі сталі Таццяна Назарук (рэстаранны дэсерт), Аляксандр Чыкілеўскі (страва з мяса) і Арцём Лапіцкі (страва аўтэнтычнай кухні). Ёсць у нашых і бронзавыя, але не менш дарагія для прызёраў узнагароды. У напружанай барацьбе яны дасталіся Арцёму Лапіцкаму, Дзмітрыю Місюку (стравы з мяса) і Юрыю Колесневу (вегетарыянская страва). Па выніках конкурсных дзён, у атмасферы пастаяннага кулінарнага суперніцтва беларуская каманда заняла першае агульнакаманднае месца і заваявала Гран-пры фестывалю BESTCookFEST-2016.

Аляксандр Чыкілеўскі, кіраўнік Гільдыі кухараў і шэф-кухараў Беларусі задаволены такім вынікам: “На гэты раз вельмі годна выступілі й маладыя прадстаўнікі каманды. Узяць чатыры прызавыя месцы — вельмі добры ўзровень!” А Таццяна Назарук, ганаровы сябар Гільдыі, выказала пажаданне, каб у такім фэсце ў будучыні паўдзельнічалі навучэнцы і студэнты адпаведных беларускіх навучальных устаноў. Дарэчы, ёсць на кіеўскім фэсце й спецыяльная намінацыя для юніёраў.

Голас Радзімы № 8 (3512), чацвер, 23 лютага , 2017 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter