До конца года у Минприроды появится уникальная мобильная лаборатория для мониторинга загрязнения водоемов

Сляды на вадзе

Сінія вочы нашай краі­ны — рэкі і азёры, на жаль, перыядычна азмрочваюцца: у іх воды часам трапляюць шкодныя рэчывы з прадпрыемстваў, здараюцца заморы рыбы. Фактычна гэта надзвычайная сітуацыя, якая патрабуе аператыўнага рэагавання. Для хуткай дыяг­ностыкі якасці вады, ацэнкі наступстваў Рэспублі­канскі цэнтр аналітычнага кантролю ў галіне аховы навакольнага асяроддзя (РЦАК) абзавядзецца сёлета мабіль­най лабараторыяй, якая даз­воліць кантраляваць забруджванне водных аб’ектаў краіны. Карэспандэнт «Р» пацікавілася, як будзе выглядаць і працаваць гэты пера­соўны даследчы пункт.

Маніторынг якасці  паверхневых вод у краіне праводзіцца пастаянна.

Маніторынг якасці паверхневых вод у нашай краіне право­дзіцца пастаянна. Але бываюць выпадкі, якія патрабуюць экстраннага рэагавання: напрыклад, калі ў ваду трапілі рэчывы, якія пагражаюць яе чысціні і ўвогуле экасістэме вадаёма.

Мабільны комплекс дазволіць на месцы рабіць пэўныя вымя­рэнні і прадастаўляць апера­тыўную інфармацыю для прыняцця неадкладных мер.


— Час заўсёды вельмі важны, — падкрэслівае Міхаіл Жураў, начальнік РЦАК. — Калі здарылася аварыйная сітуацыя, недзе адбылося скідванне шкодных рэчываў, неабходна аператыўна спыніць яго, прадухіліць наступствы. Трэба тэрмінова вызначыць, у якім напрамку рухаецца брудная вада, на колькі кіламетраў распаўсюдзілася забруджванне, высветліць, якія прадпрыемствы маюць дачыненне. Хутка зрабіць усё гэта дазволіць перасоўная лабараторыя.

Некаторыя паказчыкі, такія як колькасць кіслароду ў вадзе, яе электраправоднасць, і зараз можна вызначыць на месцы. Але вынікі многіх аналізаў трэба чакаць 2—3 дні. Пры аварыйным інцыдэнце гэта вельмі доўга. Мабільная лабараторыя і прызначана для такіх выпадкаў, яе абсталяванне для экспрэс-аналізаў дазволіць атрымаць вынік праз паўгадзіны-гадзіну.  

— За гэты час можна зрабіць папярэднія высновы аб перавышэнні ў вадзе нормы біягенных паказ­чыкаў, такіх як амоній, нітры­ты, нітра­ты, фасфаты, колькасць якіх значна павялічваецца, калі сельскагаспадарчыя арганізацыі скідваюць у ваду арганіку, — працягвае Міхаіл Мікалаевіч.


Спектрафатометр вымярае колькасць шкодных рэчываў у вадзе.

Мабільная лабараторыя размесціцца на базе мікра­аўтобуса. Акрамя вадзіцельскага там прадугледжаны месцы для трох спецыялістаў. У грузавым адсеку размесціцца непасрэдна абсталяванне — пробаадбіральнае, вымяральнае. Асноўны прыбор — спектрафатометр адной з апошніх мадэляў, разлічаны на аператыўныя аналізы. З яго дапамогай вымяраюць колькасць шкодных рэчываў у водных аб’ектах. Для апарата будуць ужо падрыхтаваны спецыяльныя тэст-камплекты рэактываў. Помпы для адбору проб падземных вод, якія дазваляюць пранікнуць у свідравіны, тэлескапічны проба­адборнік, з дапамогай якога можна дабрацца да вады з гразкага берага або зачэрпаць яе далей, батометр, гідралагічны прыбор для ўзяцця проб вады з розных глыбінь вадаёма — усе гэтыя прылады зоймуць свае месцы ў мабільнай лабараторыі. Для дастаўкі проб, якія патрабуюць больш дасканалага даследавання, у стацыянарную лабараторыю прадугледжаны спецыяльныя халадзільнікі, посуд, тара. Аўтаномную работу перасоўнага даследчага пункта ў любых умовах забяспечыць уласны генератар.

Пры надзвычайнай сітуацыі вынікі аналізаў патрабуюцца тэрмінова.
outcode.ru

thaitechno.net

— Для набыцця мабільнай лабараторыі са сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на фінансаванне вы­даткаў, звязаных са стыхій­нымі бедствамі, аварыямі і катас­трофамі, вы­дзелена 385 тысяч рублёў. Зараз мы рыхтуем працэдуру закупкі, збіраемся аб’яўляць тэндэр. Такіх лабараторый нідзе больш няма, абсталяванне будзе збірацца пад заказ. Мяркуем, што ў нас яна з’явіцца недзе праз чатыры месяцы, — спадзяецца Міхаіл Жураў.

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter