Как повысить заинтересованность белорусской молодежи в армейской службе

Служы, сынок, як трэба

Хто не ведае старой гісторыі: было ў бацькі тры сыны, двое з іх грамадзянскі і канстытуцыйны абавязак перад Радзімай выканалі, адслужыўшы тэрміновую службу ў войску, а трэці хлопец здароўем не выйшаў. Больш чым трыццаць гадоў таму менавіта такі сцэнарый адбыўся і ў нашай сям’і: мы з сярэднім братам Алегам свой час армейскай службе аддалі, а ў малодшага Аляксандра знайшлася пэўная медыцынская падстава ў войска не патрапіць... 


Адслужылі мы з братам сумленна: я ў Памежных войсках КДБ СССР пад Брэстам, ён — у ракетных часцях стратэгічнага прызначэння на тэрыторыі Расіі. Два гады не прайшлі дарэмна. Мы здолелі істотна памацнець і фізічна, і маральна, адчулі рамантыку армейскіх будняў, навучыліся карыстацца рознымі відамі зброі і тэхнікі, знаходзіць хуткія рашэнні ў вельмі складаных сітуацыях. Але самае галоўнае ў тым, што армейская школа дала для асобы кожнага з нас выдатныя ўрокі жыцця. Мы навучыліся адказнасці за даручаную справу, узаемападтрымцы, мужскому сяброўству, глыбока бачыць і разумець людзей, цвяроза ацэньваючы іх характары і ўчынкі. А пасля службы атрымалі магчымасць працягваць далейшую адукацыю, скарыстаўшыся пры паступленні ў інстытут і тэхнікум пэўнымі “ільготамі для вайскоўцаў”.

Сёння ў Беларусі — у пытаннях прызыву на вайсковую службу — сапраўды надышоў час “збіраць камяні”. Падумайце ўважліва, амаль пяць дзясяткаў розных катэгорый грамадзян маюць адтэрміноўкі ад тэрміновай службы ў арміі, да гэтага трэба дадаць шматлікія медыцынскія супрацьпаказанні, існуючыя для прызыўнікоў, плюс негатыўны ўплыў на сітуацыю “дэмаграфічнай ямы” 90-х гадоў мінулага стагоддзя. Ці не занадта ўсяго гэтага?

Без гучных слоў: а хто ў выніку стане абараняць наш дзяржаўны суверэнітэт, нашы сем’і і дамы, “калі заўтра, не дай Бог, вайна”. Так мы можам трапіць у зусім небяспечную пастку гісторыі. Не трэба забываць, што цяпер, з-за згаданых вышэй фактараў, узніклі даволі вострыя пытанні па якасным укамплектаванні асабістым складам беларускіх армейскіх падраздзяленняў. На гэтыя праблемы, безумоўна, уплывае і колькасць людзей прызыўнога ўзросту, і пагаршэнне стану іх здароўя, і наогул зніжэнне матывацыі моладзі да праходжання вайсковай службы. Факт: за апошнія дзесяць гадоў колькасць прызыўнікоў, што стаяць на ўліку, скарацілася амаль удвая, а летась паказчыкі па камплектаванні войскаў папаўненнем не былі выкананыя.

Недарэмна, на нядаўняй нарадзе па пытаннях прызыву на тэрміновую вайсковую службу моладзі, наш Прэзідэнт, якога цытуе БЕЛТА, падкрэсліў: “Калісьці практычна кожны беларус служыў у войску. Гэта было прэстыжна, таму юнакі імкнуліся папоўніць Узброеныя сілы. Аднак на працягу шэрагу апошніх гадоў для прызыўнікоў уводзіліся розныя адтэрміноўкі, і сёння ў нас іх болей, чым у іншых дзяржавах, асабліва ў суседніх”.

Паводле слоў міністра абароны Андрэя Раўкова, льготы для моладзі, прадстаўнікі якой прайшлі ў нашай краіне тэрміновую службу альбо службу ў рэзерве, плануецца ўвесці бліжэйшым часам. Ім прапануюць, магчыма, бясплатна, за кошт бюджэтных сродкаў, праходзіць падрыхтоўчыя курсы для паступлення ў вышэйшыя навучальныя ўстановы, ім будзе аддавацца прыярытэт пры паступленні ў ВНУ пры роўнасці балаў, пры атрыманні жылля ў інтэрнаце, пры размеркаванні, плюс іншыя прэферэнцыі. 

Нагадаю, захады, якія абмяркоўваліся на прэзідэнцкай нарадзе, будуць ажыццёўлены паступова, у два этапы. Найперш, будзе даведзена да ладу сістэма пачатковай ваеннай падрыхтоўкі школьнікаў і працы медыцынскіх камісій у ваенкаматах, напярэдадні службы ў арміі. Да восені гэтага года плануецца распрацаваць жорсткія меры ўздзеяння адносна так званых “ухілістаў”.

Да таго, улады мусяць перагледзець правілы прызыву на тэрміновую вайсковую службу, прааналізаваўшы шматлікія адтэрміноўкі, колькасць якіх, відаць, трэба скарэктаваць. Разам з тым, Мінабароны сфармулюе ведамасныя падыходы: як павысіць узровень зацікаўленасці беларускай моладзі службай ў арміі. 

Як стала вядома, Урад падрыхтаваў праект тэматычнага нарматыўнага акту, накіраванага на “стымуляванне працэсу камплектавання Узброеных Сіл ваеннаслужачымі тэрміновай службы”. Дакументам прадугледжана і ўзмацненне адказнасці грамадзян за ўхіленне ад вайсковай службы. 

Дарэчы, літаральна днямі ў памяшканні ваеннага камісарыята Савецкага раёна сталіцы, у прысутнасці работнікаў ваенкамата і прызыўнікоў, адбылося выязное пасяджэнне суда, адносна справы 21-гадовага мінчука, які наўмысна ўхіліўся ад прызыву ў армію. Судовы вердыкт па справе — штраф у памеры ста базавых велічынь. Прысуд пакуль не ўступіў у законную сілу і можа быць абскарджаны і апратэставаны ў апеляцыйным парадку. Але судзімасць у маладога чалавека, вядома, застанецца.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

sav@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter