У першыя выхадныя верасня ў Заслаўі святкавалі XXI Дзень беларускага пісьменства

Слова ніколе не знікне

У першыя выхадныя верасня ў Заслаўі святкавалі XXI Дзень беларускага пісьменства. У невялічкі горад амаль за 30 кіламетраў ад Мінску з’ехаліся некалькі тысяч гасцей з розных куткоў краiны.
У першыя выхадныя верасня ў Заслаўі святкавалі XXI Дзень беларускага пісьменства.
У невялічкі горад амаль за 30 кіламетраў ад Мінску з’ехаліся некалькі тысяч гасцей з розных куткоў краiны. Карэспандэнт «Знамёнкі» таксама правяла ўікэнд у Заслаўі і нават ўвайшла ў ролю першадрукара Скарыны. Чаму яшчэ там можна было навучыцца, з кім пазнаёміцца і на што паглядзець?

izyaslav.png

Помнiк Ізяславу-кніжніку адкрылі. Нарэшце!


Горад турыстаў


Да свята горад рыхтаваўся доўга і старанна – аднавілі фасады 40 дамоў, упарадкавалі 17 вуліц, рэканструявалі дзве кругавыя развязкі, устанавілі два святлафоры, адкрылі дзіцячы парк, выкапалі сажалку з фантанам. Нарэшце ўсталявалі помнік князю-заснавальніку Ізяславу.

На ўладкаванне спатрэбі­лася каля 150 мільёнаў рублёў. Горад змяніўся, і старшыня Заслаўскага гарадскога выканаўчага камітэта Святлана Карташова спадзяецца, што госці будуць прыязджаць да іх на працягу ўсяго Года гасціннасці.

У 2015-м Заслаўе адзначыць 1030-годдзе! У далёкім 985 годзе кіеўскі князь Уладзімір Святаслававіч пабудаваў для непакорнай жонкі Рагнеды і старэйшага сына Ізяслава недалёка ад Свіслачы крэпасць, вакол якой і вырас горад.

Гісторыі пра герояў далёкага X стагоддзя на свяце згадваліся неаднойчы. І жыхары горада, і яго госці з цікавасцю акунуліся ў мінулае і прайшліся па новаму турыстычнаму маршруту, які ўключае амаль усе славутасці горада.

zaslaye.png

І вершы чыталі, і аповесці расказвалі


У вобразе першадрукара


Акрамя помнікаў і памятных мясцін гасцей чакала яшчэ адна цікавая нагода мінулага – друкаваны станок XVI стагоддзя. Менавіта на такім была выдадзена «Біблія» Францыска Скарыны. Аднавіў гэты станок і знакамітую кнігу першадрукара калекцыянер і гісторык Уладзімір Ліхадзедаў:

– Факсімільнае выданне можа зрабіць кожны, яно не будзе ўнікальным. А выдаць копію кнігі па старажытным тэхналогіям – гэта ўжо нечага варта. Мы рабілі ўсё, як рабіў першадрукар нават захавалі аўтэнтычны папяровы пераплёт. Выдалі сем асобнікаў. Каб кнігі выглядалі жывей, мой сябар Барыс Цітовіч распісаў тры асобнікі паводле скарынаўскіх гравюр.

На свяце можна было не толькі ўбачыць цыкл стварэння аднаго лістка скарынаўскай Бібліі, але і паўдзельнічаць у працэсе, уяўляючы сябе ў вобразе першадрукара. На вачах нявопытных друкароў з цэлюлозы вырабляліся лісты паперы, якія пасля адпраўляліся на друкаваны станок. За два дні было зроблена больш за тысячу адбіткаў, а павільён наведалі каля 2000 чалавек.

zaslaye3.png

Дзень беларускага пісьменства ў Заслаўі


Кніжак хапіла ўсім


Пакуль адны вывучалі старажытныя тэхналогіі друкавання, другія гулялі па святочных вуліцах. Народныя ўмельцы, артысты ва ўборах эпохі Адраджэння, спевакі ў нацыянальных касцюмах забаўлялі гасцей як маглі. Фальклорныя калектывы развучвалі з ахвотнымі да танцаў падыспан, кракавяк і лявоніху. Дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах запрашалі мінакоў чытаць вершы па-беларуску. Вялікім попытам карысталася палатка з буккросінгам – за адзін дзень чытачы разабралі восем каробак кніг. Там, адкуль даносіліся духмяныя пахі, можна было знайсці не толькі традыцыйныя стравы – шашлык і каўбаскі, але і парася на ражне, фрэнч-догі, чэшскія трубачкі, збіцень, медавуху.

Галоўным жа на гэтым свяце, як і належыць, было Слова. За інтэлектуальную частку адказвалі перыядычныя выданні, якія знаёміліся з чытачамі і па-братэрску дзяліліся з імі шарыкамі, флажкамі і блакнотамі. Гасцям стэнду «Знамёнкі» таксама пашанцавала – яны маглі выйграць прызы у бяспройгрышнай латарэі.

den-pismen.png

Барыс Цітовіч распісаў тры асобнікі паводле скарынаўскіх гравюр


Юныя чытальнікі пра вайну, каханне і Скарыну


Тым часам у Палацы культуры «Світанак» ушаноўвалі фіналістаў III Рэспубліканскага конкурсу юных чытальнікаў «Жывая класіка». Больш за 20 хлопчыкаў і дзяўчат з розных рэгіёнаў Міншчыны прыехалі ў сталіцу Дня пісьменства, каб прадэманстраваць дыкцыю, веды класікі і, вядома ж, акцёрскае майстэрства.

Такога запалу эмоцый, які дастаўся гледачам, не атрымліваюць нават экзаменатары прыёмнай камісіі Акадэміі мастац­-тваў. Юныя чытальнікі адзін за адным зрывалі бурныя апладысменты. Расказвалі пра вайну, чыталі вершы пра каханне і сяброўства. Задаў тон мерапрыемству вучань Бярэзінскай гімназіі Кірыл Сакалоўскі, які прачытаў верш Алеся Дудара «Я – малады». Спадабаўся гледачам і Данііл Мамцаў з сярэдняй школы № 7 Барысава. Ён расказаў урывак з паэмы Яна Сіпакова «Кантрабанда». Уся зала смяялася падчас выступлення артыстычных гімназістаў са Старых Дарог, якія прачыталі верш Наталлі Ігнаценкі «Как два брата спортсменами стали».

den-pismen1.png

Народныя майстры навучылі гасцей ткаць рушнікі


У 2015-м паедзем у Шчучын


Неахвотна з’язджалі госці з Заслаўя – старажытны і гасцінны горад спадабаўся ўсім. Ды і свята атрымалася на зайздрасць. У наступным годзе Дзень беларускага пісьменства пройдзе ў Шчучыне Гродзенскай вобласці, адкуль родам першая беларуская паэтка Алаіза Пашкевіч, больш вядомая нам як Цётка.

Але да гэтага аматары слова сустрэнуцца яшчэ не адзін раз – запланавана шмат творчых сустрэч з пісьменнікамі і выдаўцамі. Ёсць усе падставы верыць, што Слова ніколі не знікне.

Вікторыя МІЦЬКО, фота Марыі БАЗУЛЬКІ, «ЗН»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter