На тэрыторыі Нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры” можна падарожнічаць, купацца, вудзіць рыбу… З кожным годам усё больш там аматараў адпачынку на прыродзе.

Слабодкаўскі курорт

Іван і Валянціна Ждановічы

На тэрыторыі Нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры” можна падарожнічаць, купацца, вудзіць рыбу… З кожным годам усё больш там аматараў адпачынку на прыродзе.

braslavi1.pngНекаму лета — не лета без цёплага мора. А камусьці Браслаўскія азёры — любімае месца адпачынку. І не толькі летняга: у любую пару там светла і хораша на душы. Помніцца, на пачатку 90-х “круцілі” па радыё “браслаўскую” песню на верш Леаніда Пранчака. Пра тое, як “у затоках дрэмлюць зоркі, бы лілеі на вадзе”, з прыпеўнай просьбай “даставай, даставай, даставай, Язэп, гармонік” ды светлай марай: “на Браслаўскіх на азёрах мы сустрэнемся яшчэ”.

Азёр жа тых і сажалак, як вядома, у Беларускім Паазер’і, на паўночным захадзе краіны, на памежжы з Латвіяй і Літвою, больш за 200. Толькі на тэрыторыі Нацыянальнага парка іх 38, найбольш буйныя — Дрывяты, Снуды, Струста, Войса, Недрава, Неспіш… Практычна ўсе злучаныя між сабою рэчкамі, ручаямі, канавамі ды пратокамі. “Вакол азёр размешчана зона адпачынку Браслаў, а па вадаёмах, што паяднаны рэчкаю Друйкаю, праходзяць турысцкія маршруты,” — чытаем у энцыклапедыі “Блакітная кніга Беларусі”, што выйшла 20 гадоў таму. У артыкуле пра Браслаўскую групу азёр згадваецца Міжазёрны ландшафтны заказнік, цяпер жа чысціню і спакой вялікіх ды вельмі прыгожых абшараў з дзясяткамі паселішчаў узяла пад ахову дзяржава. І на эмблеме Нацыянальнага парка “Браслаўскія азёры”, створанага ў 1995 годзе, ёсць фрагмент з гістарычнага герба Браслава — хрысціянскі сімвал “Вока Божага апекавання”. Так што цяпер гэты зямны рай абаронены ад розных пошасцяў знізу і зверху: дзяржаўнымі законамі ды Небам.

braslavi4.png

Прыгожы касцёл, пабудаваны ў 1903 годзе, — яркая адметнасць Слабодкі


З усіх азёраў краю нам найбольш знаёмыя Дрывяты, Струста, Поцех і Недрава, з паселішчаў — Браслаў і Слабодка. Якраз у тых мясцінах праходзіла ў 1996 годзе наша 120-дзённая пешая вандроўка ўздоўж дзяржаўнай мяжы “Хаджэнне ў трыдзясятае царства”. Закончылася ў сярэдзіне жніўня. А першы наш паходны начлег у халодную яшчэ красавіцкую ноч прыйшоўся якраз на Слабодку. Пачаўшы свой “кругаход” з недалёкай адтуль Друі, мы і ў заснежаных краявідах з белымі палотнамі азёраў у атачэнні чаратоў, пакрытымі лясамі ўзгоркамі пабачылі незвычайную прыгажосць. “Як у фільмах Бергмана,” — было адно з яе вызначэнняў. Рыхтуючы ж гэты тэкст, знайшлі ў нэце і такі лірычны загаловак: “Дзе жывуць анёлы, альбо Месца прыцягнення — Слабодка”. Аказваецца, калі ў 70-я гады мінскія мастакі распісвалі сцены велічнага касцёла, то “спісвалі” вобразы анёлаў з мясцовых дзетак…

Не менш, чым чароўныя пейзажы, прыцягнулі яшчэ тады нашыя сэрцы і цудоўныя людзі краю. Начавалі мы ў 96-м, з ласкі мясцовага настаўніка Аўгуста Вайцяховіча, у школьным інтэрнаце. На раніцу ён паказваў нам мясцовую славутасць — озавую граду з вялізнымі, можа больш за тры метры, ядлоўцавымі кустамі між азёрамі Поцех і Недрава, знаёміў з майстрамі саломапляцення, расказваў пра сваё і мясцовае жыццё-быццё, працу над унікальным Кодэксам педагагічнай этыкі… Потым мы згадвалі пра тыя незабыўныя сустрэчы у тэле- і радыёстудыях, у размовах з калегамі, знаёмымі.

І пад час нядаўняй сустрэчы з Аўгустам Паўлавічам ён з усмешкай казаў, што з нашай падачы стаў асобай папулярнай, пазнаёміўся з новымі цікавымі людзьмі. Яго невялічкія жыццёвыя навэлы друкавала газета “Рэспубліка” — ужо, кажа, больш за 20 назбіралася.  Пра яго пісаў вядомы нарысіст Леанід Екель… А сёлета мы “сасваталі да Вайцяховіча” заядлых рыбакоў Багдана і Жэню. Паколькі і сам спадар Аўгуст — рыбак знатны, то яны адразу знайшлі агульную мову. Местачковец паказаў мінчанам найпрыгажэйшыя мясціны, дазволіў карыстацца сваёй лодкаю і нават падзяліўся некаторымі сваімі сакрэтамі ўдалай рыбалкі. І калі ўвечары мы чулі па тэлефоне пра іх надзвычай удалыя дні, з ляшчамі, акунямі ды шчупакамі, то разумелі: ну, “клюнулі” нашы сябры. Цяпер іх ад прыазёрнай Слабодкі не адарвеш…

braslavi2.png

Ці-і-ха!.. У Слабодцы і ваколіцах мястэчка спакой і цішыня ў вялікай пашане: паўсюль рыбныя мясціны


Ну і як у ваду мы глядзелі! Паездзіўшы па Браслаўшчыне, агледзеўшы незвычайнай чысціні возера Паўночны Воласа, любуючыся незвычайнымі заходамі сонца з гары ў Маскавічах, вывудзіўшы пару ладных шчупакоў і ў памежнай Дзвіне пад Друяй, сябры пачалі цікавіцца ў мясцовых жыхароў: а хаты ў вас тут якія-небудзь прадаюцца? Супрацоўніца сельсавета Марыя Пятроўна прапанавала мінчанам некалькі варыянтаў, папярэдзіўшы, што цэны вельмі “разагрэлі” апошнім часам багатыя расіяне. Яны купляюць хутары, вясковыя хаты, дамы ў Слабодцы ды іншых месцах. І ўзводзяць — тое мы ўжо самі бачылі — такі-і-я палацы, аграсядзібы ды лецішчы! Дарэчы, яшчэ ў 96-м спадар Аўгуст нам гаварыў, што некаторыя піцерцы ў мястэчка ездзяць як на курорт: кожны год. Да таго ж у Слабодку, яе ваколіцы прыязджаюць на пленэры і цяпер мастакі з Мінска, і знакаміты Слабодкаўскі касцёл — яго называюць Сэрца Ісуса, хоць па першаназве гэта касцёл Божага Промыслу — ёсць на многіх карцінах.

braslavi3.pngІ вось, пагадзіўшыся з сябрамі пашукаць хату пад лецішча, мы праз 18 гадоў зноў вярнуліся ў Слабодку. Спыніліся на начлег у гасціннай гаспадыні, у месце з вялізнымі соснамі пры доме, з прыемнымі бонусамі: кошык белага наліву, дровы для мангалу. Праехалі з сябрамі па шэрагу вёсак Паазер’я, пакупаліся ў азёрах Паўночны Валоса і Поцех. Бачылі, як бурна адбудоўвае курортную інфраструктуру Браслаў, і дамы там на так званай першай берагавой лініі ад вялізнага возера Дрывяты —заглядзенне. Упарадкаваны, высыпаны чыстым пясочкам вялікі гарадскі пляж пры возеры, на ім сотні людзей, атракцыёны, розныя кіёскі. Быццам дзе на знакамітай чарнаморскай Учкуеўцы пад Севастопалем ці ў Юрмале. Між тым насельніцтва Браслава ўзрастае ў сезон разы ў тры — і нікому пакуль не цесна.

Дарэчы, і ў Слабодцы цяпер ёсць база адпачынку — на самым пачатку озавай грады: вузкага валу зямлі, што нагадвае чыгуначны насып. Аграсядзібаў у рэгіёне — на любы густ, можаце выбраць на спецыяльным сайце. А на сайце Нацыянальнага парка чытаем: “Адным з найцікавых месцаў рэгіёну лічыцца вёска Слабодка і яе наваколлі. Беласнежны касцёл, карункі азёр і озавая града, сведка апошняга аледзянення, прыцягваюць нямала турыстаў. Апошні аб’ект сапраўды ўнікальны: на невялікай тэрыторыі можна ўбачыць і ледніковы рэльеф, што выдатна захаваўся, і занесеныя ў Чырвоную кнігу віды раслін, і старажытныя гарадзішчы — умацаваныя паселішчы эпохі жалеза і сярэднявечча”. Цяпер, дарэчы, па градзе дзякуючы спецыялістам Нацыянальнага парка пракладзена экалагічная сцежка даўжынёй чатыры з паловай кіламетры — са спецыяльнымі месцамі для адпачынку, інфармацыйнымі стэндамі. Што вельмі радуе Аўгуста Вайцяховіча: памятаем, 18 гадоў таму граду ад “варвараў” ахоўвалі хіба што мясцовыя энтузіясты. Цяпер — іншая справа: Слабодка і яе ваколіцы становяцца сучасным і прэстыжным курортным мястэчкам. І, значыць, “на Браслаўскіх на азёрах мы сустрэнемся яшчэ”!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter