Слаба купляюць? Слаба рэкламуем!

Пра беларускую кнігу і правінцыю.

У “Беларускай ніве” вясной прачытаў я цікавую гутарку журналісткі Веры Гнілазуб з вядомым беларускім пісьменнікам Леанідам Левановічам. Даўно сачу за творчасцю гэтага таленавітага празаіка, а яго новы раман “Палыновы вецер” прачытаў на адным дыханні. Гэта шосты твор “Прыдняпроўскай хронікі” аўтара.

“Палыновы вецер” моцна ўразіў мяне, і захацелася падзяліцца сваімі думкамі з вашымі чытачамі пра гэты выдатны твор. Раман Левановіч узнаўляе падзеі лёсавызначальнага 1991 года: развал СССР, пяць гадоў пасля Чарнобылю. Гэтыя падзеі закранулі лёсы мільёнаў людзей, скаланулі ўвесь свет. Але аўтар паказаў, што нават у забруджанай радыяцыяй зоне жыццё ідзе, і ёсць месца каханню. Дарэчы, ведаю, што родную вёску аўтара знішчыў Чарнобыль. Мабыць, таму яму ўдалося гэтак праўдзіва апісаць жыццё ў радыяцыйнай зоне.

На мой погляд, Леанід Левановіч добра паказаў і наспяванне развалу СССР. Я сам добра памятаю той час.

Але, нягледзячы на катаклізмы ў прыродзе і грамадстве, якія адлюстраваны ў рамане “Палыновы вецер”, гэты твор прасякнуты аптымізмам, верай у непераможнасць жыцця.

Хачу вось што сказаць: у правінцыі, у райцэнтры цяжка набыць новую беларускую кнігу. Адказ у краме такі: мала заказваем, бо слаба купляюць. А па-мойму, слаба купляюць, бо слаба рэкламуем. Кніга — таксама тавар. Дэвіз: “Купляйце беларускае!” — цалкам тычыцца і беларускай кнігі. А “раскручанасць” ёй вой як патрэбна! Напрыклад, раман Леаніда Левановіча “Палыновы вецер” чытаецца як сапраўдны бестсэлер, ён можа задаволіць густ і патрабаванні любога чытача. Дык за чым жа справа?!

Аляксандр ЖУКОЎСКІ

г. Клецк

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter