У заходніх краінах ужо даўно ўсвядомілі, што ў кожным мегаполісе павінны існаваць зялёныя астраўкі

Скверы не сталічнага ўзроўню

У заходніх краінах ужо даўно ўсвядомілі, што ў кожным мегаполісе павінны існаваць зялёныя астраўкі — дагледжаныя паркі і скверы, якія могуць стаць аддушынай гараджанам, адарваным ад прыроды, — месцам, дзе ўтульна і камфортна гуляць з дзецьмі. На шчасце, Мінск у ліку самых зялёных гарадоў Еўропы. Толькі вось яго жыхары ў некаторых парках і скверах адпачываюць рэдка. Нядаўна асабіста пераканалася ў гэтым.



У мяне нарадзілася ўнучка, і я вырашыла пагуляць з ёй у парку Дружбы народаў, каб яна магла падыхаць свежым паветрам. Увайшла з каляскай у зялёную зону з боку вуліцы Кульман. Спачатку каляска шустра бегла па асфальтавай дарожцы, а потым з цяжкасцю пераадольвала старыя тратуарныя пліткі — яны ўздыбленыя, перакасабочаныя, у некаторых месцах праваліліся.

Хоць надвор’е стаяла добрае, у парку было нешматлюдна — некалькі пажылых жанчын і маладых маці з каляскамі. Ды яшчэ кампанія п’яніц, якія арганізавалі “банкет” пад велізарнымі дрэвамі. У цэлым сквер пакінуў у мяне непрыемнае ўражанне. Неахайны і недагледжаны, нават закінуты. Калі я пагаварыла з маладымі матулямі, то пачула ад іх масу нараканняў з гэтай самай нагоды.

На жаль, недагледжаных сквераў у Мінску хапае. Сярод іх і Севастопальскі, неахайная зялёная зона. Хіба каму-небудзь захочацца ў ім адпачываць?

Шмат арганізацый адказвае за азеляненне, прыгажосць паркаў і сквераў. Няўжо іх спецыялісты не заўважаюць, у якім стане названыя зялёныя зоны? А можа, гэтыя месцы хтосьці ўжо прыгледзеў пад будучыя забудовы, таму і не ўкладваюцца сродкі ў іх добраўпарадкаванне?

Вольга Васільеўна, Мінск
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter