Скрозь памяць стагоддзяў

У Гродне адкрылася выстава, прысвечаная гораду ў ХХ стагоддзі

Новая выстава, прысвечаная Гродна і яго жыхарам у ХХ стагоддзі, будзе цікава ўсім аматарам гісторыі Прынёмання.

Выдатную традыцыю правядзення ў Гродне ўнікальных імпрэз для сапраўдных знаўцаў даўніны працягваюць спецыялісты аддзела мастацтваў абласной бібліятэкі імя Я. Карскага. Гродзенцы і госці горада ўжо мелі магчымасць пазнаёміцца з рарытэтнымі выданнямі старажытных кніг, друкаванай прадукцыяй, фотаздымкамі, прадметамі матэрыяльнага побыту часоў вайны 1812 года, канца ХІХ стагоддзя. Таму экспазіцыя арыгінальных дакументаў, перыядычных выданняў, фотаздымкаў, паштовак, значкоў і іншых нямых сведкаў мінуўшчыны, аб’яднаных пад назвай «Гродна ў ХХ стагоддзі», стала лагічным працягам гэтай серыі выстаў.

Нямала матэрыялаў, сабраных з бібліятэчных фондаў і прыватных калекцый апантаных гродзенскіх збіральнікаў спадчыны, з’яўляюцца імяннымі — прысвечанымі пэўным асобам, вядомым дзеячам, якія пражывалі ў той час у Гродне: Максіму Багдановічу, Элізе Ажэшка, Яўфіму Карскаму, Людвігу Заменгофу, Зоф’і Налкоўскай і іншым.

Шматлікія дакументы распавядуць сучаснікам пра жыццё горада і гродзенскага гарнізона ў часы Першай сусветнай, савецка-польскай, Вялікай Айчыннай войнаў, пра ўмовы, у якіх знаходзіліся бежанцы і эмігранты ў дарэвалюцыйныя і міжваенныя часы.

Разам з тым кантрасна і жыццесцвярджальна выглядаюць матэрыялы, прысвечаныя пасляваеннаму Гродна: аднаўленню прад-прыемстваў, развіццю культуры і спорту. Тагачасныя гродзенцы былі актыўнымі наведвальнікамі музеяў, тэатраў, кіно, цырка, заапарка.

Шмат цікавых звестак на выставе можна знайсці пра развіццё вышэйшай адукацыі ў горадзе і гісторыю яго ВНУ, нямала экспанатаў прысвечана Нёману, гродзен-скім мастам і лесвіцам.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter