Складаныя рэчы

Калісьці я пісаў маленькія навэлы ў жанры, так бы мовіць, мірнай філасофскай фантастыкі
Вітаю, дружа!

Калісьці я пісаў маленькія навэлы ў жанры, так бы мовіць, мірнай філасофскай фантастыкі. Героі збіраліся ў ціхім далёкім месцы і разважалі пране зусім звычайныя рэчы – накшталт усемагутнасці або тэлепартацыі. Я назваў цыкл навэл «Лятучы калегіум». Частка з іх нават быэа надрукавана. Нядаўна ў мяне напісалася новая навэлка пра тое ж месца. Аддаю яе на твой суд. Калі табе спадабаецца, будуць і іншыя.

Калі не спадабаецца, яны таксама будуць, але трохі далей ад твайго поля зроку :-)


З павагаю, Віктар ЛУПАСІН


– Ператварыцца ў кенгуру? – перапытвае Рамуальд Вальдэмаравіч. – Нічога няма прасцей. Спосаб нумар адзін: паўгода піць кенгурынае малако і нічога не есці. Хто не верыць, хай паглядзіць на сапраўдных кенгуру, яны робяць менавіта так.

– Спосаб нумар два? – какетліва-запытальна пасміхаецца Даша Ч. Рамуальд Вальдэмаравіч нахіляецца да ейнага вушка і шэпча. Дашыны вочы акругляюцца, яна заціскае рот. Відаць, гэта дужа вясёлы спосаб.

Мы сядзім паўкругам. За нашымі спінамі закінуты сад. Наперадзе – абрыў, унізе Дняпро, далей нейкія вёскі, за вёскамі лес, за лесам неба. На небе першыя зоркі. Рамуальд Вальдэмаравіч сядзіць на самым краі спіной да абрыву.

– Яшчэ версіі? – пытае ён.

– Зарабіць мільярд даляраў, – прапануе Валянцін.

Валянціна я памятаю. Некалі ён добра гуляў у «Што? Дзе? Калі?», пасля з`ехаў некуды ў правінцыю ды заняўся бізнесам. Што гэты чалавек робіць на нашым калегіуме, невядома.

– Табе трэба менавіта мільярд? – цікавіцца Рамуальд Вальдэмаравіч. – Не дзевяцьсот мільёнаў, не мільярд дзвесце? Ты любіш круглыя лічбы?

– Прынамсі, не менш за мільярд, – кажа Валянцін. – Пажадана заўтра раніцай.

– Даша, схадзі прынясі яму яблык, – прамаўляе Рамуальд Вальдэмаравіч.

Сёлета ў нас аж пяць Дар`яў. Тая, што сядзіць побач са мной, падымаецца, адыходзіць літаральна на тры крокі і вяртаецца з пяццю цёмнымі бліскучымі яблыкамі. Валянцін бярэ адзін. Рамуальд Вальдэмаравіч таксама бярэ.

– Абрабуй які-небудзь вялікі банк, – прапануе ён раптам.

– У яго дыктафон, – смяецца нехта з правага крыла.

У мяне сапраўды дыктафон – я мушу напісаць серыю артыкулаў для газеты.

Калі смехавая хваля сціхае, Рамуальд Вальдэмаравіч прамаўляе:

– Ёсць такое слова – краўдфандынг. Пішаш Білу Гейтсу, Сяргею Брыну, Абрамовічу, яшчэ чатыромстам мільярдэрам. Ніякага нігерыйскага спаму, ніякіх разводак, строга па справе: так і так, мне трэба мільярд.

– Ну, гэта несур`ёзна, – усміхаецца Валянцін.

– Спрабаваў? – пытае Рамуальд Вальдэмаравіч.

– Глупства.

– Сядзі без мільярда.

Пасля гэтых слоў Рамуальд Вальдэмаравіч адкусвае ледзь не палову Дашынага яблыка і падносіць яго да вуха. Мы ўжо ведаем: ён любіць слухаць, як шыпіць сок.

Валянцін думае нешта запярэчыць, потым дэманстратыўна махае рукою і ўгрызаецца ў яблык.

– Навошта чалавеку можа спа-

трэбіцца міль-

ярд? – напаў-

голаса разважае Рамуальд Вальдэмаравіч. – Каб мець замак і сем «Ферары», дастаткова некалькіх мільёнаў. Каб распачаць глабальны праект – каланізацыю космасу ці ўратаванне прыроды – патрэбныя трыльёны.

– Каб быць упэўненым у заўтрашнім дні, – іранічна і выразна прамаўляе Валянцін.

– Каб быць упэўненым у заўтрашнім дні, трэба быць упэўненым у заўтрашнім дні, – прамаўляе ў адказ Рамуальд Вальдэмаравіч і шпурляе агрызак у бок зорак. – Моцнаму мільярд не патрэбны, а слабому не дапаможа.

Нейкі час мы маўчым.

– Ну што, цікавую я загадаў загадку? – пытае Рамуальд Вальдэмаравіч. Твара яго ўжо не відаць, але мы чуем па голасе, што ён хітра ўсміхаецца.

– Пастойце... – кажа раптам аспірант Федзя. – Звышсветлавы рух.

Рамуальд Вальдэмаравіч павольна і з насалодай круціць галавой.

– Адносна маёй галавы, – кажа ён, – зоркі на небе зараз рухаліся з хуткасцю адзін радыян у секунду. На такіх адлегласцях гэта ператвараецца ў тысячы і мільёны хуткасцей святла.

– А адносна маёй – не, – заяўляе Даша з кароткай грыўкай.

– Пакуль галавой не паматала, не рухаліся, – пагаджаецца Рамуальд Вальдэмаравіч. Усе зноў смяюцца.

– Вы хочаце сказаць, што няма такіх рэчаў?

Гэта пытае пятая Даша, смуглянка ў белых шорціках, якую я ўпадабаў яшчэ ў аўтобусе. Я адчуваю гонар, што закахаўся ў такую разумную дзяўчыну.

– Зусім не, – адказвае Рамуальд Вальдэмаравіч павольна. – Цяжкія і складаныя рэчы, безумоўна, існуюць (пра немажлівыя хлусіць не буду, не ведаю дакладна). Я хачу сказаць, што іх куды меней, чым людзі звычайна лічаць. Зноў-такі не ведаю, добра гэта ці кепска. Даш, закрый свае цёмныя ногі, бо я на цябе гляджу – і мае мерзнуць.

Яшчэ не холадна, але Даша паслухмяна хутаецца ў плед.

– Сафістыка, – заяўляе раптам мастак Зміцер.

Секунду ці дзве Рамуальд Вальдэмаравіч пільна глядзіць у бок ягонага берэта і быццам не ведае, што адказаць. Потым уздымае правую руку, паварочваецца і... куляецца з абрыву!

Мы падбягаем да краю і глядзім уніз. Унізе вершаліны дрэў і вада, у якой адлюстроўваецца нізкая чырвоная поўня. Рамуальда Вальдэмаравіча не відаць і не чуваць.

– Там! – выгуквае нехта і паказвае перад сабой.

Рамуальд Вальдэмаравіч, шырока раскінуўшы рукі, кружляе ў паветры, то набіраючы, а то зніжаючы вышыню. Мы дастаём тэлефоны і пачынаем здымаць. Рамуальд Вальдэмаравіч добра разганяецца і вырабляе мёртвую пятлю. Пасля гэтага пераварочваецца і нейкі час ляціць на спіне, эканомячы сілы.

Хвіліны праз тры ён прызямляецца на край. Мы расступаемся.

– Цяпер вы ведаеце, – кажа ён крыху задышліва, – чаму наш калегіум называецца лятучым. Фух!

Я думаю, ці варта пра гэта пісаць у газеце. Малаверагодна, што мне нехта паверыць.

– А вы ўдзень не лятаеце? – цікавіцца Даша з грыўкай.

– Лятаю, калі не здымаюць, – адказвае Рамуальд Вальдэмаравіч.

Даша, якая мне спадабалася, пытае:

– Гэта была складаная рэч ці лёгкая?

– Для каго як, – адказвае Рамуальд Вальдэмаравіч. – Хадзем вячэраць.

Ужо зусім цёмна. Вокны корпуса ледзь відаць. Валянцін і Рамуальд Вальдэмаравіч ідуць з ліхтарыкамі. Гучна пяюць цыкады.

«Цікава, што яна скажа, калі я навучуся лётаць?» – думаю я.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter