Ксёндз Кірыл Бардонаў: Складанае хрысціянства

Складанае хрысціянства

Гледзячы тэлевізар, чытаючы газеты, заходзячы ў інтэрнэт, мы радзей ці часцей сустракаемся з матэрыяламі, якія датычаць хрысціянства. Часта іх галоўная думка прыкладна такая: «сёння католікі/праваслаўныя адзначаюць чарговае свята». Ненаўмысна ўзнікае ўражанне, што быць хрысціянінам — гэта ведаць, калі і як штосьці святкуецца ды калі перыяд таго ці іншага посту. Гэта небяспечнае спрашчэнне, з якім змагаўся Хрыстос, прапаведуючы тым, хто добра ведаў розныя іудзейскія пабожныя прадпісанні, але сэрцам быў далёкім ад Бога і людзей.

Хрысціянства — гэта вучэнне Хрыста пра тое, як будаваць адносіны з Богам, з самім сабой і з іншым чалавекам. Нам вельмі хочацца, каб у нашым жыцці было ўсё пад кантролем, не здаралася нічога непрыемнага, хочацца быць упэўненымі ў будучыні. Гэтыя свае памкненні мы пераносім у сваю рэлігійнасць, якая замест таго, каб дапамагчы стаць лепшымі ў імя Бога, становіцца толькі нейкай карыкатурай высакароднага і прыгожага. Гэта вельмі добра бачна па тым, як праходзяць нашы пахаванні, калі ўзнікаюць пытанні: «ці развязваць рукі нябожчыку, ці захінаць люстэркі, колькі свечак запаліць на магіле і г.д.». Штосьці з пералічанага можна спісаць на складаны псіхалагічны стан, які мае месца ў дадзенай сітуацыі. Аднак у большасці сваёй гэта спробы пракантраляваць усё і выказванне пераканання, што Богу можна ўказаць на тое, што Ён мае зрабіць для чалавека. Атрымліваецца дзіўная сітуацыя, калі чалавек перакананы, што няважна, як ён правядзе сваё жыццё, дастаткова ведаць нейкі «містычны» збор прадпісанняў, які дазволіць яму быць шчаслівым у вечнасці.

Адной з важных частак хрысціянскага вучэння з'яўляецца перакананне, што Бог паважае свабодную волю чалавека. На практыцы гэта азначае, што калі чалавек не хоча быць з Богам, калі ён хоча чыніць зло, то Бог не прымушае яго да іншага, але тады трэба падрыхтавацца да наступстваў, якія чакаюць яго ў выніку такога выбару. Як можна хрысціяніну супакоіць сябе тым, што Бог ёсць у сэрцы чалавека, і жыць так, як быццам Бога няма?

«А што, калі Бог ёсць?» — такі кароткі сказ, змешчаны на банэры, занепакоіў сэрцы многіх людзей у адным польскім горадзе. Хрысціянства прапануе гэта пытанне працягнуць наступнымі: «Я малюся, каб задобрыць Бога ці таму, што хачу з Ім паразмаўляць? Я захоўваю пост, каб Бог мяне не пакараў ці каб навучыцца сябе абмяжоўваць, калі будзе такая патрэба? Хрысціяніну дазволена ўсё, але ці ўсё карысна для яго цела і душы?..».

Кажуць, што самым галоўным духоўным калецтвам з'яўляецца немагчымасць палюбіць іншага. Хтосьці, як падлетак, думае, што любоў такая, як у многіх папулярных фільмах, — толькі эмоцыі і фізіялагічнае задавальненне. Так прасцей думаць, бо такая любоў не ставіць перад чалавекам складаных пытанняў: «Прайшлі эмоцыі і фізіялагічныя патрэбы — прайшла і «любоў». Аднак хрысціянства — гэта прыгожая гісторыя, якая пачынаецца з таго, што чалавек свабодны і можа рабіць выбар, можа вучыцца любіць, калі гэта складана, любіць бескарысліва… А потым будзе час вучыцца «правільна» святкаваць і захоўваць пост.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter