Сказ пра Аляксея Скакуна, знакамiтага мужыка

Уладзi­мiр Лiпскi напiсаў аповесць пра аграрыя Аляксея Скакуна

Як вядомы беларускi аграрый героем аповесцi стаў

Колькi сярод беларусаў людзей таленавiтых, прызнаных, па-сапраўднаму слынных, якiя з’яўляюцца гонарам, славай i сумленнем нашай нацыi. Для iх Беларусь i вера, i надзея, i любоў, у iмя яе працуюць самааддана, натхнёна, з адной думкай: хай яна багацее i квiтнее, тады мы ўсе будзем i шчаслiвыя, i моцныя.

Пра гэта iшла гутарка ў Доме лiтаратара на прэзентацыi дакументальнай аповесцi пiсьменнiка, лаўрэата Дзяржаўнай прэмii Беларусi Уладзi­мiра Лiпска­га «Мужык», якая пачала друкавацца ў часопi­се «Полымя». Твор пра вядомага беларускага аграрыя, старшыню СВК «Астрамечава» Брэсцкага раёна Аляксея Скакуна. Аповесць адметная тым, што яна працягвае серыю твораў Уладзiмiра Лiпскага пра знакамiтых беларусаў.

— Гэта твор пра нашых сучаснiкаў, i ў тым яго асаблiвая вартасць, — падкрэслiвае Мiкалай Чаргiнец, старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi. — Аляксей Скакун — адзiн з тых шматлiкiх беларусаў, з каго можа — i павiнна! — браць добры прыклад наша моладзь, якая ўступае ў самастойнае жыццё. Нам трэба больш такiх твораў, i тут у беларускiх пiсьменнiкаў такая шырокая, такая захапляльная прастора для творчага пошуку, для новых здабыткаў, якiя ўвасобяцца ў цiкавыя кнiгi, пазначаныя талентам творцы. Чытач iх чакае, бо гэта наша гiсто­рыя, перажытае i незабытае, наш сённяшнi дзень i наша будучыня. Тым самым нашы пiсьменнiкi выкажуць сваю грамадзянскую, сваю патрыятычную пазiцыю на падзеi i час, на месца i роль чалавека ў лёсе Радзiмы.

Пытаюся ў Лiпскага, якую галоўную мэту ста­вiць ён перад сабой, ствараючы «галерэю» такiх людзей.

— Я ўжо 32 гады запар з’яўляюся галоўным рэдактарам часопiса «Вясёлка» i 23 — старшыня праўлення Беларускага дзiцячага фонду. Так што дзецi Беларусi мне як родныя дзецi. Жаданне па­знаёмiць iх са славутымi землякамi ўзнiкла даўно. Такi высокi прыклад проста неабходны для нашых хлопчыкаў i дзяўчынак, калi мы хочам, каб з iх выраслi сапраўдныя грамадзяне. З вялiкiм задавальненнем адчуваю i бачу, што дзецi не абыякавыя да такiх герояў, яны вучацца ў iх сумленнаму жыццю.

Напiсаў i выдадзены кнiгi пра адважную франтавiчку Героя Савецкага Саюза Зiнаiду Тусналобаву. Пра легендарнага балтыйскага матроса Васiля Куп­рэвiча, якi з простага настаў­нiка вырас да прэзi­дэнта Акадэмii навук БССР. Пра таленавiтага кампазiтара Iгара Лучанка, чыя музыка разышлася далёка за межы нашай рэспублiкi. Пра народную артыстку БССР Марыю Захарэвiч, пра мужнага чалавека надзвычай складанага лёсу Анатоля Не­тылькiна. Пра вучонага акадэмiка Вiктара Парфёнава. Выйшла ў свет асаблiва дарагая для мяне кнiга «Янкаў вянок» пра нашага генiя Янку Купалу. Зазначу: такая кнiга першая ў Беларусi для дзяцей пра нашага славутага i вечнага песняра.

— А чым вас прывабiў Аляксей Скакун?

— Сваёй поўнай адданасцю i бязмежнай вернасцю роднай зямлi. Сваiм няўрымслiвым характарам хлебароба, выключным талентам гаспадарнiка. Я нездарма гэты твор назваў «Мужык», тут вялiкi сiмвал. Успомнiм верш з такой назвай Янкi Купалы: «Я мужык-беларус,// Пан сахi i касы,// Цёмен сам, белы вус,// Пядзi дзве валасы». Так, у тыя далёкiя часы саха ды каса былi галоўнымi прыладамi ў беларускага селянiна. Цяпер у тым жа «Астрамечаве» самая разнастайная i сучасная сельгастэхнiка, найноўшыя тэхналогii, а сама гаспадарка — бы своеасаблiвы фiлiял сельскагаспадарчай акадэмii, тут занята шмат таленавi­тых вучоных. Гаспадарка дае i малако, i мяса, i зерне, i агароднiну, i садавiну, i футра… Сама гандлюе, сама будуе ўсё, што ёй трэба. Вось якi аграгарадок з’явiўся ў тым куточку зямлi, калi пачалося адраджэнне беларускай вёскi. Канешне, пасля Ку­па­лавага мужыка мiнула цэлая эпоха. Ну а што датычыць Аляксея Сцяпа­навiча як кiраўнiка, дык ён асвоiў i ўкаранiў самыя перадавыя метады. Нездарма ж абраны членам-карэспандэнтам НАН Бе­ла­русi, мае вучоную ступень доктара эканамiчных навук, нездарма ж ён сенатар... Словам, мужык ён знакамiты i гонар земляроба трымае гожа, як i трэба. Ну скажыце, цi ж можа пiсьменнiк быць абыякавым да такога чалавека? Нi ў якiм разе, я гэта адчуў на сабе, калi меў шчасце два гады быць блiзка з Аляксеем Сцяпа­навiчам, яго паплечнiкамi, працуючы над аповесцю.

На прэзентацыi выступiў i сам Аляксей Скакун. i яго сябры. i фальклорны калектыў «Лявоны» з «Астрамечава», якi цудоўна спяваў беларускiя народныя песнi. I было сказана шмат цёплых, пранiкнё­ных слоў пра самога героя аповесцi, члена Саюза пiсьменнiкаў Бела­русi. Паэтэса Раiса Баравiкова ўсхвалявана прачытала свае вершы, прысвечаныя яму. Iгар Лучанок прысвяцiў знакамi­­таму старшынi сваю новую песню. Урыўкi з апо­весцi прачыталi Марыя Захарэвiч, заслужаны артыст Беларусi Уладзiмiр Рагаўцоў i аўтар. На вечары прысут­нiчала першы намеснiк мiнiстра iнфармацыi Бе­ларусi Лiлiя Ананiч. Вось так разам сугучна i шчыра сышлiся ўзнёслыя словы творцаў, трапяткая хвалюючая музыка i песнi, гарачае пачуццё i любоў да тых людзей, што ствараюць самы вялiкi на свеце цуд, iмя якому — Хлеб!

На здымку: старшыня СВК «Астрамечава» Аляксей Скакун, старшыня Саюза пiсьменнiкаў Беларусi Мiкалай Чаргiнец i пiсь­меннiк Уладзiмiр Лiпскi.

Фота: Валерый ХАРЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter