От библиотеки Радзивиллов к коллекции Полоцкого коллегиума: мы полистали страницы старейших печатных книг в мире

Скарбы ў вокладцы гісторыі

15 верасня работнікі біб­ліятэк нашай краіны адзначаюць прафесійнае свята. Бясспрэчна, што Нацыянальная бібліятэка — захавальніца магутнага інфармацыйнага рэсурсу. Вось ужо амаль 100 гадоў яна збірае дакументальную спадчыну нашага народа. Напярэдадні свята мы наведалі самы вялікі ў краіне храм кнігі і даведаліся, з чаго ўсё пачыналася стагоддзі таму.

У Нацыянальнай бібліятэцы беражліва захоўваюцца каштоўныя выданні — каля 100 тысяч рэдкіх і старадрукаваных кніг і рукапісаў.

Сёння ў нас больш за 7 тысяч бібліятэк, агульны фонд перавышае 180 мільёнаў экзэмпляраў. Кожны другі жыхар краіны карыстаецца паслугамі бібліятэчнага сектара. Але ў сярэдзіне мінулага тысячагоддзя ўсё было нашмат складаней — кнігі былі даступныя не многім. Адпраўляемся ў Нацыянальную бібліятэку, дзе беражліва захоўваюцца каштоўныя выданні: каля 100 тысяч рэдкіх і старадрукаваных кніг і рукапісаў, самыя раннія датуюцца XIV—XV стагоддзямі. Сярод іх збор выданняў першадрукара Францыска Скарыны — 10 кніг Бібліі, якія паклалі пачатак беларускаму кнігадрукаванню.
Алесь Суша: «Факсімільнае выданне — унікальная кніга. Гэта адзіная поўная версія Берасцейскай Бібліі ў нашай краіне».

Задоўга да ўзнікнення публічных бібліятэк кнігі захоўваліся ў калекцыях знакамітых магнатаў і шляхціцаў, інтэлігенцыі і культурных дзеячаў. Таксама ў своеасаблівых бібліятэках навучальных і духоўных устаноў. Менавіта з такіх прыватных калекцый і пачыналася бібліятэчная справа. Намеснік дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алесь Суша дэманструе нам некаторыя асобныя кніжныя помнікі, якія добра захаваліся:

— Адна з самых старых друкаваных кніг у свеце датуецца XV стагоддзем. Глядзіце, тут радзівілаўскі экслібрыс — папяровая наклейка, якая сведчыць аб уладальніку кнігі. Выданне свецкага характару — гэта даведнік пра расліны, якія выкарыстоўвалі для лячэння. 

Алесь Суша надзявае пальчаткі і акуратна бярэ гэты скарб. Вокладка кнігі зроблена з дрэва, абцягнута цялячай скурай с цісненнем. Павольна перагортвае старонкі, а я іх уважліва разглядаю — вельмі прыгожа размаляваны. Заўважаю на кожнай старонцы побач з друкаваным тэкстам розныя почыркі. Бачна, што людзі чыталі, каменціравалі, да лацінскіх слоў прыпісвалі пераклад. Перада мною толькі крупінка велізарнай нясвіжскай калекцыі Радзівілаў, якая налічвала дзясяткі тысяч кніг. Алесь Суша з гонарам дадае:

— Адна з багацейшых бібліятэк свету таго часу існавала з XVI стагоддзя да Другой сусветнай вайны. Бібліятэка і архівы Радзівілаў уключаны ў рэестр дакументальных помнікаў ЮНЕСКА «Памяць свету», таму з’яўляюцца не толькі беларускім скарбам, але і сусветным. 

Многія кнігі з’яўляюцца не толькі беларускім скарбам, але і сусветным.

Яшчэ адна каштоўная кніга дасталася нам дзякуючы багатай калекцыі Яўхіма Літавора Храптовіча. На жаль, амаль усю бібліятэку ў пачатку XX стагоддзя з маёнтка ў Шчорсах вывезлі ў Кіеў. У нас засталося толькі некалькі кніг.

Кніга важыць аж 15 кілаграмаў!

— Адна з іх — «Гіста­рычныя, палітычныя і ваенныя ўспаміны пра Расію» — на французскай мове, 1772 год, — Алесь Суша плаўна пераходзіць яшчэ да адной важнай старонкі ў гісторыі бібліятэчнай справы — часу, калі сталі адкрывацца бібліятэкі для публікі.

На кожнай старонцы побач з друкаваным тэкстам — розныя почыркі. Бачна, што людзі чыталі, каменціравалі, да лацінскіх слоў прыпісвалі пераклад.

Дарэчы, раней народ амаль не мог чытаць кнігі з прыватных калекцый. Сітуацыю змянілі манастыры і навучальныя ўстановы, якія доўгі час умоўна выконвалі ролю публічных бібліятэк. Напрыклад, бібліятэка Полацкага калегіума, дзе маглі вучыц­ца не толькі каталікі, але і правас­лаўныя, уніяты, пратэстанты. Многія вялікія людзі там чы­та­лі — будучыя вучоныя, святары, творчыя асобы. Кандыдат куль­туралогіі Алесь Суша дадае:

— У фондах Нацыянальнай бібліятэкі ёсць сотні кніг адтуль. Глядзіце, гэта нешта накшталт падручніка па геаметрыі, фізіцы, архітэктуры — навуковая літаратура 1750 года. Выдадзена шыкоўна: тут і гравюры, і ўкладныя схемы.

Тут бачны радзівілаўскі экслібрыс — гэта папяровая наклейка, якая сведчыць пра ўладальніка кнігі.

Далей глядзім на выданне «літаратуры, непажаданай для чытання», бо ў кнізе XVII стагоддзя прысутнічаюць ерэтычныя погляды. Пасля забароненай у тыя часы літаратуры пераходзім да папулярнай — разглядаем «Словы і гаворкі» Феафана Пракаповіча, вядомага рэлігійнага дзеяча. Выданне 1760 года з бібліятэкі Гро­дзенскай мужчынскай гімназіі.

Нацыянальная бібліятэка вось ужо амаль 100 гадоў збірае дакументальную спадчыну беларускага народа.

У завяршэнне размовы Алесь Суша паказвае вельмі габарытнае выданне. Спрабую падняць кнігу — вельмі цяжкая, важыць аж 15 кілаграмаў! Берасцейская Біблія — самая вялікая, дарагая, прыгожая і загадкавая кніга ў гісторыі кніжнай культуры нашай краіны. Выпушчана ў 1563 годзе першай друкарняй на тэрыторыі сучаснай Беларусі. Усяго 1,5 тысячы старонак. 

У бібліятэку штодня прыязджаюць турысты з усяго свету.

— У краіне ёсць некалькі ары­гіналаў, але ўсе яны няпоўныя. Каб паказаць шырокай грамадскасці гэты каштоўны помнік, мы доўга працавалі над фундаментальным факсімільным выданнем. Гэтая ўнікальная кніга — адзіная поўная версія Берасцейскай Бібліі ў нашай краіне. На жаль, у свеце іх зусім мала.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter