ТОП-темы

Скарбы беларускага слова — у смартфоне

13:40, 11 апреля 2026
Бесплатно слушать аудиокниги белорусских авторов можно на своем гаджете в мобильном приложении «Чытанка»
Не ведаю, як вы, а я вельмi люблю аўдыёкнiгi. Не таму, што лянуюся гартаць папяровыя старонкi. Проста гэта вельмi зручна. Па дарозе на працу — слухаю, пакуль гатую вячэру — слухаю, нават у спартзале памiж падыходамi паспяваю «прачытаць» пару старонак. Уключыў на тэлефоне, планшэце цi камп'ютары — i пайшло. Зараз у мяне новы фаварыт — беларускi мабiльны дадатак «Чытанка». Яго можна бясплатна спампаваць у плэймаркеце на свой гаджэт i наталяцца лепшымi творамi беларускiх класiкаў i сучасных аўтараў.

Калаж Міланы Сачына

Праект створаны па iнiцыятыве i пад эгiдай Мiнiстэрства iнфармацыi. Для напаўнення дадатку наладжана супрацоўнiцтва з Белтэлерадыёкампанiяй i Беларускiм дзяржаўным архiвам кiнафотафонадакументаў. У «Чытанцы» сабрана больш за 250 аўдыётвораў. Захапляе i ўражвае раздзел «Свае творы чытаюць аўтары», створаны ў сакавiку 2026 года. Дзякуючы Беларускаму дзяржаўнаму архiву кiнафотафонадакументаў у дадатку змешчаны ўнiкальныя запiсы твораў у выкананнi самiх Янкi Купалы, Якуба Коласа, Уладзiмiра Караткевiча, Максiма Танка, Аркадзя Куляшова, Пiмена Панчанкi. Толькi ўявiце: гучаць вершы, запiсаныя 100 гадоў таму. Сапраўдны партал праз час!

Прадугледжаны раздзел i для самых маленькiх: творы дзiцячых пiсьменнiкаў на беларускай i рускай мовах. Для зручнасцi распрацоўшчыкi дадалі шэраг карысных функцый. Адзначайце i захоўвайце любiмыя кнiгi для хуткага доступу — створаны спецыяльны раздзел «Выбранае». Можна дзялiцца выданнямi з сябрамi i блiзкiмi ў сацсетках i месенджарах. А самае прыемнае: калi выйшлi з дадатку, а потым вярнулiся — праслухоўванне працягнецца дакладна з таго месца, дзе вы спынiлiся. Гэтыя дробязi ператвараюць «Чытанку» з простага архiва ў паўнавартасны сучасны сэрвiс. Старшыня Саюза пiсьменнiкаў Алесь Карлюкевiч назваў платформу жывой размовай са светам пiсьменнiкаў, сустрэчай з беларускай лiтаратурай. I гэта дакладна.

Таму я смела рэкамендую «Чытанку» сваiм сябрам i блiзкiм. I вам раю. Спампуйце, не пашкадуеце. У свеце, дзе глабальныя карпарацыi заваёўваюць наш час, мы стварылi востраў з гучаннем роднага слова. Не «англiйскае з амерыканскiм акцэнтам», а менавiта наша — самабытнае, багатае, сапраўднае. Наш голас, наша памяць i будучыня ў зручным фармаце, якi заўсёды ў кiшэнi. Акрамя таго, аўдыёкнiгi — гэта не проста зручна. Гэта глабальны трэнд i пытанне нацыянальнай бяспекi, калi гаворым пра невялiкую краiну з багатай культурай.

Лiчбы кажуць самi за сябе. У 2025 годзе сусветны рынак аўдыёкнiг ацэньваўся амаль у 112 мiльярдаў долараў. I гэта толькi пачатак. Аналiтыкi прагназуюць, што да 2034 года ён вырасце да ашаламляльнай сумы ў 931 мiльярд долараў з тэмпам росту больш за 26 працэнтаў штогод. Гэта адзiн з самых хуткарослых сегментаў медыяструктуры. А ўсё таму, што змянiўся лад жыцця. Сучасны чалавек — вечны мультытаскер. Слухаем кнiгi, калi робiм зарадку, кiруем машынай, мыем посуд цi iдзём па вулiцы. Аўдыёфармат iдэальна ўпiсваецца ў рэальнасць, дзе няма часу сесцi i чытаць. Да таго ж смартфоны ёсць ва ўсiх, а якасць мабiльнай сувязi i даступнасць iнтэрнэту робяць аўдыёвыданнi даступнымi ў любой частцы свету.

Цяпер давайце паглядзiм на сiтуацыю вачыма беларуса. Сусветны рынак аўдыёкнiг — акiян. I ў гэтым акiяне дамiнуюць англiйская, кiтайская, iспанская мовы. Велiзарныя карпарацыi, такiя як Amazon, Apple цi Google, iнвестуюць у кантэнт, якi прынясе грошы — у папулярныя мовы i папулярных аўтараў. Што адбываецца з «маленькiмi» мовамi? Яны трапляюць у лiчбавую блакаду. Калi мы не створым свой кантэнт самi, яго не створыць нiхто. Вось чаму iснаванне ўласных аўдыёфарматаў для невялiкай краiны — стратэгiчны крок. Па-першае, гэта захаванне мовы. Мова памiрае не тады, калi на ёй не размаўляюць, а калi на ёй няма актуальнага, якаснага, запатрабаванага кантэнту.

Аўдыёкнiгi — гэта спосаб «упакаваць» нашу лiтаратуру ў сучасны фармат. Калi дзецi слухаюць Коласа ў навушнiках па дарозе ў школу — мова жыве. Па-другое, гэта даступнасць. Для тысяч людзей з праблемамi зроку аўдыёвыданнi становяцца адзiным спосабам далучыцца да лiтаратуры. Па-трэцяе, гэта культурны суверэнiтэт. У свеце, дзе алгарытмы рэкамендуюць нам адно i тое ж, наяўнасць уласнай пляцоўкi з уласным кантэнтам мацуе культурную незалежнасць. Мы самi вызначаем, што слухаць, а не карпарацыя з iншага канца зямнога шара.

basikirskaya@sb.by


Андрей МУКОВОЗЧИК
Андрей МУКОВОЗЧИК
Не доводить до греха