Народны фальклорны гурт «Іставіца» на Міёршчыне 40 гадоў спявае двухгалоссем, канонам і нахлёстам

Скарбонка, гастролі і група падтрымкі

Бадай, кожная сяброўка «Іставіцы» расла ў атачэнні вясковага фальклору, які цяпер самі актыўна прапагандуюць. Кіруе нястрымнымі спявачкамі такая ж аптымістка і жартаўніца, як і яны, Раіса НАЛІВАЙКА. Яна загадчыца сельскага клуба ў ціхай і невялікай, але адметнай на прыгожыя пейзажы вёсачцы Іст Міёрскага раёна.



–Са сваімі жанчынкамі я дзесяць гадоў, а мо і болей, — збілася з ліку Раіса Іванаўна. — Рэпеціруем часта ў гарачую пару, а для нас гэта агляды мастацкай самадзейнасці, збіраемся кожны дзень. Пачынаецца пост — крыху збаўляем тэмп, бабкі ў мяне набожныя. Запрасілі нас якраз у гэты перыяд на абласны фестываль «Не старэюць душой ветэраны», дык жанчынкі заўпарціліся, ледзь пагадзіліся. А так яны надта лёгкія на пад’ём, нягледзячы на паважаны ўзрост.

Маладзейшай удзельніцы «Іставіцы» 50 гадоў, гэта і ёсць кіраўніца гурта. Іншыя жыццёвы медыум абмінулі. Так, Антаніне Тарарака пад 80. Таксама ля вытокаў «Іставіцы» Вера Глебка, Лія Лапіцкая, Ядвіга Фурс, Зінаіда Люцкая, Вера Гры­дзюшка (нядаўна пайшла ў іншы свет, хай зямля ёй будзе пухам). Пераймалі вопыт ад самых сталых і першых спявачак гурта Таццяна Козел і Людміла Дзімітровіч, яны нібы злучальныя звёны адзінага ланцужка, завадатаркі ў сучасным калектыве. Няма ў іх слоў «не магу» альбо «не хачу»: сказана — значыць, трэба. Турботы ўсе пакідаюць дома і спяшаюцца на сцэну паказваць сябе і несці ў свет аўтэнтычную культуру. Пераважна ўсе песні выво­дзяць акапэльна, а калі трэба падыграць на баяне, спрыяе Раіса Сачыўка, пыл на яе інструменце завесціся не паспявае. У творчым баявым страі Людміла Альхімовіч, Людміла Лапіцкая, Алена Парадня і іншыя. Ніхто з кабет у сферы культуры не працуе. Занятыя альбо ў гаспадарцы, дзіцячым садку ці на заслужаным адпачынку. Нездарма калектыў называецца аматарскім, аднак годна нясуць святло лю­дзям, амаль што дзесяць гадоў таму атрымалі званне народнага і рэгулярна пацвярджаюць.

— Нават касцюмы сабе пашылі, калі ранейшыя камізэлькі сталі цесныя, — перабірае гардэроб каляжанак Раіса Налівайка. — Абнаўляем і рэпертуар. Адкуль чэрпаем? Па-першае, нашы ўдзельніцы — самі скарбніцы фальклору, а па-другое, занатоўваем ад іншых тутэйшых людзей. Такім чынам, спяваем купальскія, хрэсьбінныя, вясельныя песні. Сваю творчасць захоўваем на дысках, каб і сабе памяць пакінуць, і нашчадкам перадаць.

ЖАНЧЫНЫ — дружныя, вясёлыя, жартаўлівыя, гарой адна за адну, а ўжо калі на гастролі выбіраюцца — трасецца ўся «газель». Дарога праходзіць занадта хутка, бо ад пункта А да пункта Б гучаць песні і прыпеўкі. Пааб’язджалі сялянкі многія гарады, уздоўж і ўпоперак — Віцебшчыну, іх любяць і чакаюць у Міёрах, у тым ліку на экафестывалі «Жураўлі і журавіны». У госці наведваюцца журналісты, вось і нядаўнія візіты — з тэлеперадачы «Наперад у мінулае». У скарбонцы не злічыць узнагарод. Напрыклад, стала традыцыяй, што «Іставіца» — лідар у сваёй намінацыі ў раённым аглядзе мастацкай самадзейнасці.

«Пакуль Іст пяе, датуль жыве» — прарочы сэнс набывае фраза Раісы Налівайкі. У вёсцы прыкладна сто чалавек, тут няма асаблівай інфраструктуры, усё ў суседнім аграгарадку Язна — цэнтры калгаса. Аднак мястэчка на слыху ў многім дзякуючы адмысловаму гурту аўтэнтычнага спеву. Ствараўся гэты калектыў як абрадавы. Удзельніцы ра­зам са сваімі мужамі выступалі не толькі з песнямі, але і тэатралізацыямі. Пазней перапрафіляваўся. А ў абрадавым кірунку спрытна развіваецца «Язынка» з цэнтра калгаса, з «Іставіцай» яны сябруюць і даюць сумесныя канцэрты.

— У нас вялікая і шчырая група падтрымкі, — ганарыцца Раіса Іванаўна. — Вяртаемся з гастроляў, яны ўжо чакаюць і есці нагатуюць! Мае бабкі — агонь! Магу на кожную спа­дзявацца: калі няма здароўя, то праспяваюць і без мяне.

basikirskaya@sb.by

Фота з асабістага архіва «Іставіцы»

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter