Скарбніца для ўсіх

У Прэзідэнцкай бібліятэцы захоўваюцца ўнікальныя выданні з Тургенеўскай бібліятэкі Парыжа, Супрасльскага манастыра Польшчы і Нясвіжскай калекцыі Радзівілаў

У Прэзідэнцкай бібліятэцы захоўваюцца ўнікальныя выданні з Тургенеўскай бібліятэкі Парыжа, Супрасльскага манастыра Польшчы і Нясвіжскай калекцыі Радзівілаў

Даведайся замежнікі, што магчымасць доступу да Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь маюць практычна ўсе жыхары краіны, не на жарт здзівіліся б. Унікальная з’ява ў свеце, калі разам з прадстаўнікамі дзяржаўных органаў улады і кіравання, супрацоўнікамі міністэрстваў і навукоўцамі абслугоўваюцца самыя звычайныя чытачы. Цікавасць у карыстальнікаў выклікае не толькі багаты фонд спецыялізаванай літаратуры па эканоміцы, праве, дзяржаўным кіраванні і палітыцы, але і каштоўная калекцыя старадрукаў і рэдкіх выданняў. Што хавае ў сваіх сценах бібліятэка з такой гучнай назвай, каго можна сустрэць у калідорах гэтага “куфра ведаў” і якія кнігі чытаюць прадстаўнікі беларускай улады, даведалася карэспандэнт “НГ”.

Bibliotheque russa Tourgueneff

Праходзячы ля Дома Урада на плошчы Незалежнасці, мала хто здагадваецца, што акрамя высокіх дзяржаўных органаў тут размяшчаецца культурная скарбніца краіны — Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь. Падысці да правага крыла Дома Урада, прайсці пункт пропуску, завярнуць за рог будынка — і ты ў бібліятэцы, той самай, дзе можна сустрэць кіраўнікоў дзяржаўнага ўзроўню. Тут прасторна, сучасна і стыльна. Нават уявіць цяжка,  што менш чым праз месяц бібліятэцы споўніцца 80 гадоў.

Спачатку гэта быў філіял Дзяржаўнай бібліятэкі і бібліяграфічнага інстытута, пазней самастойная Урадавая бібліятэка. Цікава, што ў 30-я гады яна працавала без выхадных амаль да дванаццатай гадзіны ночы. І працаваць было з чым: даваенны фонд налічваў каля 250 тысяч тамоў, у асноўным кнігі па эканоміцы, палітыцы, грамадскіх навуках. На жаль, падчас Другой сусветнай вайны фашысты знішчылі ўсе да адной бібліятэчныя кнігі. Але ўжо з 1944-га фонд пачаў паступова аднаўляцца. А праз восем гадоў яго аб’ём дасягнуў даваеннага ўзроўню, у тым ліку і за кошт трафейных кніг.

Пасля вайны з Германіі ў Беларусь прывезлі два эшалоны кніг — іх разабралі бібліятэкі Беларусі. Паколькі гітлераўцы рабавалі многія еўрапейскія краіны, былі там кнігі з Парыжа, Амстэрдама, Антверпена... Менавіта такім чынам  у Прэзідэнцкую бібліятэку, тады яшчэ Урадавую бібліятэку імя Горкага,  трапілі выданні з французскай “Тургенеўкі”.

Гэта была першая руская грамадская бібліятэка, створаная каля ста сарака гадоў таму рускімі эмігрантамі ў Парыжы ў многім дзякуючы Івану Тургеневу. У пачатку Другой сусветнай нацысты вывезлі яе ў Германію, а потым кнігі са штэмпелем Bibliotheque russa Tourgueneff аказаліся раскіданымі па ўсім кантыненце. У Прэзідэнцкай бібліятэцы захоўваецца каля пяцісот дакументаў з яе фондаў. Дарэчы,  гэтыя матэрыялы могуць стаць вельмі карыснымі ў якасці абменнага матэрыялу падчас вяртання беларускіх каштоўнасцяў з-за мяжы.

Чатырохсотгадовы рарытэт

Акрамя гэтага ў паўтарамільённым фондзе Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь захоўваюцца дакументы з Супрасльскага манастыра ў Польшчы, з бібліятэк расійскіх імператараў, з калекцыі Нясвіжскай ардынацыі Радзівілаў. Асабіста мне ўдалося патрымаць у руках двухсотгадовы слоўнік з экслібрысам Ежы Радзівіла і... поўнасцю спісанымі вокладкамі. Відаць, хтосьці, не здолеўшы запомніць складаныя словы, спецыяльна выпісваў іх на больш бачнае месца. Многае могуць сказаць кнігі пра сваіх гаспадароў. Вось уладальнік кёльнскага філасофскага трактата “De imperio virtutis”, самай старажытнай кнігі ў бібліятэцы, быў, відаць, вельмі беражлівым чалавекам, бо, бачачы выданне ў такім добрым стане, вельмі цяжка паверыць, што яму ўжо амаль 420 гадоў! 

Аддзел старадрукаў і рэдкіх выданняў, якім загадвае вопытны бібліятэкар і вельмі дасведчаны чалавек  Валерый Герасімаў, бадай, самае цікавае месца ў бібліятэцы. Стосы старажытных дакументаў і фотаздымкаў, таўшчэзныя энцыклапедыі і даведнікі, якія беражліва захоўваюцца за  шклом стылізаваных шафаў, унікальныя рарытэты, якімі ніхто больш не можа пахваліцца: напрыклад, карта Беларусі 1772 года ці гравюра Напалеона Орды “Каралін пад Пінскам”.

Немагчыма ўявіць бібліятэку і без астатніх, не менш важных аддзелаў. Ідзеш па калідорах і заўважаеш: у адным пакоі прымаюць новыя кнігі, у другім афармляюць ім пашпарты, у трэцім апрацоўваюць заказы, у чацвёртым рыхтуюць папкі з газетнымі выразкамі для кіраўніка дзяржавы, адміністрацыі, шэрагу міністэрстваў па найбольш актуальных на сёння тэмах (гэта прэрагатыва менавіта Прэзідэнцкай бібліятэкі), у пятым працуе сканер.

Дакумент — праз кіламетры

Дарэчы, як расказаў дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Рэспублікі Беларусь Сяргей Квачан, алічбоўка выданняў і фарміраванне электронных калекцый сёння  з’ўляецца адным з найважнейшых напрамкаў дзейнасці ўстановы. Як захаваць ці зрабіць шырока даступнымі старажытныя, рэдкія, кшталту Радзівілаўскіх ці Тургенеўскіх, выданні ці каштоўныя афіцыйныя дакументы, якія адлюстроўваюць палітыку дзяржавы незалежна ад часу? Найлепш зрабіць іх лічбавую копію, а пасля размясціць на сайце або выпусціць дыск. Мяркуецца, што калекцыя, пераведзеная ў лічбу, стане часткай вялікага дзяржаўнага праекта — Нацыянальнай электроннай бібліятэкі Беларусі.

Сёння бібліятэка ўсё больш выкарыстоўвае магчымасці найноўшых тэхналогій. Установа прапануе, да прыкладу, скарыстацца паслугамі віртуальнай даведкі і службы электроннай дастаўкі дакументаў.

Што чытае ўлада?

Акрамя ўласна кніжнай справы бібліятэка займаецца выставачнай працай. Выставы арганізоўваюцца як унутры бібліятэкі, так і за яе межамі, да прыкладу, падчас пасяджэнняў дэпутатаў.  Зараз у бібліятэцы праходзіць выстава кніг з дарчымі надпісамі бібліятэцы ад Максіма Танка, Івана Шамякіна і іншых. Яны тут не толькі былі ў якасці гасцей, але і прыходзілі сюды працаваць. Нямала вядомых людзей можна сустрэць у бібліятэцы і сёння.

— Бібліятэка абслугоўвае розных чытачоў. Але ў асноўным гэта дзяржслужачыя, супрацоўнікі камітэтаў, міністэрстваў, інстытутаў, — расказвае бібліятэкар Таццяна Мядзведзева. — Яны проста лічаць сваім абавязкам адразу пасля ўступлення на пасаду запісацца ў нашу бібліятэку. І прыходзяць, чытаюць не толькі спецыялізаваную, але і мастацкую літаратуру, як сучасную, так і класічную. Разам з Уліцкай, Рубінай просяць Талстога або Чэхава. Папулярная беларуская літаратура. Выйшла новая кніга Алексіевіч —  ужо цэлая чарга арганізавалася.

І праз восемдзясят гадоў, у час планшэтаў, айпадаў і электронных кніг, Прэзідэнцкая бібліятэка карыстаецца попытам у чытачоў. І прычына тут не толькі ў спецыфічнасці ўстановы, унікальным фондзе ды рэдкіх выданнях, але і ўважлівых адносінах супрацоўнікаў бібліятэкі да кожнага карыстальніка.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter