
— У суботу напярэдадні Вялікадня паўсюль фарбавалі яйкі — сімвал Сонца, жыцця ў звараным цыбульным шалупінні, — тлумачыць эксперт. — Гатавалі святочныя стравы, сярод якіх павінны былі быць каўбасы, смажанае мяса і іншая тлустая смакацень, бо пост заканчваўся. Да сёння рытуальная ежа — яйкі, хлеб і соль, пірагі і нават мясныя вырабы — асвячаюцца святарамі каля храмаў.
Пасля службы кожны гаспадар ці гаспадыня імкнуліся як мага хутчэй патрапіць дадому, абагнаць суседа. Лічылася, што гэта дапаможа яму раней за іншых закончыць палявыя работы, вырасціць лепшы ўраджай.
Многія гаспадыні не проста фарбавалі яйкі ў цыбульніку, але яшчэ займаліся іх дэкарыраваннем. Існавалі самыя розныя віды святочнага роспісу: пісанкі, маляванкі, васкаванкі, драпанкі. Яйкі ўпрыгожвалі звечара, непасрэдна перад асвячэннем у царкве ці ў касцёле, пасля чаго іх дарылі гасцям, раздавалі дзецям і валачобнікам.
— Лакальная традыцыя роспісу велікодных яек у Сапоцкіне Гродзенскага раёна з'яўляецца адным з найстаражытнейшых народных відаў роспісу, які ўвайшоў у абрад святкавання Вялікадня, — дадала Наталля Рамановіч. — Для гэтага выкарыстоўваецца спецыяльны самаробны інструмент — «шпілька» — палачка з убітым у тарэц цвічком, таксама пчаліны воск, натуральны фарбавальнік чорна-карычневага колеру з настою кары дуба, альхі, альховых шышак і ржавага жалеза.
Найбольш пашыраны і любімы матыў Сапоцкінскіх майстрых — круг-разетка, які размяшчаецца ў цэнтры яйка, вольныя месцы пісанкі запаўняюцца паўразеткамі, кропкамі, ланцужкамі. Нярэдка цэнтры разетак трапляюць на канцы яйка. Такая кампазіцыя дыктуецца асаблівасцямі тэхналогіі: майстрыха вялікім і ўказальным пальцамі трымае яйка за канцы і кругам наносіць узор з кропелек. Трыдыцыйным для сапоцкінскіх яек з'яўляецца нанясенне старажытных матываў: птушкі (курыцы), кветкі (рамонкі, дзьмухаўцы), яловыя галінкі.
Сапоцкінская традыцыя роспісу велікодных яек уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
yasko@sb.by