Жыхары забытай вёскі Полацкага раёна патрабуюць рамонту аўтадарогі

Шумацёнкі: як праехаць, як прайсці?!

Амаль тры гады жыхары і дачнікі вёскі Шумацёнкі, што ў радыусе 10 кіламетраў ад Полацка, звяртаюцца ў самыя розныя інстанцыі з адзінай просьбай: яны мараць пра добрую прамую дарогу да мястэчка. Сёння ж, па словах мясцовых жыхароў, да вёскі ні прайсці ні праехаць: у мокрае надвор’е на дарозе гразі па калена, у сухое праехаць не дазваляюць шматлікія выбоіны і ямы. Ужо працяглы час сюды не наведваецца аўталаўка, а «хуткую дапамогу» аднойчы давялося чакаць дзве з паловай гадзіны… 

— Адсутнасць дарогі істотна ўскладняе наша жыццё. На праезд пажарных машын ці «хуткай дапамогі» разлічваць не даводзіцца: яны проста не паспеюць даехаць, — скардзяцца жыхары і дачнікі Шумацёнак у звароце да старшыні Віцебскага аблвыканкама. – У апошні час праезд да вёскі стаў практычна немагчымым. У сувязі з гэтым нашы аўтамабілі пакутуюць ад вялікіх нагрузак. Гэта прыводзіць да іх паскоранага разбурэння, а пасля патрабуецца дарагі рамонт. 

Цікава і тое, што жыхары, якія карыстаюцца грамадскім транспартам, да вёскі дабрацца не могуць з-за адсутнасці мос­­та цераз раку Палата. Аднойчы яны ўлас­ны­мі сіламі змайстравалі неўмацаваны мас­ток, аднак з-за інтэнсіўнай плыні ад яго практычна не засталося і следу. На­маганні вырашыць пытанне праз мясцовую ўладу не прывялі да станоўчых вынікаў.

— Мы нават не марым пра асфальт. Проста патрабуем адрамантаваць дарогу так, каб па ёй можна было нармальна ехаць, — даступна выкладае сваю думку пенсіянер Ігар Бяліцкі. – Тым больш яна не надта доўгая – усяго паўтара кіламетра. Нам увесь час прапануюць дарогу праз іншую вёску. Аднак гэта ў аб’езд. Мой сусед, напрыклад, ужо трэці год на працу ў горад ездзіць. Кожны дзень па дзесяць лішніх кіламетраў – гэта, пагадзіцеся, накладна.

Па даных Полацкага райвыканкама, філіялам «Полацкае ДРБУ № 182» КУП «Віцебскаблдарбуд» работы па ліквідацыі крытычнай ямачнасці і рамонтным прафіляванні пад’езду да вёскі Шумацёнкі выкананы на працягу двух дзён у сакавіку 2015 года. Праезд аўтатранспарту на дадзеным участку аўтадарогі быў забяспечаны. 

Мясцовыя жыхары запэўніваюць: дарога і сёння знаходзіцца ў запушчаным стане. Хоць Шумацёнкі — вёска невялікая, да дзесяці хат, жыхароў часта наведваюць дзеці і ўнукі. У цэлым, гэта каля сарака чалавек. На зімоўку тут застаюцца тры чалавекі. Пагадзіцеся, з такой непрадуманай лагістыкай яны наўрад ці будуць адчуваць сябе ў поўнай бяспецы.

Вераніка Мікалаева
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter