Шукаю цябе. “Шукаю сястру Марыю Купрыянаўну КАВАЛЕНКА (Матвяйчук), 1943 года нараджэння.

Нарадзілася Марыя  ў вёсцы Цмень Столінскага раёна. Затым выйшла замуж за ўкраінца Івана Міхайлавіча Каваленку. У іх два сыны: Іван і Уладзімір. Раней мы перапісваліся, ездзілі  ў госці. А 20 гадоў таму страцілі сувязь.  Ніна Купрыянаўна Сніпіч, Столін”.
“Шукаю стрыечных братоў і сястру Мікалая Ягоравіча, Васіля Ягоравіча, Канстанціна Ягоравіча і Марыю Ягораўну КУХАРАВЫХ. Раней  родныя жылі ў Касцюковіцкім раёне. Лідзія Іванаўна Кавалёва, Хоцімск”.
“Шукаю старэйшага брата Уладзіміра Мікалаевіча КІСЯЛЁВА. У нас рана не стала бацькі, а потым памерла і маці. Брат з сябрам паехалі ў Віцебск вучыцца. Пачалася вайна. Навучэнцаў ФЗА, якія працавалі на прадпрыемстве, у тым ліку і майго брата, з  заводскім абсталяваннем адправілі ў Новасібірск. Цягнік, на якім яны ехалі, разбілі варожыя самалёты. Пра гэта расказваў сябар брата, які пасля вайны вярнуўся дадому, быў інвалідам. Можа, хто ведае пра лёс брата, адгукніцеся. Таццяна Мікалаеўна Дзедава, Браслаўскі раён”.
“Хачу сустрэцца са стрыечнымі братамі Сяргеем Мікалаевічам і Аляксандрам Мікалаевічам ВЕРХАЎЦОВЫМІ. Іх бацька — родны брат маёй маці. Калі ён памёр, дзеці былі яшчэ малыя. Праўда, я іх бачыла толькі на фотаздымку. Жылі яны ў Быхаве. Раіса Мікалаеўна Коўрык, Мінск”.
“Мой брат Іван Андрэевіч ШАПЯЛЕВІЧ нарадзіўся ў вёсцы Блужа Пухавіцкага раёна. Затым сям’я пераехала ў Асіповічы. Тут і застала вайна. У 1944 годзе брат быў накіраваны на фронт. Пасля вайны вярнуўся дадому, працаваў на Мінскім вагонарамонтным заводзе, затым пераехаў у горад Паўладар. За добрасумленную працу ўзнагароджаны ордэнам Леніна і медалямі. Мне было 14 гадоў, як памёр наш бацька. Брат дапамагаў мне, чым мог, падтрымліваў у цяжкія хвіліны. І ўжо шмат часу няма ад яго вестак. Зоя Андрэеўна Барыскіна, Карэлічы”.
“Брат маёй маці Трафім Піліпавіч ХАДЗЬКО быў вайскоўцам, меў шмат узнагарод. Пасля вайны прыслаў пісьмо, хацеў даведацца пра родных. Але больш пісем ад дзядзькі не было, і пра лёс дарагога чалавека не ведаем. Ніна Арцёмаўна Сварцэвіч, Віцебск”.
“Шукаю брата Аляксандра Мікалаевіча САЛДАТАВА, 1943 года нара-
джэння, ураджэнца горада Баку. У 2003 годзе ён прыехаў з сям’ёй у Беларусь. Уладзімір Мікалаевіч Салдатаў, горад Акцябрск Самарскай вобласці (Расія)”.
“Шукаю пляменнікаў Таццяну Васільеўну БАСТУН (Котаву) і Міхаіла Васільевіча КОТАВА. Жывуць яны ў Мінску, але адрасы іх я згубіла. Марыя Захараўна Котава, Кіраўскі раён”.
“Да распаду Саюза  мая стрыечная сястра Таіса Станіславаўна ДЗМІТРАВА (Гаплічнік) з сям’ёй жыла ў Калінінградскай вобласці, і мы перапісваліся. Таіса паведамляла, што збіраецца пераехаць на радзіму мужа, у горад Вялікія Лукі. Магчыма, яны жывуць зараз там. Крысціна Іосіфаўна Бекіш, Глыбоцкі раён”.

“Шукаю Галіну Андрэеўну БЕЙНАРОВІЧ (Жаламскую), прыкладна 1949 года нараджэння. Мы разам вучыліся і жылі ў Невельскім раёне Пскоўскай вобласці. Нядаўна была ў тых мясцінах, шукала сяброўку, але безвынікова. Таццяна Фёдараўна Стрыга (Бяляева), Смаргонскі раён”.

“Гэта было ў 1951 годзе. Я тады жыла ў Карэліі і там пазнаёмілася з беларусачкай. Маю новую знаёмую звалі Ксенія ШУМЕЙКА (прозвішча дзявочае). Мы пасябравалі. Ксеня была з Беларусі, толькі з якога месца, не ведаю. Магчыма, і зараз яна жыве там. У 1967 годзе мы з мужам  прыехалі ў Беларусь, але знайсці сяброўку я не змагла. Можа, зараз пашанцуе. Лідзія Дзмітрыева-Абуткова, Баранавічы”.
“Шукаю Галіну Кузьмінічну МЯЛЕШКА. Нарадзілася сяброўка ў вёсцы Малая Сліўка на Случчыне. Потым жыла ў Салігорску. Мы разам вучыліся ў Брэсцкім педінстытуце, які закончылі ў 1968 годзе. Можа, адгукнецца і хто з былых аднакурснікаў. Яўгенія Якаўлеўна Другакова (Плечка), Лунінецкі раён”.
“50 гадоў таму, у 1960 годзе, мы, студэнты філалагічнага аддзялення Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, закончылі вучобу, атрымалі дыпломы і паехалі працаваць па размеркаванні. Было нам па 22, а зараз па 72 гады. У памяці ўсе засталіся маладымі і прыгожымі. Вельмі хочацца сустрэцца, паглядзець адно на аднаго, пагутарыць. Дзе вы Анютка, Галіна, Тамара, Паша, Дуся, Соня, Ала?  Вас шукаю не толькі я, але і ўсе нашы сябры, з якімі трымаю сувязь. Зінаіда Міхайлаўна Пяткевіч, Фаніпаль”.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter