Шукаю цябе!

“Шукаю блізкіх людзей — дачок і сям’ю сына дзядзькі па бацькавай лініі Іосіфа Браніслававіча РАМАНОЎСКАГА. Мой бацька Адольф Браніслававіч, 1908 года нараджэння,  жыў у вёсцы Красналукі Лепельскага раёна. Іосіф Браніслававіч быў крыху старэйшы і жыў з сям’ёй у  Барысаве. Меў дачок Ганну, яна старэйшая за мяне,  Браніславу, 1952—1953 года нараджэння, і сына Леаніда. Браніслава працавала медсястрой у Барысаве. Яшчэ шукаю былую сяброўку па дзіцячым доме. Спачатку мы знаходзіліся ў Лепелі, а потым нас перавялі ў Докшыцы (1956—1964 гады). Кацярына Якаўлеўна ШАЛАК (у дзявоцтве Патапава), 1945 года нараджэння. Яна раней жыла ў Віцебску. Сувязь паміж намі абарвалася гадоў пяць таму. Ганна Адольфаўна Варанько, Мінск”.
“Шукаю маіх родных:  дзядзьку Рыгора Паўлавіча САКОВІЧА (жыў у пасёлку Кірава ля горада Дзяржынска Данецкай вобласці), цётку Марыю Паўлаўну САКОВІЧ (Афанасьеву) (жыла ў горадзе Цімашэўск Краснадарскага краю), сястру Таццяну ПОРАУ (горад Леу Ульт, Германія). Ніна Віктараўна Агрэбіна, Бабруйск”.
“Прашу адгукнуцца сваіх таварышаў па службе ў радах Савецкай арміі на тэрыторыі Германіі Міхаіла Рыгоравіча РАДЫЁНАВА, 1938 года нараджэння, ураджэнца Магілёўскай вобласці, і Віктара Паўлавіча РОДЗІНАВА (Радзінова), 1938 года нараджэння, ураджэнца Магілёва. Уладзімір Мікалаевіч Шавараў, Бярэзінскі раён”.
“Нас прызвалі ў армію восенню 1960 года. Курс маладога байца праходзілі ў Мінску ў вайсковай часці № 7404. Пасля нас размеркавалі па ротах. Мы трапілі служыць у Віцебск. Разам са мной праходзілі службу хлопцы з Магілёўскай, Брэсцкай і Гомельскай абласцей Мікалай КАЗАК, Іван МУХАЕД, Анатоль КАЗЛОЎ, Віктар НОВІКАЎ, Міхаіл ЗАНЬКО, Анатоль ЗАЛЕСКІ і іншыя. Прайшло шмат часу. Многае змянілася ў жыцці, але служба ў войску не забываецца.  Мікалай Іванавіч Машкоў, Мазыр”.
“Больш за паўстагоддзя таму мы закончылі Пінскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум. Адгукніцеся, Соф’я БАЙКО, Лідзія ПОЛЯК, Галіна ДУБІНІНА, Марыя ЯСКАВЕЦ, Анатоль ЧЭПІК, Міхаіл ГРЫЦАВЕЦ, Мікалай БАТУРА і іншыя. Лідзія Сямёнаўна Шчарбанюк (Дарошчанка), Ліда”.
“Сувязь з сябрамі юнацтва абарвалася ў мяне сорак гадоў таму. У 1966 годзе я жыла ў Наваполацку. Мы сябравалі, а потым доўгі час перапісваліся з Вольгай Герасімаўнай КАВАЛЕНКА. У яе быў сябар Сяргей Мікалаевіч ШАЎЧЭНКА, 1938 года нараджэння. Ён працаваў ва ўпраўленні “Нафтазаводмантаж”. Буду рада атрымаць вестачку ад іх.  Ларыса Яўгенаўна Бужынская, Мазыр”.
“Шукаю сябра Віктара Васільевіча ГАЎРЫША, 1937 года нараджэння. Ён каля 20 гадоў таму працаваў у турыстычным бюро ў горадзе Марыупалі (Украіна). Я ў той час працавала ў аптэцы ў Віцебску. Галіна Пятроўна Абушкевіч, Віцебск”.
“Шукаю жанчыну, якая жыла ў сямідзясятых гадах у вёсцы Ліхоўня Нараўлянскага раёна. Яе прозвішча ПАНЧАНКА ці ДАЙНЭКА. Я страціў з ёй сувязь каля сарака гадоў таму. Уладзімір Рыгоравіч Дайнэка, Баранавічы”.
“Шукаю Ганну ДАМІНІКОВУ. Пры знаёмстве мы назвалі сябе толькі па імёнах — Аня і Жэня. Потым выпадкова я даведаўся яе прозвішча. Яўген Аляксандравіч Ермаковіч,  Маларыта”.
“Я 1941 года нараджэння, ураджэнец вёскі Піліпенкі. У маёй маці ў пасёлку Ула (ці каля яго ў вёсцы) Бешанковіцкага раёна жылі дзве стрыечныя сястры. У адной з іх была дачка Кацярына, прыкладна 1940—1942 года нараджэння. У 1950—1951 гадах Каця дапамагала нам выхоўваць майго малодшага брата Андрэя. У яго балела нага, і ён амаль не хадзіў. У 1951-м Андрэй памёр, і Каця вярнулася дадому. У шасцідзясятыя гады яна прыязджала ў нашу родную вёску і шукала нас. У той час мы з маці паехалі на цаліну. Наш адрас ніхто не ведаў. У сямідзясятыя гады маці сустракалася з Кацяй. Тая падарыла свой фотаздымак, але з часам ён згубіўся. Хачу сустрэцца з Кацярынай, каб успомніць наша дзяцінства. Цімафей Сямёнавіч Бадзяка, Быхаў”.
“Спадзяюся адшукаць маю былую каханую Ніну СІЎКО (імя па бацьку Аляксандраўна ці Мікалаеўна). З Нінай я пазнаёміўся летам 1966 года ў яе роднай вёсцы, якая знаходзіцца каля вёскі Будноў Клічаўскага раёна. У той час яна вучылася ў горадзе Дзяржынску. Мы перапісваліся, пакуль я служыў на флоце, з мая 1968 года да чэрвеня 1971-га. У дзень майго звальнення я атрымаў ад Ніны ліст. Яна паведамляла, што выходзіць замуж і каб я больш не пасылаў ёй пісем. А я ў кожным лісце пісаў ёй, што, калі вярнуся, возьмем шлюб. Усё жыццё я памятаю Ніну і хачу даведацца, як склаўся яе лёс. Віктар Васільевіч Фясько, Гродна”.

І знаходжу

  • Жыхарка Лагойскага раёна Кружыкава шукала былую суседку Эмілію Сіўцэвіч і яе дачку Святлану. Просьба жанчыны выканана, пра што рады ёй паведаміць.
  • Марыя Міхайлаўна Кірыенка (Пінчук) з Хойніцкага раёна шукала сяброўку маладосці Любоў Іванаўну Міхальцову. Сяброўка знайшлася.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter