Шукае Кніга Чытача

Сёння адкрываецца XV Мінская міжнародная кніжная выстава-кірмаш “Кнігі Беларусі-2008”Удзельнікамі юбілейнай XV Мінскай міжнароднай кніжнай выставы-кірмашу "Кнігі Беларусі-2008" стануць 20 краін. Гэта рэкордная колькасць за ўсю гісторыя яе правядзення. Упершыню на ёй будзе прадстаўлена кніжная прадукцыя з Казахстана, Таджыкістана, Венесуэлы і Швейцарыі. Пачэсны госць выставы -- Дзяржава Ізраіль прадставіць у сваёй экспазіцыі больш за 800 кніг ізраільскіх, беларускіх і рускіх выдавецтваў. Наведвальнікаў стэнда гэтай дзяржавы чакаюць сустрэчы з пісьменнікам Ігарам Губерманам, палітычным аглядальнікам Якавам Грынбергам і іншымі вядомымі асобамі Ізраіля.

Усяго ў праграме кірмашу больш за 120 мерапрыемстваў. Акрамя прэзентацый кніг, творчых сустрэч будуць арганізаваны выставы “Залаты фонд беларускага друкаванага плаката”, кніг -- лаўрэатаў Нацыянальнага конкурсу “Мастацтва кнігі-2007”, а таксама IV міжнароднага конкурсу “Мастацтва кнігі” сярод краін СНД. У дзень адкрыцця выставы, 6 лютага, пачне работу фотавыстава “Мая Беларусь”.
Упершыню ўваход на выставу будзе бясплатным.

Ці можна нас аднесці да нацыі кнігалюбаў? Калі ўлічыць, што ў нашай краіне на дзве тысячы чалавек прыходзіцца адна бібліятэка (а гэта адпавядае нарматывам ЮНЕСКА), што ў апошнія пяць гадоў у айчынным кнігавыдавецтве намецілася тэндэнцыя да штогадовага павелічэння колькасці назваў новых выданняў, то, напэўна, пра кнігу мы не забываемся. Але ці знаходзіць свайго чытача беларуская кніга? Каб даведацца пра тое, што сёння чытаюць беларусы, карэспандэнты “НГ” адправіліся ў паход па кнігарнях і бібліятэках сталіцы, абласнога цэнтра Брэстчыны і горада Лепеля, што на Віцебшчыне. І вось вынікі гэтага падарожжа.
Далей ад кніжных сурагатаў
У сталічнай кнігарні  адразу кідаецца ў вочы сацыяльна значная літаратура. Кнігі гэтыя выдаюцца з падтрымкай дзяржавы, таму і каштуюць значана танней. Цудоўна аздобленыя вокладкі, якасная папера, цікавыя анатацыі... Але за такімі выданнямі чаргі не назіраецца. Усё менш чытачоў ля паліц з кнігамі на беларускай мове. Аб змяншэнні цікавасці да іх гаворыць і той факт, што сёлета па тыражу іх было выдадзена на 17,3 працэнта менш. Таленавітыя беларускія пісьменнікі сёння не могуць разлічваць на масавае чытанне сваіх кніг, бо беларусы па-беларуску, на мове сваёй нацыі, як правіла, не гавораць. 7,58 працэнта ад агульнай колькасці выдадзенай у рэспубліцы ў мінулым годзе літаратуры -- на беларускай мове. Хоць з’явілася больш пакупнікоў даведачнай літаратуры (а гэта ў большасці моладзь), усё ж застаюцца папулярнымі і дэтэктывы. Не залежваюцца на паліцах і жаночыя раманы. Паводле сацыялагічнага апытання, праведзенага Цэнтрам сацыялагічных і палітычных даследаванняў БДУ, большую частку актыўных чытачоў складаюць жанчыны -- 57,2 працэнты. Але, як сведчыць статыстыка, прадстаўніцы прыгожай паловы чалавецтва цікавяцца не толькі “лёгкім чытаннем”, любяць мастацкую літаратуру.
Адчуваецца стомленасць ад “кніжнага сурагату”, які пасля першага ж прачытання развальваецца. Пагадзіцеся, такую літаратуру інакш як “аднаразовай” назваць нельга. Сёння чытацкай аудыторыі ўжо не настолькі патрэбны “чорная” літаратура, містычная, “ружовыя” раманы, эротыка. Відаць, пасля таго, як у пачатку 90-х адкрыліся “шлюзы” і людзі пачалі чытаць тое, што ніколі да гэтага ім не трапляла ў рукі, насычэнне рынку адбылося. Просьба “парайце, людзі добрыя, што-небудзь пачытаць, каб заставіла падумаць і паразважаць”, на якую нядаўна наткнулася ў “сусветнай павуціне”, -- яшчэ адно таму пацвярджэнне.
Набываць кнігі ў магазінах не кожнаму беларусу па кішэні. Таму ўсё больш людзей, асабліва ў сталічным рэгіёне, звяртаецца за “ежай духоўнай” у бібліятэку. У параўнанні з пазамінулым годам летась колькасць чытачоў у Мінску павялічылася на 10 працэнтаў. Узрасла на 15 працэнтаў лічба кнігавыдач. 6 мільёнаў экземпляраў кніг, перыядычных выданняў, дакументаў на электронных носьбітах летась было аддадзена ў карыстанне. У мінулым годзе бібліятэкі Беларусі павялічылі закупку кніг дзяржаўных выдавецтваў і набылі больш за 150 тысяч экземпляраў сацыяльна-значных выданняў на суму 1,8 мільярда рублёў. А гэта па колькасці экземпляраў на 27 працэнтаў больш, чым у пазамінулым годзе. Аднак праблема канструктыўнага супрацроўніцтва выдаўцоў з гандлем, а таксама з сістэмай публічных і спецыяльных бібліятэк яшчэ пакуль што застаецца.
-- Кніжны гандаль у гарадах Беларусі не працуе з сацыяльна-значнай літаратурай, -- адзначае начальнік упраўлення выдавецкай дзейнасці і кніжнага гандлю Міністэрства інфармацыі Беларусі Алена Паўлава. – Кнігарні больш закупляюць расійскія выданні. Мы праводзім з Белкаапсаюзам мерапрыемствы па больш шырокаму распаўсюджанню кнігі ў сельскай мясцовасці. Але пакуль што належнага выніку дасягнуць не давялося. У пазамінулым годзе падчас свята беларускага пісьменства ў Паставах я зазірнула ў мясцовую кнігарню і, о жах, убачыла, што на яе паліцах не было ніводнай беларускай кнігі. Можна ўлічыць тое, што людзі ў малых гарадах стараюцца больш думаць пра дабрабыт сям’і, працуюць. Але калі ў кнігарні не будзе кнігі, якая б выхоўвала густ людзей, не толькі мастацкі, але і элементарны густ да жыцця, то пра які маральны дабрабыт можна будзе гаварыць?! Школьныя бібліятэкі даўно не папаўняюць свае фонды сацыяльна-значнай літаратурай. У той час як выдавецтва “Мастацкая літаратура” спецыяльна выдае серыю кніг “Бібліятэка школьніка”. Кнігі гэтыя  недарагія. Публічныя бібліятэкі іх набываюць, а школьныя -- не.
Гэта праблема будзе абмеркавана падчас дыскусіі за “круглым сталом” 7 лютага, у бібліятэчны дзень, на выставе-кірмашы “Кнігі Беларусі-2008”. 8 лютага абвешчаны Днём ведаў, прысвечаны школьнікам, студэнтам, у час якога можна пазнаёміцца з навінкамі навуковай літаратуры, сустрэцца з аўтарамі падручнікаў і вучэбна-метадычных выданняў. Шмат цікавага абяцаюць арганізатары для абітурыентаў, якія рыхтуюцца да цэнтралізаванага тэсціравання.

У падарунак — любімы томік

Надрукаваную летась кнігу Міколы Купрэева “Палеская элегія” сёння не сустрэнеш у продажы. Як распавядае старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоль Крэйдзіч, “Аблкаапкнігагандаль” адмовіўся яе браць з-за беларускай мовы. Ці так усё сумна з беларускамоўнай літаратурай? Адказ на гэта пытанне карэспандэнт “НГ” шукала ў кнігарні “Асвета”, што ў цэнтры Брэста.

Штурхатні няма — працоўны дзень. Нехта цікавіцца вучэбнымі дапаможнікамі, хтосьці падбірае кніжку ў падарунак. Прыемна — кніга для берасцейцаў па-ранейшаму найлепшы падарунак.
Інтэлігентны мужчына сярэдніх гадоў бярэ з паліцы важкі том выдання “Вялікае княства Літоўскае”. Кажа, што за такую кнігу не шкада і сто тысяч рублёў аддаць.
— Некага парадаваць хочаце? — пытаюся ў яго.
— Не, сябе, — адказвае.
У брэсцкай кнігарні многа жадаючых набыць творы Якуба Коласа і Янкі Купалы, Івана Мележа. “Кнігі Уладзіміра Караткевіча зноў карыстаюцца попытам, — расказвае таваразнаўца крамы Вольга Касюк. — Пытаюць творы Муракамі, Мінаева, Уліцкай, Акуніна. На Каэльё мода прайшла, затое пасля новага серыяла новых прыхільнікаў знайшоў Булгакаў”.
Народ менш чытаць не стаў. Толькі “Асвета” штодня прадае больш за 200 кніг. Такіх жа крам у горадзе над Бугам, што належаць прадпрыемству “Брэсткніга”, — сем. Падлічылі, што кожны жыхар абласнога цэнтра, уключаючы немаўлят, за год набывае да дзесятка раснастайных кніг.

Кнігарня ў завулку

Калісьці кніжны магазін у Лепелі займаў асобны вялікі будынак, і ў ім было цесна і ад кніг, і ад пакупнікоў. Сёння кнігарня месціцца ў невялікім “закутку” галоўнага магазіна райцэнтра — трохпавярховага універмага, ды і то нямала месца на прылаўках аддадзена пад паштоўкі, канцылярскія прылады і нават насенне. Тым не менш выручка кніжнага аддзела складае штомесяц каля васьмі мільёнаў рублёў, а летам, калі наязджаюць адпачываючыя і вяртаюцца студэнты на канікулы, яна падвойваецца.

Прыкладна 15—20 працэнтаў з агульнага аб’ёму продажу займае літаратура на роднай мове і беларускіх аўтараў. Лепяльчане і госці горада могуць купіць творы Івана Шамякіна, Янкі Брыля, Змітрака Бядулі, Васіля Быкава, Андрэя Макаёнка і іншыя. Не палохае і кошт — усяго восем-девяць тысяч рублёў за том. Асобным попытам карыстаюцца прыгожыя фотаальбомы — годны падарунак на любы юбілей, асабліва для тых, хто захапляецца краязнаўствам ці гісторыяй. Нядаўна на прылаўках з’явіўся цікавы двухтомнік Генадзя Пацыенкі, расійскага аўтара і нашага земляка, які цяпер жыве на сваёй малой радзіме, на Лёзненшчыне. Выданне пакуль што купляюць слаба. Стрымліваючы фактар — цана: адзін том каштуе больш за 17 тысяч рублёў, другі — каля 20 тысяч.
Самымі любімымі наведвальнікамі ў прадаўцоў застаюцца спецыялісты. Яны абавязкова сочаць за навінкамі ў сваей галіне дзейнасці і мірацца з цэнамі. Напрыклад, серыя выданняў пра мастакоў была раскуплена ў адзін момант. Прадаўцы кніг ідуць насустрач просьбам “зарэзерваваць” дарагую кнігу да чарговай зарплаты. Адразу аддаць 56 тысяч рублёў за том “Беларускага фальклору” для работніка культуры складана.
Невялікім попытам карыстаюцца кнігі для дзяцей. Кніжка-малышка каштуе паўтары-дзве тысячы рублёў, а іх не купляюць, бо лёгка рвуцца.
Найбольш месца ў кнігарні адведзена расійскай літаратуры, у асноўным дэтэктывам. Прадаўцы кажуць, што за апошнія гады сфар-міравалася цэлае пакаленне, якое купляе і чытае толькі Данцову, Усцінаву ці Нязнанскага. Апошнім часам цана і на такія выданні значна вырасла, але з-за гэтага яны не страцілі сваёй папулярнасці.
Паменшала пакупнікоў у кнігарні — пабольшала чытачоў у мясцовай бібліятэцы. Нядаўна Лепельская раённая бібліятэка на сваё стагоддзе атрымала ў падарунак ад Міністэрства культуры 100 тамоў сацыяльна значнай літаратуры.
Сёння ўжо нямодна ўпрыгожваць кнігамі інтэр’ер. Любую кнігу можна ўзяць у бібліятэцы ці прачытаць у Інтэрнеце. Кажуць, затое пылу ў доме значна менш...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter