Што ёсць, то ёсць

Вінчэнца Канціэла з Італіі быў у цэнтры ўвагі яшчэ задоўга да дзіцячага «Еўрабачання-2014»
Вінчэнца Канціэла з Італіі быў у цэнтры ўвагі яшчэ задоўга да дзіцячага «Еўрабачання-2014». Гэта і ня­дзіўна: упершыню за гісторыю конкурсу сярод удзельнікаў быў толькі адзін хлопчык. Фаварытам яго мала хто лічыў, хутчэй італьянец з’яўляўся аб’ектам пільнай увагі ўсіх дзяўчынак. Падобна, што многія тэлегледачы, а хутчэй тэлеглядачкі, словы з яго песні «Ты — маё першае вялікае каханне» прынялі на свой рахунак і аддалі яму свае галасы.

Фота БЕЛТА
Фота БЕЛТА

Калі ж без жартаў, то Вінчэнца спяваў няблага. Тое ж можна сказаць і пра большасць іншых удзельнікаў. Пяцёрку лідараў яшчэ да пачатку абвяшчэння вынікаў галасавання сфармулявала міжнароднае дзіцячае жу­ры, складзенае з пераможцаў і ўдзельнікаў «Еўрабачання» мінулых гадоў. Восем балаў яно аддало Беларусі, дзесяць Мальце і дванаццаць Італіі, крыху менш атрымала Балгарыя і Арменія. Прыкладна такі ж спіс пераваг быў і ў педагога па вакале Вольгі Вронскай, якую можна лічыць сапраўдным экспертам у гэтым дзіцячым конкурсе: яе выхаванец Аляксей Жыгалковіч у 2007 годзе перамог, а Ілля Волкаў у 2013-м стаў трэцім:

— Мне вельмі спадабаўся італьянец, я адразу адзначыла гэтага яркага хлопчыка з добрым вакалам. Вылучыла армянскіх і грузінскіх удзельніц. Наша На­дзя Місякова — вельмі цікавая дзяўчынка, цудоўна спела, нягледзячы на тое, што яна адкрывала конкурс, справілася з хваляваннем, у яе не было ніводнай фальшывай ноты. Але, ведаеце, большасць песень у гэтым годзе мне зусім не спадабаліся: былі сумнымі і нічым не запомніліся. З такім матэрыялам наогул не трэба ездзіць на конкурсы. На «Еўрабачанні» трэба паказваць складаную работу, высокія ноты. Інакш гледачы не запамінаюць удзельнікаў і не аддаюць свае галасы. Іх трэба нечым зачапіць.

У выніку гледачоў, акрамя італьянца, уразілі балгарская і армянская ўдзельніцы. «Сокал» Надзеі Місяковай на сёмым месцы. 

14-гадовая мінчанка, вядома ж, марыла аб большым. Але яна не расчаравана конкурсам, гаворыць, што атрымала выдатны вопыт, пазнаёмілася з замежнымі юнымі выканаўцамі. На некалькі дзён Надзея бярэ перапынак, а потым зноў на заняткі ў музычную студыю: яна збіраецца і далей адточваць свае вакальныя здольнасці.

Дарэчы

Васіль СЯНЬКОЎВасіль СЯНЬКОЎ, педагог Надзеі Місяковай:

— Ад «Еўрабачання» засталося дваякае ўражанне. Гэта неаб’ектыўны конкурс. Так мяркую не толькі я, так лічыць уся Еўропа. Мы яшчэ да выступлення ўважліва сачылі за водгукамі ў інтэрнеце. Згодна ім Надзя ішла на другім месцы. Што адбылося потым? Сёлетні конкурс можна назваць прыморскім, адным словам, як і на дарослым «Еўрабачанні» суседзі галасавалі за суседзяў. Пераможцу выбралі ў сваёй тусоўцы, мы ж засталіся ўбаку. Я лічу, што Надзя выступіла цудоўна, над яе нумарам працавала каманда сапраўдных прафесіяналаў, дзякуй ім за гэта. Ці пагадзіўся б я яшчэ раз рыхтаваць удзельніка да гэтага конкурсу? У мяне ёсць некалькі выхаванцаў, якіх можна выводзіць на такую сцэну, прычым у тым амплуа, якое падабаецца прыхільнікам «Еўрабачання». Але пакуль трэба адысці ад гэтай сітуацыі.

Наталля СЦЯПУРА

stepuro@rambler.ru
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter