Што ў сутнасці тваёй, пярсцёнак?

Адным з найбольш значных вясельных атрыбутаў з’яўляюцца заручальныя пярсцёнкі. На першы погляд яны не так прыкметныя, як вэлюм нявесты ці вясельны каравай, аднак іх роля і значэнне ў жыцці маладых можа быць цалкам параўнана з названымі вышэй аксесуарамі і атрыбутамі. Калі вэлюм — сімвал галоўнай удзельніцы ўрачыстасці толькі на перыяд самога вяселля, то заручальныя пярсцёнкі стануць неад’емнай часткай пажыццёвых шлюбных узаемаадносін. Заручальны пярсцёнак з цягам часу стаў своеасаблівым дэкаратыўным увасабленнем жанатага ці замужняга чалавека. За доўгі час яго выкарыстання вакол яго склаўся цэлы цыкл уяўленняў, вераванняў, рэгламентацый, прадказанняў, прыкмет, якія, без сумнення, сведчаць пра таямнічасць яго паходжання і пра даволі складаны комплекс народных уяўленняў пра яго.

* У традыцыйнай культуры розных народаў свету пярсцёнак з’яўляўся сакральным знакам дасканаласці, цэласнасці і адзінства, бясконцасці і завершанасці, сімвалам спрадвечнага кахання — нябеснага вянчання і зямнога сумеснага жыцця, храмавага вянчання. У той жа час пярсцёнак выконваў ахоўную функцыю і быў надзейным абярэгам ад энергетычнага ўздзеяння нячыстай сілы. Ахоўная функцыя пярсцёнка была заснавана, па-першае, на прыродных якасцях металу, з якога ён быў выраблены. Лічылася, што золата і срэбра — “чыстыя” металы, не падуладныя сурокам. Вядома ж, не апошнюю ролю ў іх магчымасці супрацьстаяць энергіі “цяжкага” вока адыгрывала люстэркавая паверхня вырабаў з гэтых металаў. Па-другое, не менш важную ролю мела і форма магічнага круга. Па-трэцяе, на пярсцёнак было перанесена больш старажытнае значэнне ніці-абярэга, якой абвязвалі пальцы; бранзалета (той жа ніці вакол запясця); караляў (нанізаных на нітку вырабаў са шкла, паўкаштоўных ці каштоўных камянёў). Асабліва моцным абярэгам лічыўся пярсцёнак з чырвоным каменем, яго насілі як талісман ад шматлікіх хвароб, воіны насілі такі пярсцёнак, каб пазбегнуць смяротнай раны ў час бою.
* Нашы продкі лічылі, што пярсцёнак (як і іншыя амулеты) валодае пэўнай уладай. Таму абмяняцца пярсцёнкамі азначала не што іншае, як надзяленне свайго партнёра ўладай над сабой, што фактычна і адбываецца пасля заключэння шлюбу.
* І наадварот, пры выкананні магічных дзеянняў народныя лекары павінны былі здымаць пярсцёнкі, таму што іх прысутнасць магла нашкодзіць кантакту са звышнатуральнымі сіламі. На падставе прынцыпу падабенства з гэтымі светапогляднымі ўяўленнямі адразу пасля смерці чалавека з яго абавязкова здымалі заручальны пярсцёнак, каб аблегчыць працэс “развітання” з зямлёй, са сваякамі, з якімі ён быў звязаны шлюбам ці іншымі дамовамі-адносінамі. У сувязі з гэтым зламаныя ці трэснутыя пярсцёнкі сімвалізавалі парушаныя абяцанні, разрыў адносін, няшчасце, часам — смерць.
(Працяг будзе.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter