Алексей Бородич управляет землей так, как его учили дед и отец

Шлях на Рамель

Аляксей Бародзіч, дырэктар столінскага ААТ «Палеская ніва», гаспадарыць на зямлі так, як яго вучылі дзед і бацька.

Выпускнік Белдзяржветакадэміі Аляксей БАРОДЗІЧ у канцы 90-х гадоў мінулага стагоддзя з дыпломам ветэрынарнага ўрача вярнуўся на роднае Палессе. Працоўную дзейнасць пачынаў на звераферме столінскага калгаса «Шлях да камунізму». Паляводчую брыгаду гаспадаркі амаль паўвека ўзначальваў дзед Аляксей Мікалаевіч. Да выхаду на пенсію працаваў у калгасе і бацька Мікалай Аляксеевіч.

Дырэктар ААТ «Палеская ніва» Аляксей БАРОДЗІЧ і механізатар Валерый ЗАХАРЫЧ.

Малады ветурач Аляксей Бародзіч атрымаў і эканамічную адукацыю. Пасля заканчэння вучобы ў сталічным інстытуце кіравання год стажыраваўся ў баварскіх фермераў. За заробак набыў грузавы аўтобус і на ім прыехаў дамоў. У час распаду вялікай краіны, калі калгас далучылі да суседняй гаспадаркі, ён паспрабаваў сябе ў прадпрымальніцтве. Душа рвалася да любімай справы. Працаваў на птушкафабрыцы, намеснікам галоўнага ветурача райветстанцыі.

Дзявяты год Аляксей Мікалаевіч узначальвае адну з найбольш буйных і эфектыўных палескіх гаспадарак — ААТ «Палеская ніва» Столінскага раёна.

Пра палескія вёскі, што выцягнуліся ўздоўж шляху паміж старажытнымі Туравам і Давыд-Гарадком, і іх працавітых сялян захапляюча распавяла ў рамане «Глыбінь-Гарадок» пісьменніца Лідзія Абухава. У адным з герояў рамана, надрукаванага ў сярэдзіне мінулага стагоддзя ў «Роман-газете», тутэйшыя пазналі свайго калгаснага старшыню Івана Гваздзюкевіча. Не аднойчы даводзілася сустракацца з гэтым мудрым чалавекам. Іван Сямёнавіч, калі вораг падбіраўся да Масквы, 7 лістапада 1941 года прама з ваеннага парада на Чырвонай плошчы адправіўся на фронт. У мірны час тры дзесяцігоддзі ўзначальваў рамельскі калгас. Эстафету ў яго прыняў Мікалай Ажог, які дваццаць гадоў аддаў старшынёўству. За паўвека ў гаспадарцы змяніліся два кіраўнікі. Гаспадарка ўпэўнена развівалася.

Кожны раз, калі даводзіцца бываць у гэтым глыбінным палескім кутку, з прыемнасцю заўважаю, як самааддана ўвіхаюцца на зямлі ад малога да старога. Адпаведна і жывуць заможна. На падворках не дамы, а велічныя харомы. Узводзяць іх у асноўным гаспадары самі.

Дырэктара ААТ «Палеская ніва» Аляксея Бародзіча цешыць, што ні ў адной з васьмі густанаселеных вёсак гаспадаркі няма занядбаных сядзіб. А новабудоўляў шмат. Па суседстве з аграгарадком Рамель — вядомыя Альшаны, дзе штогод нараджаецца больш за дзве сотні дзяцей. Перапоўнены выхаванцамі два альшанскія дзіцячыя садзікі. У дзвюх сярэдніх школах — паўтары тысячы вучняў.

У альшанскім сельгаспрадпрыемстве, як і ў рамельскім, агульная праблема — як усіх жадаючых забяспечыць працай. На палях і фермах ААТ «Палеская ніва» занята звыш 650 чалавек. Пасля далучэння дзвюх суседніх гаспадарак з цэнтральнымі сядзібамі ў Аздамічах і Велямічах агульная зямельная пло­шча перавысіла 10 тысяч гектараў. Амаль палова іх — ворыва. На 11 малочна-таварных фермах і комплексах сельгаспрадпрыемства амаль 10 000 галоў буйной рагатай жывёлы. Трэцяя частка пагалоўя — дойныя каровы. Сярэднегадавы надой ад кожнай з іх перавышае 5300 кілаграмаў малака. Ёсць усе падставы выйсці на 6000 кілаграмаў. З пачатку года ў параўнанні з леташнім перыядам значна вырасла валавая вытворчасць прадукцыі жывёлагадоўлі. Штодзённа для перапрацоўкі на ААТ «Савушкин продукт» адпраўляецца 40 тон малака. Выпасваецца статак на акультураных пашах. Зараз сутачныя надоі кожнай каровы набліжаюцца да 20 кілаграмаў.

Штотыднёва з сельгаспрадпрыемства адпраўляецца на Пінскі мясакамбінат да паўсотні кормнікаў вагой кожны па паўтоны. Гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні племянной чорна-пярэстай пароды буйной рагатай жывёлы.

Дзейнічае тут і конезавод. Кіруе ім апантаная справай Марына Ярмоліч. Два дзесяцігоддзі таму яна прыехала сюды па размеркаванні пасля заканчэння Краснаярскага сельгасінстытута, выйшла замуж за палешука і засталася ў Рамлі.

У былыя гады гаспадарка славілася адмысловай птушкафермай, дзе вырошчвалі курэй і качак. Цяпер брэндам сталі коні. На працягу некалькіх гадоў ладзіліся конныя фэсты. Дырэктар спадзяецца, што пасля пераадолення сусветнай каронавіруснай пандэміі традыцыя адновіцца. На пытанне, ці не затратна ўтрымліваць вялікі табун, Аляксей Бародзіч усміхнуўся:

— Да коней у нас асаблівая павага. Як дапамагалі яны селяніну ў вайну і ў мірны час, пакуль не было тэхнікі! У нашым табуне іх звыш 180. Для маладняку не хапае месца ў стайнях. У век тэхнічнага прагрэсу коні па-ранейшаму незаменныя на падвозе дробных грузаў і на іншых гаспадарчых работах. У нас яны ад спартыўных скакуноў да рэдкіх парод. У агульным вытворчым працэсе затраты на ўтрыманне табуна мізэрныя. Плануем за свае сродкі рэканструяваць стайні і надалей падтрымліваць конезавод. Даглядаюць гадаванцаў некалькі чалавек. На нашым іпадроме заняткі з вучнямі сярэдняй школы праводзіць трэнер Наталля Бандзюк.

Галоўны эканаміст Валянціна Дорах адзначыла: штогод табун павялічваецца. У рэспубліцы коні запатрабаваны мала. Спадзяванне пакуль толькі на замежных пакупнікоў. Валянціна Васільеўна дэталёва аналізуе гаспадарчую дзейнасць усіх структурных падраздзяленняў шматпрофільнага сельгаспрадпрыемства. За апошнія гады ў агульным прыбытку найбольшая доля ад рэалізацыі малака. Рэнтабельнасць вытворчасці яго, дзякуючы высокай прадукцыйнасці дойнага статка і прымяненню сучасных тэхналогій, перавышае 20 працэнтаў.

З году ў год пераходзіць трывалы страхавы фонд фуражу. Пільная ўвага надаецца якасці закладзеных кармоў. Тры механізаваныя атрады зараз працуюць на лугах і сенажацях. 25 адзінак тэхнікі ў гэтых атрадах. Дырэктар Аляксей Бародзіч кожны вытворчы нарад пачынае з корманарыхтоўкі:

— Імкнемся своечасова завяршыць першы ўкос. Травы густыя, амаль у пояс. Ад спецыялістаў строга патрабую сачыць за выкананнем тэхналогіі закладкі сенажных траншэй. Што­дзённа на перавозцы травяной масы да траншэй задзейнічана 17 транспартных сродкаў. Спрыяльнае надвор’е максімальна выкарыстоўваем для нарыхтоўкі сена. Пяць механізаваных грабель варочаюць пакосы.

Не заціхае праца і на палях. Механізатары апрацоўваюць пасевы кукурузы і збожжавых, агортваюць бульбу. У раслінаводстве гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні элітнага насення зерневых і бульбы. Плошчы пад гэтыя культуры значна пашырыліся пасля далучэння суседняга слабага сельгаспрадпрыемства «Агра-Колас». Даўгоў яно не мела, але парадку не было ні на палях, ні на фермах. Аператыўна рэканструявалі жывёлагадоўчы комплекс з беспрывязным утрыманнем 650 дойных кароў. Побач пабудавалі дзве даільныя залы.

У гаспадарцы наладжана супрацоўніцтва з беларускімі вучо-нымі-селекцыянерамі. На палескіх супесках добра родзяць сарты бульбы «ўладар», «скарб», «журавінка», «вектар», «маг». Пад гэту культуру адведзена 140 гектараў.

Аляксей Бародзіч за гады дырэктарства пераканаўся, што айчынныя сарты сельгаскультур выгадна адрозніваюцца ад замежных высокімі паказчыкамі адаптыўнасці да глебава-кліматычных умоў і стабільнасцю ўраджайнасці па гадах. Збожжавыя, а яны займаюць амаль 2700 гектараў, стабільна даюць звыш паўсотні цэнтнераў на круг. Большая частка хлебнай нівы — азімая і яравая пшаніца. На некаторых палях камбайнеры намалочваюць з гектара па 70 і болей цэнтнераў зерня.

Старшыня Столінскага райвыканкама Рыгор Пратасавіцкі пільна сачыў за дзейнасцю маладога дырэктара. Напачатку яго працы часта наведваўся ў Рамель, цікавіўся справамі калектыву. Калі неабходна было, даваў парады, дапамагаў. Прапанаваў узяць на абардаж яшчэ адну вельмі заняпалую гаспадарку, бо адчуваў магутны патэнцыял маладога дырэктара. І не памыліўся.

— Падбор кадраў — справа адказная. Стараннасць і працавітасць, арганізатарскія здольнасці Аляксея Бародзіча, які працаваў намеснікам галоўнага ветурача раёна, прыкмеціў доктар сельскагаспадарчых навук дырэктар КСУП «Манькавічы» Аляксей Мікуліч. Рамельская гаспадарка — адна з лепшых у раёне. А побач ніяк не ладзіліся справы ў былых моцных сельгаспрадпрыемствах. Запазычанасць СВК «Велямічы» перавышала 30 мільярдаў недэнамінаваных рублёў. Аляксей Мікалаевіч не адхіліў нашу прапанову прыняць яшчэ адзін заняпалы калектыў. Не спужалі яго мільярдныя даўгі. Ні аднаго чалавека не скараціў. У яго чулыя адносіны да людзей. Ён не толькі ўратаваў вытворчасць, але і ўзваліў на сябе ўсю сацыяльную сферу. Яго падтрымалі ў аблвыканкаме. Гаспадарку ўключылі ў абласную меліярацыйную праграму. Па акультураным масіве з Веляміч да Рамля праклалі пяцікіламетровы шлях. Дапамог і наш земляк, старшыня Следчага камітэта Беларусі Іван Наскевіч: да вёскі Цераблічы пралягла асфальтаваная дарога. Побач з гэтай аддаленай вёскай паўстала новая жывёлагадоўчая ферма. Людзі атрымалі дадатковыя працоўныя месцы.

Праблема працаўладкавання на Століншчыне, дзе няма буйных прамысловых прадпрыемстваў, актуальная. Аляксей Бародзіч імкнецца на тэрыторыі далучаных гаспадарак ствараць новыя вытворчасці.

Дбае дырэктар і пра сацыяльную сферу. Спрыяльныя ўмовы створаны для жыцця ў кожнай з васьмі вёсак гаспадаркі. У аддаленых Цераблічах уражвае разнастайнасцю і багаццем экспанатаў Народны музей этнаграфіі, які стварыў таленавіты самародак скульптар-разьбяр па дрэве Іван Супрунчык. Сярод мноства самых розных побытавых, культавых і іншых экспанатаў здзіўляе драўляная пральная машына, якой больш за два стагоддзі. Кемлівыя палешукі абыходзіліся без электрычнасці і пральных парашкоў. Выдзеўбаную з тоўстага дрэва ёмістасць, так званую жлукту, запаўнялі бялізнай, перасыпаючы яе драўляным попелам, і залівалі варам. Праз нейкі час гэта злівалі, а бялізну паласкалі ў чыстай вадзе. Ніякага ўрону прыродзе і здароўю чалавека. Мноства прылад сялянскага побыту сабрана ў экспазіцыі. Іван Супрунчык у ліку першых у рэспубліцы атрымаў спецыяльную прэмію Прэзідэнта Беларусі «За духоўнае адраджэнне».

Узгадваючы сваю стажыроўку ў нямецкіх баўэраў, Аляксей Бародзіч адзначае: ёсць чаму ім павучыцца ў палескіх гаспадароў.

Фота аўтара


Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter