Менавіта пра тыя векапомныя дні «Р» прапанавала расказаць беларускім гісторыкам, навуковым супрацоўнікам Інстытута гісторыі НАН Беларусі: кандыдату гістарычных навук, дацэнту, дырэктару Вадзіму ЛАКІЗУ, кандыдату гістарычных навук, дацэнту, вядучаму навуковаму супрацоўніку Валянціну МАЗЕЦУ, кандыдату гістарычных навук, вядучаму навуковаму супрацоўніку Мікалаю НЕСЦЯРОВІЧУ, кандыдату гістарычных навук, загадчыку аддзела найноўшай гісторыі Беларусі Сяргею ТРАЦЦЯКУ.
![]() |
![]() |
![]() |
![]() |
З жыцця ў Заходняй Беларусі
«Р»: — Паводле ўмоў Версальскага трактата, Рыжскага мірнага дагавора і Канстытуцыі 1921 года Польская дзяржава абавязалася забяспечваць усе правы нацыянальных меншасцей — культурна-нацыянальныя, сацыяльна-эканамічныя, рэлігійныя. Аднак неўзабаве пра гэта забылася і пачала палітыку паланізацыі. Што яна ўключала і якімі метадамі праводзілася? Напэўна, нездарма ў 1925 годзе былы прэм’ер Польшчы Скульскі заявіў дэпутатам Беларускага пасольскага клуба ў Сойме: «Запэўніваю вас, што праз дзесяць гадоў у Польшчы нават са свечкай не знойдзеце ніводнага беларуса».Валянцін МАЗЕЦ:
— Сапраўды, адзначанымі вышэй дакументамі нацыянальным меншасцям Польскай дзяржавай гарантавалася права на маёмасць і ахову яе з боку дзяржавы, свабода веравызнання, права навучання на роднай мове, ужыванне яе ў грамадскіх і дзяржаўных установах, права сходаў, стварэнне таварыстваў і арганізацый і г.д. На практыцы гэтыя правы парушаліся, праводзіўся мэтанакіраваны курс на паланізацыю беларускага насельніцтва.
Сведчаннем гэтага з’яўляюцца наступныя факты. На анексіраваных Польшчай землях у пачатку 1919 года функцыянавала 359 беларускіх школ, дзве настаўніцкія семінарыі — у Барунах і Свіслачы, пяць агульнаадукацыйных гімназій — у Вільні, Радашковічах, Навагрудку, Клецку і Нясвіжы. Да 1924-га засталося толькі 37 беларускіх школ і чатыры гімназіі з абмежаванымі правамі. Школьная рэформа ў Польшчы пачатку 1930-х гадоў паспрыяла поўнаму заняпаду беларускіх школ. Шматступеньчатасць, высокая плата за навучанне і іншыя новаўвядзенні абмяжоўвалі доступ дзяцей большасці беларускага насельніцтва ў сярэднія школы і ВНУ. Віленская і Навагрудская беларускія гімназіі ў 1932/33 навучальным годзе былі пераўтвораны ў філіялы польскіх навучальных устаноў. У 1934 годзе гімназія ў Навагрудку была ўвогуле ліквідавана. У Віленскім універсітэце ў пачатку 1930-х гадоў доля студэнтаў-беларусаў складала 1—2,8 працэнта ад агульнай колькасці. У 1938/39 навучальным годзе на тэрыторыі Заходняй Беларусі не засталося ніводнай беларускай школы. Польскіх школ таксама было недастаткова, каб забяспечыць навучанне ўсіх дзяцей. Па гэтай прычыне ў верасні 1939-га 129,8 тысячы дзяцей школьнага ўзросту засталіся па-за межамі адукацыі.

Сяргей ТРАЦЦЯК:
— Адной з праяў нацыянальнага ўціску была рэлігійная нецярпімасць польскага ўрада да праваслаўнага насельніцтва Заходняй Беларусі. З 500 праваслаўных цэркваў, што існавалі ў краі, да 1924 года палова была пераўтворана ў касцёлы. Улады чынілі перашкоды каталіцкім ксяндзам-беларусам, упарта дамагаліся пераходу праваслаўных прыходаў Заходняй Беларусі пад юрысдыкцыю створанай у 1925-м Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы. І каталіцкая царква, і польская праваслаўная аўтакефалія разглядаліся дзяржавай як інструмент паланізацыі беларусаў.
Палітыка прававой дыскрымінацыі нацыянальных меншасцей атрымала сваё лагічнае завяршэнне ў афіцыйнай заяве міністра замежных спраў Юзафа Бека на пасяджэнні Лігі Нацый у Жэневе ў верасні 1934 года, што Польшча адмаўляецца ад дадзеных раней гарантый аб ахове правоў нацыянальных меншасцей. Гэты чарговы дэмарш санацыйнага рэжыму з’явіўся падставай для правядзення мэтанакіраванай палітыкі далейшага апалячвання беларускага насельніцтва.

Людзі «другога гатунку»
«Р»: —У афіцыйных польскіх дакументах назва «Заходняя Беларусь» не выкарыстоўвалася: польскія ўлады называлі гэтую далучаную да Польскай дзяржавы тэрыторыю паўночна-ўсходнімі або ўсходнімі ўскраінамі («крэсы ўсходнія»). Што можна сказаць пра дэмаграфічны склад так званых крэсаў усходніх і польскую палітыку яго змянення?Сяргей ТРАЦЦЯК:
— Польская дзяржава і грамадства ў той час апынуліся ў заложніках парадыгмы, якая была сфармулявана яшчэ ў канцы XVIII стагоддзя польскімі патрыётамі, калі Польскай дзяржавы пасля падзелаў Рэчы Паспалітай не стала. У іх свядомасці ад таго часу стаяў знак роўнасці паміж грамадзянінам Польшчы і палякам. Таму ўсіх грамадзян Польшчы, якія палякамі сябе не лічылі, трэба было ў палякаў пераўтварыць. Тое, што на землях, якія Польшча атрымала ў выніку ваенных дзеянняў 1919—1920 гадоў, жыве 36 працэнтаў непалякаў, успрымалася як «часовыя непрыемнасці», якія трэба проста пераадолець. І польскае кіраўніцтва, і польская інтэлігенцыя лічылі, што пераадолена гэта будзе вельмі хутка, бо ў суседзяў, у прыватнасці, у беларусаў, якія трапілі пад іх кантроль, няма сваёй інтэлігенцыі і сваёй палітычнай эліты. З гэтым яны, вядома, памыліліся.
У мэтах абгрунтавання правамернасці ўключэння беларускіх зямель у склад Польскай дзяржавы ў час урадавага перапісу 30 верасня 1921 года былі штучна заніжаны даныя аб колькасным ліку беларускага насельніцтва. Так, паводле афіцыйных даных перапісу колькасць беларускага насельніцтва далучаных «паўночна-ўсходніх зямель» склала 1 035 693 чалавекі.
Тэндэнцыйны характар урадавага перапісу, які адначасова быў і «таварам на экспарт», прызнаюць і многія польскія гісторыкі.
У той жа час нельга пагадзіцца з вызначэннем колькаснага ліку беларускага насельніцтва анексіраваных «паўночна-ўсходніх зямель» у 1 350 000 чалавек польскім гісторыкам і дэмографам П. Эберхартам. Ён выключыў з падлікаў Ашмянскі, Віленска-Трокскі і Свянцянскі паветы Віленскага ваяводства (да сакавіка 1922 года ўваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы), а таксама беларускае насельніцтва трох усходніх паветаў Беластоцкага ваяводства (Сакольскага, Беластоцкага і Аўгустоўскага), абмежаваўшыся толькі Гродзенскім і Ваўкавыскім паветамі. Прычым, нягледзячы на фармальнае прызнанне даследчыкам недакладнасці канфесійнага прынцыпу пры вызначэнні нацыянальнага складу насельніцтва памежных тэрыторый, у аснову падлікаў быў пакладзены прынцып веравызнання.
Згодна з падлікамі, зробленымі яшчэ ў 1920-х гадах беларускім даследчыкам Р. Паўстынскім, які зыходзіў з матэрыялаў перапісу 1921 года, а таксама перапісу 1919-га, што тычыліся Сярэдняй Літвы, колькасць беларускага насельніцтва Навагрудскага і Палескага ваяводстваў (без Камень-Кашырскага павета), пяці ўсходніх паветаў Беластоцкага ваяводства і сямі паветаў Віленскага ваяводства склала 2 372 000 чалавек, з агульнага ліку 3 171 000 чалавек, а тэрыторыя — 98 815 км2 (25,4 працэнта тэрыторыі Польшчы). Дзве апошнія лічбы меншыя, чым прыведзеная ў калектыўнай манаграфіі «Рэвалюцыйны шлях Кампартыі Заходняй Беларусі», што доўгі час была своеасаблівым эталонам для гісторыкаў па Заходняй Беларусі.
Таму колькасць беларускага насельніцтва можна вызначыць прыкладна ў 2 мільёны чалавек, калі не ўлічваць каля 500 тысяч бежанцаў, што вярнуліся на радзіму да 1 ліпеня 1924 года, большую частку якіх складалі беларусы. Тым не менш беларусы на анексіраваных паўночна-ўсходніх землях складалі большасць насельніцтва — звыш 75 працэнтаў, калі зыходзіць з апошніх прыведзеных падлікаў.

Жыццё пад двайным прыгнётам
«Р»: —У міжваенны перыяд Польшча прадпрымала шмат намаганняў, каб абзавесціся калоніямі ў Афрыцы. Але фактычна Заходняя Беларусь уяўляла сабой унутраную калонію Польскай дзяржавы: кіруючыя колы разглядалі яе як пастаўшчыка сыравіны і таннай рабочай сілы, рынак збыту для прадукцыі цэнтральных ваяводстваў. Што можна сказаць пра эканамічнае становішча ў Заходняй Беларусі?Мікалай НЕСЦЯРОВІЧ:
— Сапраўды, кіраўніцтва Польскай дзяржавы адводзіла «ўсходнім крэсам» ролю аграрна-сыравіннага прыдатка больш развітых у прамысловых адносінах цэнтральных і заходніх раёнаў краіны. Таму прамысловасць краю аднаўлялася вельмі марудна. Так, у 1928 годзе (найлепшым з пункта гледжання прамысловай кан’юнктуры) дзейнічала каля дзвюх тысяч прадпрыемстваў, аднак на 80 працэнтах з іх працавала ад 5 да 20 чалавек. Цяжкай прамысловасці ў краі наогул не было. На долю харчовай і мясаперапрацоўчай прамысловасці прыпадала 2/3 прадпрыемстваў і рабочых. У дрэваапрацоўчай, тэкстыльнай, будаўнічых матэрыялаў і іншых галінах лёгкай прамысловасці было толькі 89 прадпрыемстваў з колькасцю 100 і больш рабочых, а ў іх ліку — шэсць з колькасцю 500 і больш работнікаў.
Не спрыялі развіццю прамысловасці Заходняй Беларусі ўведзеныя польскім урадам ільготныя чыгуначныя тарыфы для вывазу з усходніх ваяводстваў сыравіны і ўвозу туды прамысловых вырабаў з цэнтральных і заходніх ваяводстваў Польшчы. Таму адзінай галіной прамысловасці краю, якая набыла значнае развіццё, была дрэваапрацоўчая, што вяло да празмернай эксплуатацыі лясных багаццяў польскімі і замежнымі манаполіямі. У дрэваапрацоўчай прамысловасці прадпрыемствы па вырабе фанеры займалі выключнае месца, паколькі 3/4 усёй прадукцыі ішло на экспарт. Гэтая доля складала каля 70 працэнтаў агульнапольскага экспарту фанеры ў 1930-я гады. Найбольш буйнымі прадпрыемствамі з’яўляліся запалкавая фабрыка «Прагрэс-Вулкан» у Пінску, тытунёвая і фанерная фабрыкі ў Гродне, фанерная фабрыка ў Мастах Гродзенскага павета, шклозавод «Неман» у Лідскім павеце.
У прамысловасці, на транспарце і лесараспрацоўках было занята каля 100 тысяч чалавек. Сацыяльнае заканадаўства аб 8-гадзінным рабочым дні, бальнічных касах, платных водпусках, ахове дзяцінства ў Заходняй Беларусі амаль не прымянялася. Заработная плата была меншая, чым у цэнтральных раёнах Польшчы. Тэндэнцыя больш нізкай заработнай платы захоўвалася на працягу ўсяго перыяду, які мы разглядаем. Напрыклад, у сакавіку 1925 года ў адной з найбольш высокааплатных галін — паліграфічнай — заработная плата рабочых-тэкставікоў у Вільні складала 9,38 злотага, у Варшаве — 16,72 злотага за тыдзень. На жнівень 1935-га сярэдні заробак за адну гадзіну па Беластоцкім ваяводстве складаў 0,55 злотага, Віленскім — 0,58, Навагрудскім — 0,28, Палескім — 0,42, у той час як у Варшаўскім — 0,66, а для ўсёй Польшчы — 0,63 злотага.
У выніку эканамічнага крызісу 1929—1933 гадоў становішча рабочага класа яшчэ больш пагоршылася. Паводле афіцыйных даных, спынілі працу 230 прадпрыемстваў, а колькасць рабочых у сярэдзіне 1933-га зменшылася на 46 працэнтаў. У адпаведнасці з выдадзенымі ў сакавіку 1933-га законамі адмяняліся 46-гадзінны працоўны тыдзень, аплата нядзельных і перадсвяточных дзён, якія прыпадалі на адпачынак.
Выхад з эканамічнага крызісу ішоў марудна. Толькі ў 1938 годзе колькасць заходнебеларускіх прамысловых рабочых паблізілася да ўзроўню 1928-га і склала 83,5 працэнта ад узроўню 1913 года.

Ні зямлі, ні волі
«Р»: —Заходняя Беларусь была пераважна аграрным краем. Пры гэтым зямлі для вядзення сялянамі гаспадаркі не заўсёды хапала. Якім шляхам польскія ўлады імкнуліся вырашыць зямельнае пытанне, а таксама павысіць таварнасць сялянскай гаспадаркі?Сяргей ТРАЦЦЯК:
— Сапраўды, больш за 55 працэнтаў усёй зямлі краю (без Віленска-Трокскага, Свянцянскага і Ашмянскага паветаў) належала 3866 памешчыкам, зямельныя ўладанні якіх перавышалі 100 гектараў. Яны складалі менш за адзін працэнт уласнікаў і валодалі 4 209 584 гектарамі зямлі. Каля 500 магнатаў мелі больш як 1000 гектараў. Такой канцэнтрацыі зямельнай уласнасці не было ні ў адной з тагачасных краін Еўропы. Асобныя зямельныя магнаты (Радзівіл, Патоцкі, Сапега, Тышкевіч, Мяйштовіч і іншыя) валодалі дзясяткамі тысяч гектараў зямлі.
У той жа час на 610 тысяч сялянскіх гаспадарак прыходзілася 4,3 мільёна гектараў (52 працэнта ўсёй зямлі). З іх 56 працэнтаў мелі менш чым пяць гектараў зямлі кожная. Члены сямей гэтай групы сялян, каб пракарміцца і звесці канцы з канцамі, былі вымушаны падзарабляць у памешчыкаў, асаднікаў, заможных сялян, на лесараспрацоўках і г.д. Таму сяляне, большую частку якіх складалі беларусы, пакутавалі ад малазямелля і беззямелля, падатковага прыгнёту і самавольства чыноўнікаў.
Мікалай НЕСЦЯРОВІЧ:
— Каб знізіць сацыяльную напружанасць і адкрыць шлях да больш хуткага развіцця капіталістычных адносін у сельскай гаспадарцы, польскі ўрад вырашыў правесці аграрныя пераўтварэнні. Пачаліся парцэляцыя (продаж праз зямельны банк часткі памешчыцкай і дзяржаўнай зямлі), камасацыя (звядзенне ў адзін участак дробных сялянскіх палосак з адначасовым высяленнем на хутар) і ліквідацыя сервітутаў (сумеснае карыстанне сялян і памешчыкаў выганамі, сенажацямі і пашамі). Парцэляцыя на заходнебеларускіх землях была выкарыстана польскім урадам у значнай ступені для засялення заходнебеларускіх зямель польскімі ваеннымі і грамадзянскімі каланістамі, так званымі асаднікамі, якім дарма ці па невялікай цане даваліся зямельныя ўчасткі памерам ад 15 да 45 гектараў. У 1939 годзе ў Заходняй Беларусі налічвалася да 10 тысяч асаднікаў. Большасць з іх здавалі зямлю ў арэнду сялянам, што яшчэ больш абвастрала сацыяльную напружанасць.
Аб’ектыўна камасацыя, якая стала праводзіцца з ліпеня 1923 года, была прагрэсіўнай з’явай і ўяўляла сабою насаджэнне фермерскіх гаспадарак. Аднак усе расходы, звязаныя з правядзеннем камасацыі, улады ўсклалі на плечы сялянства. У той жа самы час сяляне на заходнебеларускіх землях былі пазбаўлены сервітутаў, якімі карысталася палова сялянскіх гаспадарак.
Ліквідацыя сервітутаў пашырала і ўмацоўвала эканамічныя пазіцыі землеўладальнікаў польскага паходжання, ішла на карысць заможным сялянскім гаспадаркам фермерскага тыпу, паколькі адкрывала шырокія магчымасці для вядзення імі таварнай прадпрымальніцкай жывёлагадоўлі. Разам з тым яна рэзка пагаршала становішча бядняцкіх і малазаможных серадняцкіх гаспадарак, бо падрывала магчымасці сялянскай жывёлагадоўлі. Менавіта таму заходнебеларускае сялянства ўпарта супраціўлялася скасаванню сервітутаў, а судовыя працэсы сялян за сервітуты заўсёды былі для іх безвыніковымі.
Вадзім ЛАКІЗА:
— Сёння мы абапіраемся на шматлікія дакументальныя матэрыялы, дзясяткі і сотні навуковых артыкулаў, манаграфічныя даследаванні па азначанай тэматыцы. І вельмі важна, што актыўная мэтанакіраваная навукова-даследчая праца не спыняецца. Прывяду прыклад паспяховай абароны ў савеце Інстытута гісторыі кандыдацкай дысертацыі Ларысы Лаўрэенкі «Прамысловасць, рамесніцтва і гандаль на тэрыторыях Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)». Згадаю толькі адзін невялікі тэзіс з гэтай работы: «Заходнебеларускі рэгіён вылучаўся невысокім узроўнем урбанізацыі і развіцця індустрыі з-за слабага прытоку капіталаўкладанняў, незацікаўленасці польскіх улад». Можна пазнаёміцца і з доктарскай дысертацыяй Віталя Крывуця «Маладзёжная палітыка польскіх улад у Заходняй Беларусі (1921—1939 гг.)», якая была абаронена ў красавіку гэтага года таксама ў нашым інстытуце. Звернемся, напрыклад, да такой цытаты даследчыка: «Асновай маладзёжнай палітыкі польскіх улад, у тым ліку на тэрыторыі Заходняй Беларусі, з’яўлялася канцэпцыя «дзяржаўнага выхавання»… Гэта — найважнейшы інструмент паланізацыі маладога пакалення нацыянальных меншасцяў міжваеннай Польшчы».

Круглы стол правёў Міхаіл Валькоўскі
(Заканчэнне ў наступным нумары)