Шлягеры на ўсе часы-2

Усходне-заходні культурны вектар сяброўства абазначыў новы праект Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусі, які носіць назву “Шлягеры на ўсе часы” і складаецца з чатырох канцэртаўУ гэтыя дні яны праходзяць у вялікай зале Белдзяржфілармоніі і прысвечаны, як і ўвесь канцэртны сезон заслужанага калектыву “Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі” пад кіраўніцтвам народнага артыста краіны прафесара Міхаіла Фінберга, Году роднай зямлі і 65-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Праект нарадзіўся летась з благаславення Мінгарвыканкама і меў ашаламляльны поспех у публікі. На чатыры канцэрты, прысвечаныя творчасці выдатных кампазітараў Тарывердзіева і Фельцмана, неўміручаму джазу і песеннай класіцы ўсіх часоў і народаў, у галоўную  музычную залу краіны нават не маглі патрапіць усе жадаючыя. Па-першае, жыхары сталіцы згаладаліся па жывому гуку, па добрых песнях і мелодыях, якія спявалі ўсе пакаленні. Па-другое, не часта, на жаль, даводзіцца мінчанам трапляць на канцэрты гэтага славутага калектыву. Так склалася, што з-за адсутнасці ўласнай залы адзін з лепшых аркестраў Еўропы больш слухаюць у малых гарадах краіны, дзе аркестрам Фінберга ладзяцца шмат гадоў фестывалі і музычныя святы, якія адраджаюць імёны і музыку беларускіх кампазітараў розных стагоддзяў. “Пакуль што мы яшчэ толькі марым, каб нашы праграмы і праекты слухалі ў Мінску гэтак жа рэгулярна, як і ў іншых гарадах краіны, — гаворыць маэстра Фінберг. — Чатыры канцэрты запар у Белдзяржфілармоніі, якія ўжо становяцца традыцыйнымі, спадзяёмся, — першы крок да такога паяднання са сталічным гледачом”.   
Менавіта поспех у гледачоў натхніў і самога маэстра, і музыкантаў, і спевакоў на стварэнне “Шлягера на ўсе часы-2”. Чатыры сакавіцкія вечары з аркестрам Фінберга — гэта канцэрты памяці спявачкі Ганны Герман — “Рэха кахання” і паэта Міхаіла Таніча — “Залатое сэрца”. Гэта версія легендарнай музыкі “Бітлз” ад заслужанага артыста Беларусі, гітарыста і аранжыроўшчыка Уладзіміра Ткачэнкі і, нарэшце, лепшыя песні, створаныя кампазітарамі ХХ — ХХІ стагоддзяў. І адметная рыса “Шлягераў” — вядучы, любімец публікі, музыказнаўца, народны артыст Расіі Святаслаў Бэлза. Ён асабіста быў знаёмы і з Герман, і з Танічам, ён з асаблівым задавальненнем працуе з еўрапейскім гранд-аркестрам, як па праву называюць зараз аркестр Фінберга.
Пытаюся ў маэстра Фінберга, чаму выбар герояў новых “Шлягераў” паў менавіта на Герман і Таніча? Таму, чую ў адказ, што Ганна Герман адносіцца да тых зорак, свет якіх з часам становіцца ўсё больш яркім і прыцягальным. А для аркестра зварот да яе творчасці — не толькі гонар, але і вялікая адказнасць. Нездарма ж у падрыхтоўцы праекта ўзялі ўдзел славутыя музыканты, якія творам з рэпертуару спявачкі надалі новае жыццё сваімі густоўнымі аранжыроўкамі і выканальніцкімі падыходамі. Асобы сэнс укладзены ў праграму, прысвечаную памяці паэта-франтавіка Міхаіла Таніча, гаворыць Міхаіл Фінберг.  Пакуль гучыць слова гэтага чалавека, які спазнаў вайну, цяжар лагераў, вяртанне да новай рэчаіснасці, жывой застаецца ідэя гуманізму, шчырасці, дабрыні, вышэйшай справядлівасці і сапраўднага братэрства. Дарэчы, шлягерам, перакананы маэстра, можна лічыць толькі тыя творы, якія і праз дзесяцігоддзі слухаюць і спяваюць усе пакаленні.
“Наша краіна Беларусь знаходзіцца ў цэнтры не толькі палітычнай, але і музычнай Еўропы, — гаворыць Міхаіл Фінберг. — І доказ таму — наш музычны праект, наша адкрытасць музыцы розных стыляў і эпох. Каб жыць у міры, заклікаюць музыканты нашага аркестра, давайце спяваць разам!”
А білеты на ўсе чатыры канцэрты былі прададзены яшчэ месяц таму.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter