Ішлі браты дарогамі ратнымі

У Добрушы знойдуцца людзі, якія добра памятаюць Васіля Андрэевіча і Зінаіду Сямёнаўну Паньковых. Да вайны яны працавалі на папяровай фабрыцы. Нарадзілі і далі пуцёўку ў самастойнае жыццё тром сваім сынам – Мікалаю, Аляксандру і Фёдару. ...Перад новым 1941 годам бацькі ў Добрушы атрымалі ад старэйшага сына Мікалая невялічкі фотаздымак, на адваротным баку якога было напісана: “З Новым, 1941 годам. Вас усіх!!! Ст.Буда. л/завод-4. 23.ХІІ-40”. Перад самай вайной ён з сям’ёй жыў і працаваў у Заходняй Беларусі, на станцыі Буда, што пад Баранавічамі. Сустрэўшы тут пачатак вайны, Мікалай Панькоў застаўся на прадпрыемстве, займаўся дэмантажом і эвакуацыяй абсталявання ў глыбокі тыл краіны. Калі заданне было выканана, усе спешна пачалі пакідаць прадпрыемства. Інжынеру Панькову выдзелілі каня. Пагрузілі на воз няхітрае хатняе дабро і з тым рушылі ў Добруш. Але не паспелі ад’ехаць i некалькі кіламетраў ад Баранавічаў, як павозку дагнаў коннік. Звяртаючыся да Мікалая, добры чалавек усхвалявана папярэдзіў: – Кідайце ўсё, хавайцеся ў лесе! Вас шукаюць немцы! ...Каня давялося кінуць. Да самай Рэчыцы прабіраліся па лясах і балотах з малымі дзецьмі — Аляксандрам і Алегам на руках. На вакзале ў Рэчыцы дапамог камендант: пасадзіў на цягнік. Так на вугалі, у паравозным тэндэры і даехалі да Гомеля. Ужо адтуль — пехатой да Добруша. А праз некаторы час Мікалай Васільевіч пайшоў на фронт. Ваяваў у артылерыі... Дайшоў да Усходняй Прусіі. ...Сын салдата Аляксандр Панькоў з гордасцю трымае ў руках баявыя ўзнагароды свайго бацькі. Пяць падзяк, атрыманых ім ад Вярхоўнага Галоўнакамандуючага Іосіфа Сталіна, сведчаць пра многае. Мікалаю Панькову не ўдалося дайсці да логава фашыстаў – Берліна. Ад Кёнігсберга прыйшлося пераадольваць няблізкі шлях да Порт-Артура. Там, у баях з японскімі самураямі, і закончыў вайну Мікалай Васільевіч. Франтавік быў двойчы паранены, перанёс кантузію. Дэмабілізавалі яго ўвосень 1945 года. У родным горадзе пасля вайны ён аднаўляў папяровую фабрыку “Герой працы”, на якой працаваў да выхаду на пенсію на розных інжынерна-тэхнічных пасадах. * * * ...Фёдар быў малодшым у сям’і Васіля Андрэевіча і Зінаіды Сямёнаўны Паньковых. Служыў у зенітнай артылерыі, удзельнічаў у абароне Масквы. Аб яго баявых подзвігах сведчаць шматлікія ўзнагароды. Паводле слоў яго пляменніка Аляксандра, дзядзька часта дзяліўся з ім успамінамі пра баявыя шляхі-дарогі. Запомніўся эпізод пра сустрэчу з легендарным генералам Даватарам. Было гэта ў 1942 годзе пад Ржэвам. Праз баявыя парадкі батарэі, якой камандаваў Фёдар Панькоў, ішла конная дывізія генерала Даватара. Яна трымала шлях на Ленінград. У той дзень, наведаўшы пазіцыю батарэі, Даватар нечакана аб’явіў артылерыстам трывогу. Байцы хутка занялі свае баявыя пазіцыі. Ніводная дэталь не засталася па-за ўвагай генерала. Пасля адбою трывогі Даватар падышоў да камбата і строга спытаў: – Чаму артылерысты без стралковай зброі? – На ўзвод у нас прыпадае адна зенітка і вінтоўка для часавога, таварыш генерал, – адказаў Фёдар. Пасля такога адказу яшчэ больш пасуровелі вочы Даватара. Пасля пераможнага мая 1945 года салдат-франтавік вярнуўся ў родны горад. Доўгі час працаваў тут у аддзеле капітальнага будаўніцтва райвыканкома. Нямала на Добрушчыне ёсць аб’ектаў, да якіх, вобразна кажучы, прыклаў руку Фёдар Панькоў. Адзін з іх – цэнтральная плошча горада. Ён планаваў і непасрэдна кіраваў работамі па яе добраўпарадкаванні. * * * Зінаіда Сямёнаўна ўсё яшчэ не магла паверыць, што здарылася непапраўнае. Яна раз-пораз кідала позірк на паперку, толькі што перададзеную ёй паштальёнам. Сэнс напісанага нарэшце дайшоў да яе свядомасці: “Сяржант Аляксандр Панькоў загінуў смерцю храбрых 31 жніўня 1941 года...”. Крык-стогн параненай душы вырваўся з грудзей маці: пахавальная прыйшла ў Добруш больш як праз год пасля смерці сына. ...Аляксандр Панькоў сустрэў вайну малодшым сяржантам. Да гэтага часу паспеў скончыць авіяцыйную школу пад Бабруйскам, быў стралком-радыстам. Паваяваць яму давялося крыху больш за два месяцы... Лета 1941 года было трагічным для савецкага народа, яго Чырвонай арміі. У паветры панавала фашысцкая авіяцыя. У тыя гарачыя дні Аляксандр Панькоў вылятаў на баявыя заданні на ўчастку Бранскага фронту. Увесь час варожай акупацыі бацькі, родныя і блізкія не ведалі пра лёс Аляксандра. Толькі пасля доўгачаканага вызвалення горада сюды прыйшла пахавальная. Дзе загінуў адважны воін, у якой зямлі пахаваны, доўгі час было невядома. А як хацелася родным і блізкім ведаць пра гэта! Яны зрабілі запыт у часць, дзе служыў Аляксандр. Неўзабаве прыйшоў адказ. Камандзір часці Шаўцоў паведамляў: “Панькоў Аляксандр Васільевіч пры выкананні баявога задання загінуў у паветраным баі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Месца пахавання невядома”. Такое ж несуцяшальнае паведамленне ў маі 1970 года атрымаў з Цэнтральнага архіва Міністэрства абароны СССР і брат Фёдар. У пачатку 70-х гадоў юныя следапыты з Добруша даведаліся, што паблізу ад Бранска ўстаноўлены мемарыяльны комплекс, на адной з пліт якога залатымі літарамі высечана: “Панькоў А.В.”. Фёдар Панькоў звяртаецца ў Бранскі абласны ваенны камісарыят. 10 студзеня 1975 года адтуль паведамілі: “Панькоў А.В. загінуў 31 жніўня 1941 года, пахаваны ў брацкай магіле ў раёне станцыі Снежыцкая на тэрыторыі Вяліка-Полпінскага пасялковага Савета Валадарскага раёна горада Бранска. На магіле ўстаноўлены помнік і мемарыяльная дошка з імёнамі 185 загінуўшых”. А неўзабаве да брата загінуўшага лётчыка-штурмавіка ў Добруш прыйшло пісьмо-запрашэнне з Бранска ад старшыні мясцовага пасялковага Савета. Ён пабываў на месцы пахавання Аляксандра ў дзень святкавання 30-годдзя Вялікай Перамогі. Там і сустрэўся са сведкамі апошняга паветранага бою брата. ...У апошні дзень жніўня 1941 года над пасёлкам завязаўся паветраны бой савецкіх самалётаў “ІЛ-2”, што атрымалі назву “лятаючыя танкі”, з вялікай групай варожых знішчальнікаў. Сілы былі няроўныя. Раптам адзін самалёт з чырвонымі зоркамі на крылах загарэўся, машына пачала падаць. У небе з’явіліся дзве светлыя кропкі – купалы парашутаў. Вяскоўцы ўспаміналі, як да апошняга моманту з падаючага, ахопленага полымем самалёта вёўся агонь. У ім заставаўся стралок-радыст. Невядома, па якой прычыне Аляксандр Панькоў не пакінуў самалёт. Захапіўся боем, быў цяжка паранены? Гэту тайну ён так і забраў з сабой.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter