Cупляменнікі ў Даўгаўпілсе ганарацца Беларускай школай, якой сёлета споўнілася 20 гадоў

Школа — гэта будучыня

Cупляменнікі ў Даўгаўпілсе ганарацца Беларускай школай, якой сёлета споўнілася 20 гадоў, і гатовы падзяліцца карысным досведам культурна-адукацыйнай працы


Удзельнікі свята ў школе “Вясёлка”

“Вясёлка” прымала віншаванні


Нядзельная Беларуская школа ў Даўгаўпілсе працуе пры беларускім культурна-асветніцкім таварыстве “Уздым”. А на пачатку кастрычніка ў малой зале Палаца культуры яе вучні, выкладчыкі сустракалі гасцей і прымалі віншаванні з нагоды 20-х угодкаў школы. Зала — поўная сяброў, гасцей, знаёмых. Мы згадвалі, як 8 кастрычніка 1995 года пачаліся заняткі ў школе, і таму, дарэчы, ёсць традыцыя: пачынаць новы навучальны год у ёй у Дзень настаўніка. Свята “Беларускай школе “Вясёлка” — 20” мы прысвяцілі яшчэ 740-годдзю Даўгаўпілса — горада шматнацыянальнага, шматколернага, нібы вясёлка. Ягоная такая асаблівасць дае вялікія магчымасці розным этнакультурным суполкам развівацца, захоўваючы мову, культуру, традыцыі.

Ганаровымі гасцямі свята былі Генконсул Беларусі Уладзімір Клімаў, кіраўніца Цэнтра беларускай культуры Жанна Раманоўская, старшыня таварыства “Уздым” Валеры Амбросаў, першыя настаўніцы беларускай школы Вольга Паўловіч і Таццяна Бучэль. Гасцямі ды ўдзельнікамі свята сталі творчыя гурты Рускага ліцэя: настаўнікаў “Каприз” (кіраўніца Іна Лыкава) ды танцавальны “Балагура” (кіраўніца Арына Папова). Выступаў  і гурт “Jautrais maestro” (кіраўніца Таццяна Піменава), вучні школы “Varavīksne” з Краславы: яны вывучаюць беларускую мову, культуру, традыцыі на факультатыве “Матчына культура”. Прымаў удзел гурт ЦБК і таварыства “Уздым” “Пралескі” — менавіта ў гэты дзень і ён адзначаў першы творчы юбілей.

Артысты падарылі нам песню “Вясёлка” на словы Станіслава Валодзькі з музыкай Альберта Белуся. Выступалі і дзеці беларускай нядзельнай школы “Вясёлка”, з якімі працуюць Таццяна Блізнакова (музычны работнік), Вольга Паўловіч (настаўніца беларускай мовы і літаратуры), Галіна Сантоцкая (выкладае гісторыю і культуру), Людміла Сінякова (настаўніца беларускай мовы, каардынатар дзейнасці школы). Былі на свяце і выхаванцы дзіцячага прытулку “Priedīde”, з якімі мы стараемся падтрымліваць стасункі.

І было шмат падарункаў. Нас віншавалі сябры, члены суполкі “Уздым”, бацькі, знаёмыя. Ад Генконсула мы атрымалі 4 тамы “Вялікай беларускай энцыклапедыі”, зборнік вершаў падарыў паэт Стасніслаў Валодзька. Дзеці атрымалі салодкія падарункі, а першакласнікі — падарункі ад “Уздыму”.

Вольга Паўловіч і Таццяна Бучэль успаміналі, як пачыналі працу ў школе. Цёплыя словы настаўніцам казала выпускніца А. Сяменава, якая цяпер — удзельніца гуртоў “Пралескі” ды “Лянок”. Добры прыклад для іншых юнакоў і дзяўчат: ісці ў творчыя беларускія гурты. Свята праходзіла як адзін з праектаў Паўд­нёвалатгальскага аддзялення Цэнтра падтрымкі недзяржаўных арганізацый.


На семінары выступае Людміла Сінякова

Досвед, варты пераймання


Маючы сваю нядзельную беларускую школу, мы гатовы і з іншымі  дзяліцца досведам таго, як яна працуе. А заадно пераймаць іх напрацоўкі. І 28 лістапада ў Цэнтры беларускай культуры прайшоў міжнародны семінар “Беларуская школа: шляхі развіцця. Досвед інтэграцыі” — яго ладзілі таварыства “Уздым” пры падтрымцы ЦБК.

У семінары паўдзельнічалі супрацоўнік школьнай управы Агнесе Юргітэ, консул Беларусі ў Даўгаўпілсе Антаніна Струнеўская, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, старшыня беларускага таварыства “Прамень” (Рыга) Алена Лазарава, настаўніцы гімназіі з беларускага горада Браслава Віта  Чэркас, Наталля Мацюкевіч, настаўніца Дзяржаўнай беларускай школы імя Янкі Купалы (Рыга) Валянціна Шатроўская, супрацоўнікі школы “Varavīksne” з Краславы Аляксандр  Клімаў ды Алена Клімава, настаўніца польскай школы Даўгаўпілса Галіна Блажэвіча, настаўніца школы Цэнтра Таццяна  Піменава, члены таварыства “Уздым”, яго моладзевай групы, а таксама настаўнікі, бацькі выхаванцаў школы “Вясёлка”. Семінар — адзін са складнікаў праекта “Захаванне беларускай культуры праз развіццё беларускай школы ды інтэграцыю ў латвійскае грамадства” — ён фінансуецца Паўднёвалатгальскім аддзяленнем Цэнтра падтрымкі недзяржаўных арганізацый. Настаўніца Беларускай школы Рыгі  Валянціна Шатроўская зачытала прывітальны адрас ад дырэктара школы Ганны Іванэ.

Семінар арганізавалі ды правялі Людміла Сінякова і Вольга Паўловіч — настаўніцы беларускай нядзельнай школы пры таварыстве “Уздым”. Такім чынам мы акцэнтуем увагу самакіравання горада, школьнай управы, кіраўнікоў навучальных устаноў, педагогаў школ, грамадскасці на тым, што адраджэнне беларускай школы ў Даўгаўпілсе — цікавы, грамадска значны культурна-асветніцкі праект.

Мікалай Паўловіч расказаў пра гісторыю беларускай гімназіі Даўгаўпілса даваенных гадоў. Працавала выстава падручнікаў, метадычнай літаратуры, асабістых дакументаў гімназістаў тых часоў. Вольга Паўловіч распавяла, як працавалі беларускія школы і гімназіі Даўгаўпілса, Лудзы ў даваенную пару. Удзельнікі семінара знаёміліся ​​і з досведам арганізацыі, працы Дзяржаўнай беларускай школы Рыгі, польскай школы Даўгаўпілса, калег з Браслава. Пра досвед працы беларускай нядзельнай школы “Вясёлка” расказалі Людміла Сінякова і Таццяна Бучэль.

Падобны абмен досведам, безумоўна, вельмі важны і каштоўны. Таму што мы маем намер прыкладваць намаганні, каб арганізаваць у Даўгаўпілсе беларускую школу (класы). Абмяркоўваліся на семінары і вынікі анкетавання на тэму запатрабаванасці беларускай адукацыі — яго правялі ў Даўгаўпілсе і Краславе члены маладзёжнай групы і педагогі школы “Varavīksne” з Краславы. Дарэчы, нашу ідэю стварэння беларускай школы падтрымалі консул Антаніна Струнеўская, старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова. Хутка пройдзе Дзень адчыненых дзвярэй у таварыстве “Уздым”, а ў Цэнтры беларускай культуры рыхтуюцца “Беларускія Каляды”. Запрашаем і супляменнікаў з іншых краін да нас: пазнаёміцца ​​з працай беларускага таварыства і ЦБК, паўдзельнічаць у Калядах, якія рыхтуюць выхаванцы беларускай нядзельнай школы.

Людміла Сінякова, Вольга Паўловіч, г. Даўгаўпілс

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter