Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Драматычны тэатр беларускай арміі стаў пераможцам VI Міжнароднага тэатральнага фестывалю “Смаленскі каўчэг” у намінацыі “Лепшая рэжысура. Спектакль вялікай формы”

Шэкспір плюс Дударавы

Прэстыжнай узнагародай уганаравана пастаноўка Марыны Дударавай “Рамэа і Джульета”. Паведамляючы ў рэдакцыю пра навіну, Алена Давыдава, кіраўніца літаратурна-драматычнай часткі тэатра, дадае: упершыню гэты спектакль быў паказаны на сцэне ДТБА 13 ліпеня 2006 года. Сучасную інсцэноўку шэкспіраўскага твора зрабіў вядомы драматург Аляксей Дудараў. 

Два дзясяткі спектакляў розных жанраў былі прадстаўлены на форуме ў Смаленску. Туды прыехалі акцёрскія трупы з Беларусі, Казахстана, Швецыі, Польшчы, Ізраіля, Расіі, у тым ліку й вядомыя маскоўскія калектывы. Але, радуецца за калег Алена Давыдава, і гледачы, і кампетэнтнае журы фестывалю былі адзіныя ў меркаванні: мінчане паказалі шэкспіраўскую класіку найбольш глыбока і арыгінальна. Чым жа пакарылі публіку беларусы? Пэўна, усім спадабаўся сцэнічны авангард: “У армейцаў звіняць клінкі, кіпяць страсці, акцёры то зліваюцца ў танцы, то круцяць сальта і ўзлятаюць на крылах”. Што ж, якраз такі рэжысёрскі стыль у Марыны Дударавай, якая да таго ж сама паставіла і харэаграфічныя нумары. А ў спектаклі, што ў Смаленску атрымаў высокае прызнанне, паўдзельнічалі артысты Аліса Аўчыннік, Алег Бабуль, Уладзімір Гарахоўскі, Уладзімір Лісоўскі, Ігар Фільчанкоў, Зоя Фромічава-Карсакова ды іншыя.

Іван Іванаў

Голас Радзімы № 16 (3568), чацвер, 26 красавіка, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter