Шчыт і меч

Бягучы тыдзень багаты на падзеі. Найперш, міжнародныя.
Бягучы тыдзень багаты на падзеі. Найперш, міжнародныя. Кааліцыя блізкаўсходніх дзяржаў на чале з Саудаўскай Аравіяй абвясціла пра завяршэнне вайсковай аперацыі “Бура рашучасці” ў Емене і пачатку новай — “Адраджэнне надзеі”.

Афганскія талібы паведамілі пра хуткае “вясновае наступленне”: цяпер на тэрыторыі гэтай шматпакутнай краіны знаходзіцца дзесяцітысячны кантынгент амерыканскіх войск і тры тысячы ваеннаслужачых блока НАТА.

На саміце кіраўнікоў дзяржаў Азіі і Афрыкі прэм’ер-міністр Японіі заявіў, што Токіа глыбока раскайваецца за свае дзеянні ў гады Другой сусветнай вайны. Сіндзо Абэ ўпэўнены: надалей ніхто ў свеце не павінен дапусціць некантралюемага выкарыстання зброі.

Па-ранейшаму супярэчлівыя і гучныя падзеі адбываюцца ва Украіне. Не паспелі сціхнуць “гарачыя” спрэчкі з нагоды заказных забойстваў у Кіеве былога дэпутата-рэгіянала Алега Калашнікава і вядомага журналіста Алега Бузіны, як узніклі іншыя інфармацыйныя падставы. Ваенна-палітычнага кшталту. Каля трохсот дэсантнікаў арміі ЗША прыбылі ў Львоўскую вобласць. Сумесныя манеўры Fearless Guardian пройдуць на Яварыўскім палігоне Заходняй Украіны да лістапада 2015-га. Амерыканцы за гэты час падрыхтуюць тры батальёны нацгвардзейцаў (па трыста байцоў кожны) і перададуць ім дадатковыя навыкі для вядзення баявых дзеянняў.

Да таго ж 22 красавіка Вярхоўная рада прыняла заяву “Аб адпоры ўзброенай агрэсіі Расіі і пераадоленні яе наступстваў”. Кіеў рыхтуе юрыдычную базу для прад’яўлення Расійскай Федэрацыі афіцыйных прэтэнзій у эскалацыі ўзброенага канфлікту ў Данбасе. Дэпутаты таксама рэкамендавалі СНБА Украіны ўвесці санкцыі ў адносінах да Уладзіміра Пуціна.

Наша краіна плануе дамагчыся вяртання статусу спецыяльна запрошанага ў Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы і зацікаўлена ў далейшым далучэнні да канвенцый СЕ. Аб гэтым гаварылі ў Страсбургу на пасяджэнні камітэта па палітычных пытаннях і дэмакратыі ПАСЕ з удзелам беларускай парламенцкай дэлегацыі.

Усё гэта адбывалася на мінулым тыдні. А вас, шаноўныя чытачы, цікавіць, што будзе бліжэйшымі днямі? Вось што мне вядома...

Беларускі дзяржаўны музей Вялікай Айчыннай вайны — да 70-годдзя Вялікай Перамогі — прадставіць 28 красавіка ў Маскве экспазіцыю на міжнароднай выставе “У барацьбе супраць нацызму мы былі разам”. Яна адкрыецца ў Цэнтральным музеі Вялікай Айчыннай вайны на Паклоннай гары. Гледачы азнаёмяцца з натурнымі экспанатамі, архіўнымі дакументамі, творамі мастацтва.

Напярэдадні ўрачыстых мерапрыемстваў у штаб-кватэры ААН, прымеркаваных да 70-годдзя Перамогі над фашызмам і заканчэння Другой сусветнай вайны, прадстаўнікі нашай краіны пасадзяць Дрэва міру і адзінства. Цырымонія памяці пройдзе ў Нью-Ёрку 5 мая.

Вось такія навіны. Сустрэнемся...
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter