Председатель Хойницкого райисполкома с земляками возрождает разрушенные Чернобылем родные места

Шчасце любiць цiшыню

ПРАЗ чвэрць стагоддзя па волі лёсу вярнуўся ў родныя мясціны сялянскі сын Аляксандр ЦІТОК, які нарадзіўся ў вялікай палескай вёсцы Дворышча і з дзяцінства марыў працягваць хлебаробскую дынастыю.  Ваенная служба ў далёкім Самаркандзе, вяртанне на Гомельшчыну, дзе Аляксандру Іванавічу даручылі пасаду брыгадзіра, а потым агранома на сортавыпрабавальным участку мазырскай гаспадаркі “Прудок”. Працу на зямлі паспяхова спалучаў з завочнай вучобай на агранамічным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, а потым — і ў Акадэміі пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Узначальваў  упраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання Мазырскага райвыканкама, сортавыпрабавальную станцыю “Прудок” і пяты год кіруе Хойніцкім райвыканкамам. Удзячныя землякі адзначылі старанне і клопат Аляксандра Іванавіча званнем “Ганаровы грамадзянін Хойнікаў”.


ШЫРОКІ поплаў за выцягнутай на пяць кіламетраў палескай вёскай Дворышча быццам снегам убельваўся восенню шумнымі гуртамі адкормленых за лета гусей. Ледзьве ўмяшчаўся гагатлівы атрад на прасторным падворку гаспадарлівых Вікторыі і Івана Ціткоў. Калі яны пажаніліся, дырэкцыя саўгаса “Судкова” выдзеліла маладой сям’і лес. Прыбудавалі да бацькоўскай хаты трохсценку. Дзядуля Кузьма і бабуля Алімпія дапамагалі ўнукаў выхоўваць. Малады гаспадар Іван працаваў трактарыстам, а Вікторыя ў перамежку паміж родамі хадзіла ў саўгасную паляводчую брыгаду. Пяцёра іх сыноў і дачушка з першых самастойных крокаў акуналіся ў вір сялянскага жыцця. Старэйшыя Валодзя, Мікалай і Люба пасвілі стогаловы гусіны гурт на поплаве. А калі падраслі малодшыя Вася, Міша і Саша, то гэты занятак даверылі ім.

Дзве каровы і паўдзясятка свіней стаялі ў хляве. Кур на падворку не лічылі. Вывадкі куранят як з-пад зямлі з’яўляліся, і ўвосень хрыпатыя пеўнікі не давалі дзецям праспаць заняткі ў школе, да якой было недалёка. Тыпавая мураваная Дварышчанская сярэдняя школа была адной з найбольшых у раёне. Па два поўныя класы навучэнцаў займаліся ў дзве змены. Старэйшыя дзеці Ціткоў вучыліся з ранку, а меншыя да апоўдня паспявалі рыхтавацца да ўрокаў і дапамагалі ўпраўляцца па хатняй гаспадарцы. Вярталіся дамоў старэйшыя і ведалі пра свае абавязкі па хатняй гаспадарцы. На летніх канікулах у радасць была праца на саўгасным агародзе. Убіралі кабачкі і агуркі, раннюю капусту і моркву, памідоры і цыбулю і вазілі на Хойніцкі кансервавы завод. Жніўным часам пералапачвалі зерне на збожжатаку, сушылі і загружалі ў аўтамашыны.

Па-рознаму склаліся жыццёвыя шляхі-дарогі шасцярых дзяцей Івана Кузьміча і Вікторыі Адамаўны. Сын Уладзімір закончыў агранамічнае аддзяленне Буда-Кашалёўскага саўгаса-тэхнікума і вярнуўся ў Хойніцкі раён. Жыве ў вёсцы Слабаджанка, атрымлівае пенсію, але працуе на трактары. Разам з жонкай выхоўваюць асірацелага ўнучка.

Дыплом агранома атрымаў у Палескім саўгасе-тэхнікуме Аляксандр, які да заканчэння вучобы ажаніўся на аднакурсніцы Алене Бондар. Прыехалі ў Дворышча, толькі ўладкаваліся ў саўгас “Судкова”, як выбухнуў чарнобыльскі рэактар. Суткамі не спаў Аляксандр Ціток, якому было даручана аператыўна займацца адсяленнем людзей. Разгубленых землякоў трэба было супакоіць, накарміць і адправіць у вызначаныя пункты перасялення. А тут яшчэ і асабістыя клопаты. Жонка праз лічаныя дні пасля выбуху нарадзіла ў Хойніках першынца. Раддом эвакуіравалі ў Рэчыцу. Выкройваў час, каб адведаць Алену і немаўля.

Чарнобыльская трагедыя падзяліла жыццё не толькі гэтай сям’і на дзве палавіны. Бацькі Аляксандра Цітка эвакуіраваліся ў маладзечанскі пасёлак Чысць, дзе дажылі да апошніх сваіх дзён. З імі выехалі Мікалай і Люба. Брат Васіль яшчэ да чарнобыльскай катастрофы ад хойніцкага авіяцыйнага завода “Салют” павышаў кваліфікацыю ў падмаскоўных Люберцах, дзе ажаніўся і зараз там жыве. А Міхаіл пасля службы танкістам у Сярэдняй Азіі вярнуўся ў Беларусь і атабарыўся з сям’ёю ў смалявіцкай вёсцы Жажэлка. 

— УЗАРАНАЕ поле цяпер на месцы нашай сядзібы, — з горыччу вымаўляе Аляксандр Ціток. — Некалі ў Дворышчы цесна было ад сялянскіх падворкаў. З 1700 жыхароў вялікай вёскі засталося толькі 180. Пакінутыя пабудовы, і нават цагляную сярэднюю школу, узведзеную перад чарнобыльскім выбухам, зруйнавалі і закапалі. 

На нашым вясковым завулку імя Заслонава засталося некалькі дамоў. Бацька напрасткі праз луг і поле хадзіў заводзіць свой трактар на машынны двор саўгаса. Вёска ад галасоў звінела, асабліва пасля працоўнага дня. Бацька з гармонікам выходзіў на вуліцу, садзіўся на лаўку. Збіраліся суседзі, і пачыналіся спевы. Аж да Хойнікаў даносіліся звонкія галасы. Без бацькі не абыходзілася ні адно вяселле ў навакольных вёсках. Іграў не толькі на гармоніку, але і на баяне, акардэоне. Складаў і вершы. Іх друкавала нават “Сельская газета”. Калі святкавалі ў пасёлку Чысць залатое вяселле бацькоў, прыязджаў сталічны журналіст, і быў артыкул у “Сельской газете”. 

Пасля таго як мяне прызначылі старшынёю Хойніцкага райвыканкама, прыехаў у Дворышча на родны завулак. Слёзы засцілалі вочы, калі глядзеў на пустое месца, дзе некалі жыла наша вялікая сям’я. Побач застаўся дом Ганны і Міхаіла Шульжэнкаў, яны мне цяпер як самыя дарагія сваякі. Часта наведваю іх. Суседа Івана Казмерчука нядаўна не стала, а верная яго сабачка не пакідае  падворак.

— Аляксандр Іванавіч, сем’і з малымі дзецьмі перасялялі ў першую чаргу. Куды вы падаліся з навароджаным?

— Брат Міхаіл, які служыў у Самаркандзе, запрасіў да сябе. Паўгода туліліся разам з яго сям’ёю ў невялікай кватэры. Увосень мне прыйшла павестка ў армію. Служыў у Сярэдняй Азіі. А жонка з Міколкам вярнуліся да яе бацькоў у мазырскую вёску Новікі, дзе ў нас потым нарадзіўся яшчэ адзін хлопчык, Аляксандр. Абодва сыны скончылі Палескі дзяржаўны аграрны каледж імя Міцкевіча, Беларускую дзяржаўную сельгасакадэмію, у якой вучыліся і мы з жонкаю. Ужо траіх унукаў маем.

Пасля майго вяртання з арміі з жонкаю ўладкаваліся на працу ў мазырскую гаспадарку “Прудок”, якою кіраваў Леанід Івасюк. Нам прадаставілі жыллё.

Давялося мне быць і дырэктарам мазырскай станцыі юных натуралістаў. Працаваў і завочна вучыўся на агранамічным факультэце Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі. Раённае кіраўніцтва заўважыла арганізатарскія здольнасці і прапанавала ўзначаліць жыллёва-камунальную гаспадарку “Зелянбуд”. Нядоўга там давялося працаваць. Аўтамабільная аварыя, у якую трапіў па дарозе з Петрыкава, ледзьве не каштавала жыцця. Калі мяне без прытомнасці даставілі ў бальніцу, урачы і не спадзяваліся, што выжыву. Пяць сутак правёў у коме. У гэтым стане ўбачыў неба, з якога апусціўся анёл, і я прачнуўся. Побач стаяў доктар. Ён глянуў на мае расплюшчаныя вочы і прамовіў: «Будзеш жыць». Бацькам пра гэта не паведамлялі, але ў маці ёкнула сэрца. Яна ўсё турбавалася, чаму доўга не тэлефаную. Браты ёй паведамілі пра аварыю толькі тады, калі апрытомнеў. Пасля выздараўлення атрымаў прызначэнне дырэктарам сортавыпрабавальнай станцыі “Прудок”.

На доследных участках станцыі выпрабоўвалі 1500 сартоў сельскагаспадарчых культур. Толькі памідораў высявалі да сарака сартоў і капусты — да сямідзесяці відаў, высявалі розныя сарты збожжавых, шматгадовых траў і іншых злакавых культур.

— Тут і спатрэбіліся вашы арганізатарскія здольнасці?

— Селекцыя — справа адказная і патрабуе высокай арганізацыі. Кожную культуру неабходна выпрабоўваць тры гады і толькі потым уносіць у рэестр для вырошчвання ў гаспадарках Беларусі. За чатыры гады майго кіраўніцтва станцыя сярод 14 аналагічных у Беларусі па эканамічных паказчыках выйшла ў пяцёрку лепшых. 

— Аляксандр Іванавіч, заняцца навуковай дзейнасцю не прыходзіла думка?

— Была прапанова паступаць у аспірантуру. Але ўжо вучыўся завочна ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце. Прыехаў са сталіцы ў Мазыр з другім дыпломам вышэйшай адукацыі і атрымаў пасаду начальніка Мазырскага раённага ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. А вось прапанова ўзначаліць Хойніцкі райвыканкам была поўнай нечаканасцю для мяне. Праз дваццаць пяць гадоў вярнуўся ў родны раён, дзе мяне землякі цёпла прынялі.

— З чаго пачалі працу на радзіме?

— Стартавым момантам умацавання раёна было правядзенне ў Хойніках Дня славянскага пісьменства. Горад змяніў знешні выгляд, у людзей абудзілася жаданне ўпрыгожваць побыт. Раней у нас не было нават магазіна будматэрыялаў. На радзіме літаратурнага класіка Івана Мележа ў Глінішчах прайшло рэспубліканскае свята, на падрыхтоўку якога абласны бюджэт выдзеліў значныя сродкі. Людзі сталі наводзіць парадак на падворках, вуліцах. Гэта быў імпульс псіхалагічнага і маральнага пералому, што ў Хойніках жыць можна. Імкнемся і зараз гэта падтрымліваць. Заняліся рамонтам раённай бальніцы і навакольнай тэрыторыі, мадэрнізуем прамысловы ўчастак “Палескія сыры”, які ў складзе гомельскай фірмы “Мілкавіта”. Пераабсталёўваем завод жалезабетонных вырабаў. Вярнулі ў севазварот участкі палёў, што раней не выкарыстоўвалі. Вакол жывёлагадоўчых ферм рос бур’ян і тырчалі паўразбураныя коміны, што давіла на псіхіку. Меліяратары павыкарчоўвалі хмызнякі і ўзаралі масівы. Безгаспадарчыя пабудовы ў вёсках закапалі і агароды перааралі. Населеныя пункты і жывёлагадоўчыя фермы набылі прыемны выгляд. 

Дарэчы, у час навядзення парадку ў вёсцы Губарэвічы рабочыя пілавалі галіну на высокім дрэве, і бензапіла раптам спынілася. Уключылі другую, і тая заглохла. А потым на зрэзе ўбачылі воблік Багародзіцы. Да дрэва пачалося паломніцтва, і ў адзін з дзён мы падлічылі, што прыехала звыш паўтысячы аўтамашын. Не спыняецца людскі паток і зараз. Едуць з Расіі, Украіны, розных куткоў Беларусі.

— Можа, хто з прыезджых праяўляе жаданне застацца ў раёне?

— Будзем на гэта спадзявацца. Яшчэ нядаўна не хапала ветурачоў, заатэхнікаў, нават кіраўнікоў. З-за гэтага па маёй ініцыятыве далучылі агракамбінат “Віць” да СВК “Судкова”, засталося сем гаспадарак. Цяпер шкадую, што так паступілі, таму што сітуацыя з кадрамі стабілізавалася.

У гаспадарках сталі расці эканамічныя паказчыкі. Летась атрымалі 62 тысячы тон збожжа, што на дзесяць тысяч тон больш, чым у лепшыя савецкія часы даваў увесь Хойніцкі раён.

— Куды рэалізуеце збожжа?

— Яно з павышаным утрыманнем стронцыю і таму прыгодна толькі на фураж. Пастаянна кантралюем прадукцыю жывёлагадоўчых ферм. Валавы надой малака да канца года дасягне 29 тысяч тон. Такую колькасць атрымлівалі раней з пагалоўем у два разы большым, чым зараз. Гадавы надой ад каровы давялі да 4 тысяч кілаграмаў. 

— Дзякуючы чаму гэтага дасягнулі?

— Асноўныя фактары далі вынік: трывалая кармавая база, генетыка, будаўніцтва новых і рэканструкцыя старых жывёлагодоўчых ферм. Некалі ў гаспадарках намерваліся развіць мясную пароду і менш увагі надавалі малочнаму кірунку. Цяпер вярнуліся да яго. Хвалюе, што закупачныя цэны на малако на працягу чатырох гадоў не мяняюцца, а ўсё, што закупляем для жывёлагадоўлі, пастаянна расце ў цане. Але і пры гэтым малако ва ўсіх гаспадарках рэнтабельнае, як і прадукцыя палёў.  

— Рэнтабельнасць дае магчымасць павышаць заробкі працаўнікам. Ці адбілася гэта на замацаванні кадраў на вёсцы?

— На большасці ферм умовы добрыя і заробкі высокія. Будуем для працаўнікоў камфартабельнае жыллё ў вёсках. Узведзены саракакватэрны дом у Хойніках, дзе частка кватэр вызначана для спецыялістаў гаспадарак. Моладзі гэта падабаецца. Едуць да нас выпускнікі педагагічных і медыцынскіх вышэйшых навучальных устаноў. Запрашаем будучых спецыялістаў і паказваем іх будучыя ўмовы жыцця і працы. І многія без страху, што гэта чарнобыльскі раён, размяркоўваюцца да нас і застаюцца тут.

Ганарымся землякамі: алімпійскай чэмпіёнкай Вольгай Худэнка і Крысцінай Ярац, якая  заняла другое месца на чемпіянаце свету па дзюдо і паступіла вучыцца ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны. Умацоўваем спартыўную базу райцэнтра. Наша футбольнае поле са штучным пакрыццём.

— Хойніцкі раён пасля амаль трох дзесяцігоддзяў ліквідацыі наступстваў чарнобыльскай катастрофы паступова вяртаецца да нармальнага рытму. Якімі клопатамі жывяце зараз?

— Самымі прыемнымі. У Ельску аформілі экспазіцыю нашай прадукцыі  на абласных “Дажынках”. Займаемся і будзённымі справамі. Аналізуем работу вытворчых калектываў і вырашаем, як павялічыць заробкі і палепшыць дабрабыт. Імкнёмся так наладжваць вытворчы працэс, каб людзі асэнсавана выконвалі сваю справу. Турбуе, што ад былога ваеннага авіяцыйнага завода “Салют” застаўся толькі цэх. Ён перапрафіляваны на выпуск гідраапаратуры, дзе задзейнічаны ўсяго 139 чалавек. Гэтая вытворчасць уваходзіць у склад Мінскага трактарнага завода. Завезены ўжо новыя станкі з лічбавым кіраваннем, і плануем пашырыць асартымент вырабляемых дэталяў да трактараў, каб не зніжаць аб’ёмы вытворчасці.

— Вам столькі давялося перанесці, а ці можаце назваць сябе шчаслівым?

— Магу, бо ў жыцці мне ў большасці сустракаюцца добрыя людзі. 

Кожны чалавек шчасце разумее па-свойму. Шчасце любіць цішыню. Прыкмеціў, што калі чым пахвалішся, то абавязкова без гэтага застанешся. Трэба ўмець заўважаць, вызначаць і шанаваць сваё шчасце.

Уладзiмiр СУБАТ

Хойніцкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter