Шануем і ганарымся

Гледачам пакажуць заключную частку праекта «Сімвал Перамогі»

Дзявяты фільм дакументальнага цыкла «Сімвал Перамогі» прысвечаны беларускаму погляду на гісторыю Вялікай Айчыннай.

Заўтра, у святочны дзень 9 Мая, на тэлеэкран выйдзе заключная частка маштабнага дакументальнага праекта Агенцтва тэленавін «Сімвал Перамогі». Нагадаем, прэм’ерны цыкл складаецца з дзевяці серый, кожная з якіх створана ў жанры журналісцкага даследавання і расказвае пра лёсы помнікаў Вялікай Айчыннай вайны ў савецкі перыяд і пасля развалу СССР. Да 9 Мая — дзевяць фільмаў.

Журналісты АТН адправіліся ў Расію, Украіну, Польшчу, Балгарыю, Германію, рэспублікі Прыбалтыкі. Ім удалося адшукаць правобразы самых вядомых помнікаў у свеце — манумента «Воін-вызваліцель», узведзенага ў берлінскім Трэптаў-парку, і манумента «Алёша» — у балгарскім Плоўдзіве. Гледачы даведаюцца, куды на самай справе хацелі перавезці з цэнтра Таліна «Бронзавага салдата», чаму загасілі Вечны агонь на галоўным мемарыяле савецкім воінам у Літве, убачаць самае «скандальнае» пахаванне савецкіх войскаў у Польшчы, разам з аўтарамі фільма пабываюць на Мамаевым кургане, унутры статуі «Радзіма-маці», у Бабіным Яры, Саласпілсе, Бухенвальдзе...

Апошні фільм цыкла прысвечаны беларускаму погляду на гісторыю Вялікай Перамогі. Што ўбачым? Пра гэта напярэдадні прэм’еры аўтар сцэнарыя, спецыяльны карэспандэнт АТН Руслан Туркоў гаворыць неахвотна, трымае інтрыгу. Але для чытачоў «Р» усё ж пагадзіўся раскрыць некаторыя падрабязнасці.

Серыя называецца «Брэсцкая крэпасць», і, зразумела, гаворка пра легендарную цытадэль пойдзе таксама. Але не пра яе гераічную абарону, пра гэта ўжо многа сказана і знята. Аўтары фільма пайшлі іншым шляхам і сканцэнтравалі сваю ўвагу на вызваленні Брэсц-кай крэпасці, а таксама на новых цікавых знаходках на яе тэрыторыі пасля леташніх раскопак. Героем сюжэта стане ветэран вайны, які ўдзельнічаў у вызваленні крэпасці. Прама на месцы былых падзей ён распавядзе, што і як адбывалася ў той гераічны час.

Праз дзесяцігоддзі на месцы колішняй стаянкі партызанскага лагера апынецца і былы юны сувязны, а сёння вядомы генерал-лейтэнант у адстаўцы, які прыгадае і шакіруючыя, і смешныя эпізоды ваеннага жыцця. Аўтары фільма знайшлі чалавека, які бачыў подзвіг Марата Казея і падрабязна раскажа, як загінуў легендарны піянер-герой. Удалося адшукаць і сведку трагедыі Хатыні, якому было ў час вайны каля сямі гадоў і якому таксама ёсць што паведаміць сучаснікам пра жудасны лёс спаленай разам з жыхарамі вёскі.

— Дзевяць серый – гэта дзевяць гісторый Вялікай Перамогі кожнай асобна ўзятай краіны. І, відаць, самым складаным у працы над фільмам было перадаць тое адчуванне, якое накапілася за час здымак, каб глядач гэтак жа, як і мы, аўтары, зразумеў і адчуў: у гісторыі нашага народа ёсць Вялікая Перамога, якой варта ганарыцца, — падзяліўся ўражаннямі Руслан Туркоў.

Заключная серыя дакументальнага фільма «Сімвал Перамогі» выйдзе ў вячэрнім эфіры тэлеканала «Беларусь 1» пасля выпуску «Панарамы».

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter