Сезон на вёсцы

Вера Міхайлаўна – наша суседка па шматпавярхоўцы. З глыбокай павагай адносімся да гэтай жанчыны. Рана застаўшыся без мужа, яна дваіх дзетак узняла. Сын ужо сам пры сям’і, а дачка не так даўно выйшла замуж. Дык маці, каб не перашкаджаць маладажонам, вырашыла аддаць ім кватэру, а сама падалася на вёску ў бацькоўскі дом. Два гады, што засталіся да выхаду на пенсію, разлічвала дапрацаваць у мясцовым калгасе, асабістую гаспадарку весці, каб яшчэ і дзецям дапамагчы. А ўсё ёю ў вёсцы ўбачанае і перажытае вылілася ў гэтыя вось кароткія нататкі. * * * Ну вось я і ў родным доме. Усё падабаецца. Вось толькі цішыня. Чую, што ў двары робіцца, на вуліцы. Само жыццё адчуваю! Цяпер трэба думаць пра тое, як хутчэй на работу ўладкавацца. Таму і заспяшалася ў калгасную кантору. Адшукала кадравічак. Тыя, як глянулі працоўную кніжку: — П’яце, маладзічка... — П’ю, — у тон ім адказваю. — А дзе сінякі? — Ды во трохі “зашпаклявала” і не відаць! А калі пачалі гартаць працоўны дакумент, а там — адны падзякі, то давай прабачэння прасіць... * * * Падкінулі мне работу — зборшчыцай малака. Дзве вёскі па дваццаць двароў і адна — з паўсотні. Быццам і не так шмат. Але ж паспрабуй, аб’едзь, да кожнай гаспадыні звярніся... З сонейкам ты — і на нагах. Правільней — на колах. Мне падабаецца: раніцу людзям прывожу. Хто папросіць, таму хлеб, іншыя прадукты куплю. А што мне — конь у руках. Затое, як прыемна чуць: “Глядзіце, наша Верка едзе!” * * * Яшчэ ў адной нашай малаказборшчыцы Волькі — дзень нараджэння. Думаю, як жа яе прывеціць? Самі вяскоўкі мне і падказалі: адна зрэзала пару руж, другая – некалькі астраў, разбавіла іх блакітнавокімі васількамі. Вось i прыгожы букет атрымаўся! Уручыла Вольцы. Тая аж расчулі-лася. Ды справа не ў гэтым, а ў тым, што пачалі заўважаць адна адну. * * * Часта даводзіцца бываць на мясцовай ферме. Прыглядаюся да тутэйшых парадкаў. Многае падабаецца, а многае... Ну вось пранеслася чутка, што начальства прыязджае. Даяркі, даглядчыкі мятуць, грабуць. “А нельга, — пытаюся, — гэтак кожны дзень убіраць?” – “Не, — смяюцца, — мы так не ўмеем...” * * * Бываю на ферме і з чыста практычных інтарэсаў: вопыту набіраюся. Я ж займела сваю гаспадарку — дзвюх авечак, парсючка. А нядаўна да іх далучылася цялушка. Добрыя людзі далі: “Бяры, — кажуць, — калі такую ахвоту маеш. Потым, калі пабагацееш, разлічымся”. Ну я адразу ўсё сваё дабро — у хлеў, пад замок, яшчэ і завалай зверху (дзякуй, сусед Віктар дапамог). Каб далей ад нядобрых вачэй. * * * Да нашай аддаленай вёскі быццам бы злодзеі яшчэ не дабраліся. А ў суседняй Бірчы двойчы кралі коней. Хто — і да гэтага часу невядома. Кажуць, што цыгане, якіх у нашых мясцінах шмат. Ды ці да мяне ім справа? Толькі так падумала, як нехта стукаецца ў веснічкі. Глядзь — цыганка! “Што вам трэба? — пытаю. — “Дарагая, паглядзі тавар, за нішто аддаю...” * * * Прыглядаюся да вёскі. Яна нейкая прыціхлая, нібыта стомленая. Не кожны перад табой душу адкрые... Але не перавяліся і цудоўныя людзі, у тым ліку з маладзейшых. Я ўжо казала пра Віктара, суседа. Ён электрыкам робіць у калгасе. Руплівец. Трэба дапамога — калі ласка. І грошай браць не бу-дзе: “Ды было б за што...” І не адной мне дапаможа, а ўсім, хто папросіць. “Во каго трэба ў дэпутаты, грамадскія актывісты”, — міжволі думаеш. * * * Мяне замуж звалі, прыходзіў тут адзін. І не адзін, а... з пляшкай. “Ты не глядзі, што я з выгляду такі, — кажа, — здаровы, як бык: паспрабуй трыццаць гадоў па дзве пляшкі гарэлкі ў дзень выпіваць!” — “Ну што мне табе, чалавеча, сказаць? — звяртаюся да яго. — Кідай гэту заразу, тады і жыццё пераменіцца, з сям’ёй, дзецьмі будзеш. А мне ты не патрэбен. І ніхто іншы. Пасля мужа маё каханне — дзеці, унукі, дзеля якіх я і жыву”. * * * Узнімаецца мая гаспадарка (а з ёю ўзнімаюся і я). Праўда, і пашчыраваць трэба. Старэйшы ўнук прыязджае, я на яго: “Давай, дапамагай!” — “Што я ў цябе, бабуля, парабак?” — кажа. Ну, падумай, я для іх, дзяцей, унукаў, стараюся, а ён мне — такое! Не разумее і таго, што з працай лягчэй па жыцці ісці. Чакай жа, унучак, пастараюся цябе пераламаць! * * * Займаюся не толькі гаспадаркай, але і полем, агародам. Не паверыце — дыні вырошчваю. А з чаго пачалося? Неяк гады два таму купіла на базары два пачкі насення агуркоў. Ды нечага там пераблыталі, замест агуркоў выраслі... дыні. Невялікія, праўда. На наступны год высадзіла яшчэ. Сонечнае выбрала месца, спецыяльным растворам ад холаду пакрывала. Такія выраслі дыні — і выглядам, і смакам. Усёй вёскай каштавалі! І цяпер думаю навукамі заняцца — не можа быць, каб не атрымалася! * * * Гэта ж толькі ўцягнуцца трэба. Няма калі ў той горад паказвацца. А то во была, зяць смяецца: “Мая маці з Расіі часцей прыязджае, чым вы з раёна”. — “Ну я калі прыеду, дык прыеду! — і вывальваю на стол кавалак кумпяка, усялякія дэлікатэсы: ешце, прыбывайце, ды пра мяне не забывайце!” * * * Вось так і прайшоў мой першы сезон на вёсцы. За зіму, думала, трохі перавяду дых. А ці удалося — да жывёлы бяжы і бяжы... А тут яшчэ надумалася ў хаце сёе-тое “ператрэсці”, паклеіць, пабяліць... Не заўважыла, як і зіма праскочыла. Новы сезон адкрывай, за сваё малаказборства бярыся. Я ж у дзесятцы лепшых па раёну. Сёлета думаю быць у тройцы. Не люблю аказвацца апошняй, а каб наперадзе!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter