Сепаратысты

Сепаратызм жыве! Нядаўна на тэрыторыі дзвюх краін адбыліся рэферэндумы — чарговыя спробы стварыць незалежныя дзяржавы. У ахопленым вайной з тэрарызмам Іраку і Каралеўстве Іспанія (аўтаномная супольнасць Каталонія) было ажыццёўлена адпаведнае волевыяўленне народаў. У першым выпадку іракскія курды, якія ніколі не мелі ўласнай дзяржаўнасці, а толькі статус іракскай аўтаноміі, прагаласавалі за незалежнасць ад афіцыйнага Багдада і стварэнне ў Іраку новай нацыянальна-тэрытарыяльнай адзінкі. Дзеянні кіраўніцтва Іракскага Курдыстана (улады якога фактычна кантралююць аўтаномію, лічачы яе зямлёй курдаў) выклікалі моцнае абурэнне іракцаў, пасля чаго парламент краіны запатрабаваў ад урада і прэм’ера Хайдэра Абадзі тэрмінова накіраваць войскі ў падкантрольную правінцыю. 

Агучыўшы імкненне да незалежнасці, курды выклікалі гнеў не толькі ў Іраку, але і ва ўладаў Сірыі, Ірана і Турцыі, на тэрыторыі якіх яны цяпер пражываюць. Неўзабаве Ірак разгарнуў на подступах да спрэчнага горада Кіркука, вядомага буйнымі радовішчамі нафты,   шырокамаштабную вайсковую аперацыю. Паміж урадавымі падраздзяленнямі і курдскімі пешмерга, а гэтыя абодва бакі лічаць Кіркук сваім, адбыліся сутыкненні: узброеныя сілы Ірака амаль за суткі выбілі з горада атрады курдаў. Таму ваеннае кіраўніцтва Іракскага Курдыстана ўспрыняла дзеянні Ірака і яго саюзнікаў як знак  абвяшчэння вайны. Такім чынам, на Блізкім Усходзе разгараецца яшчэ адзін канфлікт (новы віток шматгадовай барацьбы курдаў за незалежнасць). І гэта, хутчэй за ўсё, надоўга. 

Замова на мову

Читайте также

Іншая справа Каталонія, дзе ў выніку рэферэндуму аб незалежнасці больш за 90 працэнтаў тых, хто прыйшоў на галасаванне, выказаліся за выхад правінцыі са складу Іспаніі. Мадрыд скарыстаў супраць удзельнікаў палітмерапрыемства паліцыю: пацярпелі каля девяцісот жыхароў аўтаноміі. Цэнтральныя ўлады і чыноўнікі ЕС і ЗША не прызналі законнасць плебісцыту. 

З гэтай нагоды, у якасці прыкладу  двайных стандартаў, мне ўзгадалася яшчэ адно “галасаванне за  незалежнасць” на еўрапейскім кантыненце — калі край Косава і Метохія адрывалі ад Сербіі...  

Пакуль афіцыйна незалежнасць Каталоніі не абвясцілі: кіраўнік яе ўрада Карлес Пучдэмон накіраваў прэм’ер-міністру Іспаніі Марыяна Рахою ліст, дзе Мадрыду ў бліжэйшыя два месяцы прапануюцца перамовы аб далейшым лёсе рэгіёна. Аднак іспанскі прэм’ер цвёрда патрабуе ад Барселоны і асабіста Пучдэмона неадкладных тлумачэнняў — ці абвясціла Каталонія на самай справе дзяржаўную незалежнасць. Як стала вядома, Мадрыд, згодна з іспанскай канстытуцыяй, мусіць увесці ў аўтаноміі прамое кіраванне. 

Вось такія навіны. Сустрэнемся...

Ігар Савосценка, галоўны рэдактар 

sav@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter