Сельскі побыт з азіяцкім каларытам

Папрацаваць фізічна на свежым паветры ды яшчэ заплаціць за гэта грошы?
Папрацаваць фізічна на свежым паветры ды яшчэ заплаціць за гэта грошы? Шукайце дурняў! З дзяцінства стомленыя штотыднёвым дачным аграфітнесам, многія стараюцца выбрацца за горад з адзінай мэтай — як след адпачыць. Замежнікі, зрэшты, чакаюць ад нашай краіны дагэтуль не пазнаных эмоцый. Калі адчуць беларускі каларыт лепш за ўсё дапаможа працатэрапія, чаму б і не? Два дні студэнты Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта — турак-трэцякурснік Эртугрул Бешэаглу і паўднёвакарэец-чацвёртакурснік Кім Сон Джэ — вучыліся секчы дровы, касіць траву і пячы дранікі. Пастаральны рэпартаж — з Расонскага раёна.


Увогуле паняццем “сельскі турызм” у нашай краіне ўжо мала каго здзівіш. Іншая справа, што гасцей у глыбінцы прынята сустракаць па даволі традыцыйных канонах, а ўсю праграму можна, як правіла, аб’яднаць у дзесяць пунктаў. Рыбалка і лодка. Катанне на конях і велапрагулкі. Купанне ў возеры і лазня. Імправізаваныя музеі старажытнага вясковага начыння і кулінарныя майстар-класы. Экскурсіі па бліжэйшых гістарычна-культурных славутасцях і свой уласны “кантактны заапарк”... У выйгрышы ж застаюцца тыя, хто ў стандартную турыстычную страву дадае асаблівую прыправу.

...З вокнаў просценькага вясковага доміка Алы Хорэнь у аграгарадку Клясціцы адкрываецца цудоўны від на раку Нішча. На беразе мірна жуюць траву каровы — іх у гаспадарцы Алы Мікалаеўны тры.

— Адпачывалі ў гэтых краях неяк немцы, — успамінае гаспадыня. — Хацелі паднабрацца досведу — планавалі абзавесціся ўласнай гаспадаркай. Папрасілі, каб я ім дала паспрабаваць падаіць карову: зразумець, здолеюць ці не. Я не адмовіла, хоць на вёсцы ёсць свае “забабоны”. Чужога чалавека да сваёй кароўкі лепш не падводзіць, а ў хлеў — не пускаць. Замежнікаў, заўважыла, сапраўды цікавіць наш лад жыцця: як палім печ, як нарыхтоўваем сена, як гатуем... Большасць, праўда, аддае перавагу глядзець, толькі некаторыя — вучыцца.


Паўднёвакарэец-чацвёртакурснік Кім Сон Джэ і турак-трэцякурснік Эртугрул Бешэаглу задаволены адпачынкам на Расоншчыне

Героі нашага рэпартажу — Эрту і Сон Джэ з такіх. Каса і сякера для іх — нібы экспанаты з краязнаўчага музея, гэткія археалагічныя знаходкі “каменнага веку”. Агаворымся, праўда, адразу, Эртугрул у вясковых турботах не зусім навічок. Расказвае: ездзіў да знаёмых у Давыд-Гарадок. Таму пра тое, што такое сена, колатыя дровы, лазня ды іншыя сельскія артэфакты, прынамсі, мае паняцце. Упраўляцца з сякерай нават неяк спрабаваў. Зрэшты, сённяшняя сустрэча з традыцыйнымі для любога вяскоўца рабочымі інструментамі суправаджаецца выказваннямі аб прагрэсе: маўляў, у нашых краінах сельская гаспадарка ўжо даўно аўтаматызавана, а ручная праца забыта.

— Левай рукой абхапляеш кассё, правай бярэш за дзяржальна, — адмысловы каларыт сельскага турызму ў тым, што навучыць вясковым справам можа ці не кожны. Вось і Станіслаў Казлоў (Фёдаравіч па-простаму), саліст Янкавіцкага фальклорнага ансамбля “Крыніца”, які прыехаў у Клясціцы адначасова знаёміць хлопцаў з культурнымі асаблівасцямі краіны, па-бацькоўску педантычна паказвае, як правільна тачыць вастрыё, трымаць прыладу, замахвацца, пад якім вуглом прыціскаць касу да травы і як пры гэтым не параніцца. Рэзюмуе: добрая каса павінна касіць сама.

 

Першы ўзмах Кім Сон Джэ, здаецца, камяком, першы блін — зусім не. Атрымлівацца пачынае на раз-два, хоць пры гэтым паўднёвакарэец прызнаецца: дагэтуль сябраваў толькі з газонакасілкай.

— Але каса — гэта фізічная праца, нагрузка на мышцы, — каменціруе Фёдаравіч.

— Толькі не эканомія часу і сіл! — завязвае дыскусію Эртугрул.

— Затое для здароўя карысна!

— Калі ўвесь дзень косіш пад пякучым сонцам, пра якое здароўе можа ісці гаворка! — спрачаецца турэцкі падданы.

— Затое ў фітнес-цэнтры хадзіць не трэба. Пакасіў — і нібы на трэнажоры пазаймаўся.


Навучыць студэнтаў лінгвістычнага ўніверсітэта ўпраўляцца з сякерай тым часам выклікаецца кіраўнік ансамбля Надзея Кавалёва. Жанчына? Маладыя людзі здзіўлена пераглядаюцца. У адказ на іх здзіўленыя позіркі яна толькі махае рукой: што, маўляў, у гэтым такога? У іх сям’і даўно заве­дзена: муж сячэ дровы, а яна расколвае іх на трэскі.

— Разыдзіся! — крычу я. — А раптам абух саскочыць ці прамахнуцца хлопцы, навічкі ўсё ж.

Зрэшты, не будзем пра сумнае. Заданне простае: раскалоць бярозавую калоду.

— Я гэта зраблю адной рукой, — майстар-клас усё-такі даручана правесці мужчыну — кіроўцу Міхаілу Малашанку. — А вы для пачатку паспрабуйце аберуч.


Кім Сон Джэ, Паўднёвая Карэя


Для нашай краіны ваш побыт, вядома, мінулы век, ледзь не васьмідзясятыя гады. Таму толькі і даводзіцца, што настальгіраваць. А значыць, такі від турызму маім суайчыннікам, несумненна, будзе цікавы. Доўгі час яны не маглі знайсці адпаведнае месца на карце. Праблема вось у чым: усе дарогі вядуць у Мінск. Нават калі госці Беларусі і будуць ведаць, куды ехаць за падобнымі ўражаннямі, паўстане пытанне, як менавіта сюды дабрацца. Чаму б турыстычным фірмам не прапанаваць тур, цэнтралізаваны ці індывідуальны, з выездам са сталіцы?



Замах, удар — гатова! Разумеем, для фізічна дужых хлопцаў і такую працу зрабіць — раз плюнуць. І не трэба баяцца, што не атрымаецца.

Эртугрул і Сон Джэ дзеляцца ўражаннямі: для іх гэтае выпрабаванне было, па сутнасці, спортам. Бо неабходнасці карыстацца сякерай у паўсядзённым турэцкім або паўднёвакарэйскім жыцці няма ніякай.

— А печ падпаліць? А мангал распаліць? Няўжо ў вашых краінах не прынята збірацца на шашлыкі (або, перакладаю на заморскую мову, на барбекю)?

— Печамі ніхто не карыстаецца, шашлыкі не робім, гэта не наша кухня. Хоць стравы на мангале гатуем. Самгепсаль, напрыклад, смажаны на грылі бекон. Але выкарыстоўваем не дровы, а спецыяльныя сродкі для распальвання і вугаль, — гаворыць Кім Сон Джэ.

— Калі ўжо камусьці патрэбныя колатыя дровы, іх можна купіць. Цэлымі вязанкамі. Іх нарыхтоўкай займаюцца спецыяльна навучаныя людзі, — дадае Эртугрул Бешэаглу.


Карміць замежнікаў шашлыкамі, здаецца, не прынята. Замежных гасцей перш за ўсё цікавяць мясцовыя прысмакі. Стол Алы Хорэнь ломіцца ад бульбы ў розных яе іпастасях і запечанага ў смятане ліня, розных сыроў уласнага прыгатавання і марынаваных агурочкаў, талерак з халадніком і лісічкамі, конавак з бярозавікам і чарак з мясцовай настойкай. У якасці “кампоту” — травяная гарбата. А як жа дранікі? Дранікі гасцям давядзецца прыгатаваць самім.

Эртугрул адмаўляецца: маўляў, гатаваць умее (макароны з рознымі соусамі, турэцкія салаты, кебаб), але не любіць. Аддае перавагу сталавацца ў кафэ. Апрача ўсяго іншага, настойвае: нягледзячы на тое, што лепшыя шэф-повары ў Турцыі — мужчыны, кухня ўсё ж справа жаночая. Дома заўсёды кашаварыць маці.

Эртугрул Бешэаглу, Турцыя


Побыт — гэта ваша ніша. Якраз такая ж, як для нас гатэлі “ўсё ўключана”. Мы спадзяёмся на працу каго-небудзь, тут людзі ў большасці сваёй могуць забяспечыць сябе самі. Гаворыце, на адпачынку трэба адпачываць? Але для многіх змена дзейнасці — гэта таксама адпачынак. А галоўнае, на такім турызме можа зарабляць кожны: людзі ж для нас не робяць нічога новага. Яны проста паказваюць тое, што ўмеюць і ўмелі заўсёды.




“Аддзімацца” даводзіцца Сон Джэ. Паўднёвакарэец зусім не супраць, нягледзячы на тое, што, па ўласным прызнанні, прыгатаваць зможа толькі рыс. “А сабачыну?” — смяёмся. “Еў адзін раз”, — ухіляецца ён ад адказу...

— Не парань толькі пальцы, — вучыць Ала Хорэнь, калі хлопец пачынае церці бульбу. — Не рабі дранікі такімі тоўстымі, — на чарзе новая падказка.

Ускладняем заданне. Пакідаем Сон Джэ аднаго. Здолее? Здолеў. Праз 10 хвілін атрымліваем гатовую страву: быццам усё жыццё гатаваў...

Слова экспертам

Дзмітрый Субцельны, віцэ-прэзідэнт Еўрапейскай федэрацыі асацыяцый, цэнтраў і клубаў ЮНЕСКА:

— Адна з задач нашай арганізацыі — наладжванне міжкультурных камунікацый, таму па сваёй рабоце мы часта супрацоўнічаем з замежнікамі. Яны, скажам, з’яўляюцца пастаяннымі экспертамі нашых міжнародных праектаў — напрыклад, адукацыйных і добраахвотніцкіх лагераў. Абавязковы пункт праграмы — знаёмства з краінай. Але глядзець замкі ды іншыя аб’екты гістарычна-культурнай спадчыны — гэта адно. Для большага разумення менталітэту, наладжвання сувязяў лепш далучыць да побыту, даць гэткую магчымасць адчуць сябе беларусам, паказаць тую Беларусь, якую не бачыць звычайны турыст, што мы, уласна, і імкнёмся рабіць.

Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення БГА “Адпачынак у вёсцы”:

— Некаторыя замежнікі чакаюць ад Беларусі цішыні і спакою. Ім цікава проста выглянуць у акно і паглядзець на яблыневы сад. Аднак трэнд сучаснага турызму, за які многія гатовыя плаціць вялікія грошы, — гэта ўражанні. Узяць, напрыклад, касьбу. Чалавек працуе фізічна. Адчувае траву. Чуе яе пах. Бачыць сонца, птушак. Ён гэтым ніколі не займаўся, а значыць, несумненна, зведае вельмі моцныя эмоцыі. Адно але: госці вельмі адчуваюць, дзе тэатр, а дзе рэальнае жыццё. Я ведаю, пра што гавару, таму што ў племені масаяў сама пражыла тыдзень — каб не толькі ўбачыць карцінку, але і адчуць душу. Іншае пытанне, што пакуль на аграсядзібах працатэрапія як канкрэтная прапанова яшчэ не аформлена. Папрацаваць прапануюць, толькі калі папросяць...

Дзмітрый Умпіровіч

Фота Павел Чуйко

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter