Якія праграмы пра вёску ёсць на Першым канале Беларускага радыё?

«Сельскай ранiцы няма. Такi дзень»

Праграмы сельскай тэматыкі на Першым нацыянальным канале Беларускага радыё
ПРАГРАМА «Сельская раніца» Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё добра знаёма слухачам. Цяжка знайсці вяскоўца, дзень якога не пачынаўся б з прыемных галасоў вядучых Святланы Башылавай і Наталлі Сцёпачкінай. Роўна ў 6.10 кожны дзень слухачы знаёміліся з навінамі аграпрамысловага комплексу, каментарыямі спецыялістаў-аграрыяў, замалёўкамі пра вяскоўцаў. Аднак з першага верасня праграма больш чым з паўвекавой гісторыяй з хваль радыё знікла... Куды, а галоўнае, чаму? З такім пытаннем у рэдакцыю «СГ» звярнуўся чытач з Навагрудка Ілля Антончык. Вось вытрымка з яго ліста: «У краіне больш за два мільёны вяскоўцаў. А праграма, якая распавядала пра працаўнікоў палёў і ферм, знікла. Няўжо зараз не трэба пра іх расказваць? Гэту перадачу трэба не толькі захаваць, але і павялічыць час яе гучання». Каб разабрацца, чаму знікла «Сельская раніца» і якія праграмы падобнай тэматыкі запоўнілі эфір канала, «ТэлеРадыёТыдзень» накіраваўся на Чырвоную, 4. 

Выпускі пачыналіся ў камандзіроўках 


Гісторыя праграмы вядзе свой адлік ад 1964 года. Менавіта тады ў эфіры сталі з’яўляцца каментарыі вядучых па пытаннях аграрнай сферы. А прыблізна з 1972 па 1990 год працаваў у «Сельскай раніцы» і цяперашні супрацоўнік «СГ» Уладзімір Субат. Уладзімір Паўлавіч памятае, як ствараліся выпускі, каб з самага ранку трапіць «на стол» вяскоўцу:

Вядучая праграмы «Для тых, хто дома» Алена ДЗЕМІДОВІЧ

— Нараджалася «Раніца» менавіта ў камандзіроўках. Дзе, як не там, можна было знайсці каларытных герояў, пачуць смачнае гучанне беларускай мовы. Памятаю, калі перайшоў на тэлебачанне, і праз дзесяць гадоў людзі пазнавалі мой голас менавіта як вядучага «Сельскай раніцы». Вось гэта сапраўдны кошт праграмы. А рабіла яе цэлая брыгада моцных журналістаў — Таццяна Харавец, Лідзія Рыбалкіна (яе нават параўноўвалі з савецкім дыктарам Вольгай Высоцкай), Алена Аўрынская, Анатоль Чачотка. У кожнага вядучага была свая тэма. Панядзелак, напрыклад, быў прысвечаны будаўніцтву, аўторак — механізацыі, серада — навуцы, чацвер — меліярацыі (мая тэма), пятніца — жывёлагадоўлі.

На ўсё жыццё запомніў журналіст і свой першы рэпартаж. Было гэта ў Драгічынскім раёне. У рэдакцыю трэба было прывезці рэпартаж пра ўборку збожжа. Уладзімір Паўлавіч накіраваўся ў тады яшчэ саўгас «Драгічынскі». Для інтэрв’ю карэспандэнту далі вопытнага агранома, з якім і пайшоў на поле. «Уключаю мікрафон і цікаўлюся, якая ўраджайнасць культуры. Аграном расказвае, што добра ўрадзіла жыта. Толькі падчас мантажу, ужо ў рэдакцыі, зразумеў, што казалі мы пра розныя культуры: я — пра пшаніцу, ён — пра жыта», — з усмешкай успамінае журналіст. 

Аднойчы ў Жыткавіцкім раёне ў стозе сена карэспандэнт неяк забыў свой «Рэпарцёр». Рэпартаж з камандзіроўкі трэба было выдаваць ужо назаўтра. Што рабіць? У выніку магнітафон шукалі ледзь не ўсім калгасам, знайшлі і ўвечары аўтобусам перадалі ў Мінск. 

— Так, смешных, цікавых гісторый хапала. Але, нягледзячы на гэта, да выпуску кожны журналіст падыходзіў сур’ёзна, — дадае Уладзімір Паўлавіч. — Тое, што праграма знікла, вядома, шкада. Цяпер у фокусе — жыццё ў межах кальцавой дарогі. А далей?.. Няма чалавека на экране, амаль прапаў ён і з радыё... 

Вядучыя праграмы «Актуальны мікрафон» Вольга СЯМАШКА і Дзмітрый РУБАШНЫ.

Калега Уладзіміра Субата па «Раніцы» Анатоль Чачотка прысвяціў праграме амаль сорак гадоў жыцця. Стыхіяй гэтага журналіста была навука. Новыя сарты бульбы — Анатоль Ільіч ужо ведае, самая сучасная тэхніка — карэспандэнт тут як тут:

— Вельмі часта ў студыю да мяне прыходзілі знакамітыя навукоўцы, эксперты аграрнай галіны. А аднойчы запрасіў на гутарку акадэміка Мухіна, знакамітага селекцыянера. Пасля гэтай передачы, якую, дарэчы, рабіў і для Масквы, быў адзначаны ўзнагародай «Выдатнік тэлебачання і радыё».

...Але ад дня ўчарашняга пяройдзем да дня сённяшняга. Чым была выклікана неабходнасць змяніць сетку вяшчання?

Вёска — не толькі эканоміка


Каб знайсці адказ на гэтае пытанне, найперш накіроўваемся да галоўнага дырэктара Першага Нацыянальнага канала Беларускага радыё Антона Васюкевіча. 

Антон Барысавіч пацвердзіў: сапраўды, з верасня традыцыйна абнаўляецца сетка вяшчання. Сезон 2016—2017 года быў распрацаваны з улікам даных сацыялагічных і маркетынгавых даследаванняў і арыентаваны на розныя сацыяльныя і дэмаграфічныя групы. Зыходзячы з гэтага, прыярытэтныя  праекты вяшчальнай палітыкі канала — інфармацыйныя, аналітычныя і сацыяльныя. Перыядычнасць, храна- метраж і месца радыёперадач у сетцы абумоўлены арыентацыяй на мэтавыя аўдыторыі. 

Вядучая «Сваёй зямлі» Святлана БАШЫЛАВА.

— Сумесна з Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчавання асвятляем пытанні развіцця аграпрамысловага комплексу, спецыялісты ведамства ўдзельнічаюць у нашых праграмах і выступаюць па тэмах эканомікі, новых тэхналогій галіны, перадавога вопыту гаспадарак. Мы зацікаўлены ў тым, каб нашы слухачы мелі ўяўленне, як у краіне развіваецца АПК, ствараецца харчовая бяспека, — расказаў аб накірунках і фармаце канала Антон Барысавіч. — Гэту тэму не абмяжоўваем дзейнасцю Мінсельгасхарчу. Актыўна ўдзельнічаюць у асвятленні пытанняў вясковага жыцця спецыялісты Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, будаўнікі і гэтак далей. Канал комплексна асвятляе жыццё вясковых жыхароў. Бо вёска — не толькі эканоміка, але і культура, будаўніцтва, медыцына. 

Хто ж героі, суразмоўцы перадач? Антон Барысавіч канстатуе: вядома ж, вясковыя жыхары. На радыё сельскай тэматыкай займаецца вялікая колькасць людзей. І камандзіроўкі ў супрацоўнікаў распісаны практычна ва ўсе рэгіёны краіны. Адтуль гучаць і жывыя рэпартажы. Асабліва інфармацыйныя праграмы «актыўныя» падчас пасяўной і ўборачнай кампаній.

У кожнай праграме — чалавек працы


Нельга сказаць, што сельскагаспадарчая тэматыка абмяжоўвалася толькі праграмай «Сельская раніца». Гэта тэма пастаянна гучыць і ў іншых праграмах: «Навіны», «Радыёфакт», «Пастфактум», «Актуальны мікрафон», «Такі дзень», «Дзелавы радыёпартал», «Каментарый дня». Упэўнілася ў гэтым, калі пабывала на эфірах некаторых з іх.

Надзвычай шырока, напрыклад, падводзіліся нядаўна вынікі жніва, герояў яго запрашалі на розныя праграмы. Вось і ў перадачы «Галерэя. Партрэты сучаснікаў» сабраны дзясяткі радыёпартрэтаў кіраўнікоў гаспадарак, якія маюць высокія дзяржаўныя ўзнагароды. 

Жыццё розных абласцей асвятляюць карэспандэнты ў праграме «Рэгіён». Тут сельская тэматыка заўсёды на першым плане. Працаўнікі вёскі, перадавікі сельгасвытворчасці, кіраўнікі гаспадарак —
Галоўны дырэктар
Антон ВАСЮКЕВІЧ.


галоўныя героі і тэматычнай перадачы «Свая зямля», якая стала паўнапраўнай пераемніцай «Сельскай раніцы». Ужо некалькі гадоў вядзе яе Святлана Башылава. Святлана Канстанцінаўна, як ніхто іншы, знаёма з вясковым жыццём — сама родам з нясвіжскага Снова. Да таго ж доўга вяла «Сельскую раніцу»:

— Тэматыка мне блізкая, таму стараюся падыходзіць да кожнага выпуску адказна. Калі гаворым пра «Сваю зямлю», то ў ёй больш сацыяльна-эканамічная накіраванасць: чым жыве вёска зараз, этапы рэфармавання. Праграма дае большае ўяўленне пра вясковае жыццё, глыбей аналізуе працэсы, што адбываюцца ў аграрнай сферы. Рэалізацыю дзяржпраграм паказваем праз чалавека, які жыве ў глыбінцы. І сама праграма ствараецца ў рэгіёнах. Паказваем не толькі перадавы вопыт краіны ў сельскагаспадарчай галіне, але і сельскі бізнес у тым ліку. Бо гэты накірунак зараз развіваецца. Нават складана ўявіць, што ў краіне налічваецца ўжо больш за дзевяць тысяч фермераў.

Святлана Канстанцінаўна дадала, што самае цікавае ў стварэнні праграмы, якая выходзіць кожную суботу ў 6.15, гэта, канешне, знаёмствы з людзьмі. Літаральна на гэтым тыдні вярнулася з камандзіроўкі з Лідскага раёна, куды накіравалася спецыяльна за новым героем «Сваёй зямлі». Цікавы прыклад — звычайны рабочы цеплавой сеткі Віктар Кодзік у адзін момант вырашыў кардынальна змяніць сваё жыццё і заняўся сельскім бізнесам — стаў вырошчваць вешанкі. Рэнтабельнасць яго вытворчасці зараз каля 30 працэнтаў. Такім паказчыкам могуць пазайздросціць нават моцныя прадпрыемствы. 

— І такіх цікавых герояў можна знаходзіць бясконца, — лічыць Святлана Канстанцінаўна. — Дарэчы, такі станоўчы вопыт штурхае людзей змяняць і сваё жыццё. Памятаю, калі рыхтавала выпуск пра СВК «Агракамбінат Сноў», потым даведалася, што некаторыя слухачы пера- ехалі туды і ўладкаваліся на працу.

Асобная тэматыка на радыё — аграрная навука. Ёй рэгулярна прысвячаюцца выпускі навукова-папулярнай праграмы «Нязведаныя гарызонты». Аб сельскіх сем’ях і працоўных дынастыях распавядаецца ў перадачы «Для тых, хто дома». Як з пакалення ў пакаленне перадаюцца веды, захоўваюцца традыцыі, ведае вядучая Алена Дземідовіч:

— Галоўныя героі выпускаў — цікавыя сем’і, у тым ліку і з вёсак. Яны жывуць паўнацэнным жыццём, маюць свае інтарэсы і традыцыі. Чаму пра іх не расказаць на нашых хвалях? Частыя госці ў нас — пераможцы конкурсу «Валадар сяла». Сустрэчы з імі заўсёды цікавыя і інфарматыўныя. 

А як жа з эканомікай сельскай гаспадаркі? Знаходзіць сваё адлюстраванне гэта тэма ў выпусках «Дзелавога радыёпартала» з Вольгай Сямашка. Праграма эканамічная, таму асвятляе экспарт і імпарт прадуктаў харчавання. А сетка рэгіянальных карэспандэнтаў рыхтуе выпускі пра перадавы вопыт галіны.

У вядучага праграмы «Актуальны мікрафон» Дзмітрыя Рубашнага цікаўлюся, ці актуальныя для яго «Мікрафона» праблемы вяскоўцаў?

— А як жа? Трэба разумець, што нашы слухачы ў тым ліку і жыхары невялікіх населеных пунктаў, таму тэмы павінны быць цікавымі і для іх. Як працуе гандаль, грамадскае харчаванне, як ідзе будаўніцтва ў вёсцы, ці даязджаюць аўталаўкі да кожнай вёскі? Такія злабадзённыя пытанні часта падымаем у нашых эфірах. Бо «Актуальны мікрафон» — праграма, якая распавядае пра самыя свежыя навіны дня. Краіна наша, як вядома, аграрная, таму шмат падзей адбываецца менавіта ў гэтым накірунку. 

bizyk@sb.by
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter