Себасцьян, суродзіч з Уругвая

За тысячы кіламетраў прыехаў праўнук ураджэнца Брэстчыны Рыгора Андраюка-Драпуна на зямлю продкаўЧылі, Балівія, Аргенціна, Парагвай, Уругвай… Гэта ж і ў тых краінах, на далёкім заакіянскім кантыненце, шукалі ў свой час лепшай долі тысячы нашых суродзічаў. Помніцца, сямейнае паданне гаварыла, што і з вёсак Яцкаўшчына, Жарабковічы, Гулічы, і з нашага роду Ждановічаў ехалі калісьці маладыя моцныя хлопцы “на заробкі ў Амерыку”. Далёка не ўсе вярнуліся дадому, і набяры цяпер Zhdanovich на якім пошукавым сайце — дзясяткі людзей з далёкага і блізкага замежжа “высвецяцца”. Можа, іх нашчадкі? За савецкім часам, праўда, мае землякі пра тое мала згадвалі, і кантактаў з родзічамі тых, хто прыжыўся на заакіянскай глебе, амаль не было. Калі ж упала “жалезная заслона”, пацягнуліся і амерыканцы да родавых каранёў. Прыкладам, гадоў пяць таму ў нашы мясціны, у Ляхавіцкі раён, прыязджаў госць з Уругвая, сустракаўся са сваякамі з вёскі Гулічы.
Себасцьян Андраюк у Беларусі ўпершынюЗа тысячы кіламетраў прыехаў праўнук ураджэнца Брэстчыны Рыгора Андраюка-Драпуна на зямлю продкаў
Чылі, Балівія, Аргенціна, Парагвай, Уругвай… Гэта ж і ў тых краінах, на далёкім заакіянскім кантыненце, шукалі ў свой час лепшай долі тысячы нашых суродзічаў. Помніцца, сямейнае паданне гаварыла, што і з вёсак Яцкаўшчына, Жарабковічы, Гулічы, і з нашага роду Ждановічаў ехалі калісьці маладыя моцныя хлопцы “на заробкі ў Амерыку”. Далёка не ўсе вярнуліся дадому, і набяры цяпер Zhdanovich на якім пошукавым сайце — дзясяткі людзей з далёкага і блізкага замежжа “высвецяцца”. Можа, іх нашчадкі? За савецкім часам, праўда, мае землякі пра тое мала згадвалі, і кантактаў з родзічамі тых, хто прыжыўся на заакіянскай глебе, амаль не было. Калі ж упала “жалезная заслона”, пацягнуліся і амерыканцы да родавых каранёў. Прыкладам, гадоў пяць таму ў нашы мясціны, у Ляхавіцкі раён, прыязджаў госць з Уругвая, сустракаўся са сваякамі з вёскі Гулічы.
Некаму за паўсядзённымі клопатамі пра тую даўніну няма калі думаць, ды і патрэбы такой няма. А ўругваец Себасцьян Асіс Андраюк, які нядаўна наведаў рэдакцыю газеты “Голас Радзімы”, мае ў сэрцы шчымлівае жаданне “радзічацца”, як трапна кажуць украінцы, гэта азначае: падтрымліваць цесныя кантакты з родзічамі. Калі ж адбыў ва Уругвай ягоны дзед? “То быў складаны час, калі раздзялілася сям’я, — перакладае адказ Себасцьяна з іспанскай мовы на беларускую ягоны сябар, супрацоўнік Міністэрства замежных спраў Сяргей Лукашэвіч. — Трое братоў майго дзеда засталіся ў Беларусі, а сам ён выехаў ва Уругвай. Гэта было ў 1929 годзе”.
Сяргей пазнаёміўся з ім, калі працаваў першым сакратаром беларускага пасольства ў Аргенціне. Рыхтуючыся да сустрэчы, я знайшоў і раздрукаваў для гасцей публікацыю у нашай газеце “Сябры з-за акіяна” — пра аргенцінскага адваката Эдуарда Пеннісі, які стварыў у Буэнас-Айрэсе Беларускі культурны цэнтр імя Кастуся Каліноўскага. Абодва мужчыны ўсміхнуліся, пабачыўшы тэкст, бо добра ведаюць і Эдуарда, і яго пачынанні. Себасцьян, які жыве ў невялікім горадзе Кармэла, расказвае: “Гэта непадалёк ад Монтэвідэа, сталіцы Уругвая, а яшчэ бліжэй ад нас да аргенцінскай сталіцы, Буэнас-Айрэса. Туды я магу паехаць, калі суайчыннікі ладзяць нейкія сустрэчы, напрыклад, у клубе “Дніпро”. Себасцьян прадпрымальнік, мае невялікую сетку магазінаў, зямлю, разводзіць жывёлу для продажу.
“Ці адчуваеце, што ў вас беларускія родавыя карані?” — задаю пытанне. “Конечно!” — усміхаецца ён, старанна выгаворваючы слова па-руску. А якім чынам гэта праяўляецца? Себасцьян не губляецца, адказвае: “Я заўсёды памятаю, адкуль родам мае продкі. Я ведаю, дзе карані маёй сям’і, і гісторыю роду ведаю — з таго, што расказваў дзед”. Як жа яго звалі? “Григорий Кириллович Андроюк-Драпун” — гаворыць госць па-руску.
Уругваец з беларускімі родавымі каранямі прыехаў у Беларусь, пра якую чуў з дзяцінства, упершыню. З удзячнасцю гаворыць, што візіт яму дапамог арганізаваць Сяргей. І сустрэча з радзімай дзеда яго не расчаравала: “На самой справе тое, што я ўбачыў, перавысіла ўсе мае чаканні. Я пабачыў краіну, у якой жывуць прыветныя, адкрытыя людзі. У якой усё добра арганізавана, развіта эканоміка. Я сустрэўся з сябрам Сяргеем, гасцяваў дні чатыры ў сям’і сваякоў у Брэсце. Гэта вельмі цікава, бо з імі мы, уругвайскія Андраюкі, не мелі кантактаў на працягу сарака гадоў”.
Як прызнаўся госць, жывых сустрэч, поціскаў рук, непасрэдных зносін нішто не заменіць. І хоць ён мае электронную перапіску з сябрамі ў Буэнас-Айрэсе, аднак ахвотна ездзіць туды і на святы, калі яго запрашаюць. Пагранічны кантроль на мяжы паміж Уругваем і Аргенцінай — не перашкода.
Себасцьяна, які мае намер і ў сталіцы Уругвая стварыць беларускі куток, сустракалі і ў апараце Упаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцяў. “Падарылі Себасцьяну невялікую бібліятэку кніг пра Беларусь, кампакт-дыскі з запісамі абрадавых святаў, нацыянальную сімволіку, — удакладніў супрацоўнік апарата Упаўнаважанага Аляксандр Сасновіч. — Як вядома, яшчэ па звычцы савецкіх часоў беларусы ствараюць у Лацінскай Амерыцы клубы сумесна з украінцамі і рускімі. А цяпер пры тых клубах, што маюць і салідную гісторыю, афармляюцца і беларускія куткі. Мяркуем, усё тое, што мы падарылі Себасцьяну, спатрэбіцца нашым суайчыннікам”.
Напэўна ж заакіянскі госць падзеліцца з сябрамі ўражаннямі пра вандроўку на гістарычную радзіму. А там, глядзіш, і яшчэ некаму з нашчадкаў былых перасяленцаў захочацца наведаць Беларусь. То — калі ласка, было б толькі жаданне, а сваякі гатовыя з імі “радзічацца”.

Іван Ждановіч
На здымку:
Себасцьян Андраюк у Беларусі ўпершыню
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter