Народный мастер Анатолий Турков работает с деревом как с живым существом

Сапраўдны тур

Адкуль паходзіць яго прозвішча, Анатоль Савельевіч Туркоў з Камянца дакладна не ведае. Але верыць даследчыкам, якія сцвярджаюць, што мянушка Тур узнікла ў вельмі даўнія часы, калі нашы продкі пакланяліся свяшчэннай жывёле — туру. І верылі, калі дзіцяці даць імя Тур, то яно зможа пераняць тую ж сілу, магутнасць і вынослівасць, якімі валодаў дзікі бык.



Туркоў — разьбяр, мастак, края­знаў­ца, кіраўнік творчага грамадскага аб’яднання «Тур». Ён стопрацэнтна мае сувязь з тым пасылам продкаў, які спраўдзіўся. Бо здольнасці і моцныя рысы характару — гэта пра яго, народнага майстра Беларусі Анатоля Туркова. Геаграфія паркавай скульптуры, створанай яго таленавітымі рукамі, уключае амаль усе гарады і мястэчкі нашай краіны, а таксама шэраг населеных пунктаў блізкага і далёкага замежжа. Шматлікія творчыя камандзіроўкі не даюць яму доўга затрымлівацца дома, але ж у кожным яго творы, слове, учынку адчуваецца любоў да малой радзімы, да Камянеччыны.

…З Анатолем Савельевічам мы сустрэліся ў Камянецкай дзяржаўнай дзіцячай школе мастацтваў, дзе загадвае мастацкім аддзяленнем і выкладае яго дачка Таццяна, а таксама вучыцца ўнучка Даша. Вялікая радня Туркова (ён са шматдзетнай сям’і) — людзі розных прафесій, але творчую сферу выбрала толькі Таццяна. Не дзіва, што ў бацькі з дачкой — асаблівая духоўная сувязь. Іх часта можна ўбачыць побач на мерапрыемствах.

— Калі ёсць перад вачыма прыклад бацькі — гэта адно. Вось і Таццяна кажа, што мастацтва стала яе вобразам жыцця дзякуючы вам. А як вы, вясковы хлопчык, дзіця зямлі, пацягнуліся да ўзвышанага?
Разьба па таніраваным тоне.
Фота з архіва сям’і Турковых


— Нічога дзіўнага ў гэтым няма. Вёска дае шмат прыгожых вобразаў, натхняе, настройвае на творчасць. Калі мяне разам з братам бацькі аддалі вучыцца ў Высокаўскую школу-інтэрнат, я пачаў самастойна маляваць, іграў у духавым аркестры. Апошнія два класы вучыўся ў СШ № 1 у Камянцы, адначасова займаўся малюнкам, жывапісам і лінагравюрай у студыі выяўленчага мастацтва пад кіраўніцтвам заслужанага настаўніка Беларусі Дзмітрыя Раманавіча Дошчыка.

У працоўнай кніжцы Ана­толя Туркова запісаў няшмат: загадчык мастацкай майстэр­ні пры Камянецкім ДК, старшыня мастацкага ­кааператыва «Узор», мастак Камянецкай ЖКГ — адсюль і выйшаў майстар на пенсію.

— Хтосьці на пенсіі сушыць вёслы, а ваша творчая актыўнасць пачала толькі нарастаць?

— Безумоўна, дзесяцігадовы адрэзак ад 60 да 70 быў насычаны, але ўсё ж закрыццё кааператыва «Узор» дало той важны штуршок, каб я стаў больш займацца творчасцю і развівацца. Памяшканне, якое арандаваў кааператыў, належала камунальнікам, і ў 1992 ­го­дзе дырэктар ЖКГ прапанаваў мне за­стац­ца мастаком, так я і адпрацаваў там да 60 гадоў. Працы на прасторах горада і раёна для мяне было шмат, але знаходзіўся час і для больш ­глыбокай творчасці. З 2000 года я пачаў займац­ца паркавай скульптурай, і мяне ад­разу ж адправілі на пленэр у ­Польшчу. У тым жа годзе стаў удзельнікам конкурсу драўлянай скульптуры ў Брэсце і міжнароднага фестывалю «Палес­кі карагод» у Пінску. А ў 2002-м мы правялі першы абласны пленэр па жывапісу і разьбярству, прысвечаны 120-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы і Якуба Коласа. Зараз пленэры па паркавай скульптуры на Брэстчыне праводзяц­ца штогод, і ўдзельнічаюць у іх майстры з розных краін.

— У Камянцы — Еўфрасіння Полацкая, у Ружанах — Цэцылія Рэната Аўстрыйская, у Малых Сяхновічах — Тадэвуш Касцюшка. Рэальныя гістарычныя асобы. Ці цяжка надаць дрэву рысы канкрэтнага чалавека?

— Гэта няпроста. Звычайна аргані­затары пленэру клічуць нас на ты­дзень, за гэты час з выдаткаванага матэрыялу патрэбна зрабіць заказ. Лішняе адсячэш — назад не прыклеіш. А калі асоба гістарычная, трэба яшчэ паспець прачытаць пра абста­віны яе жыцця, паглядзець партрэты, каб атрымалася падабенства. Кара­леву Аўстрыйскую рабіў з ­вялікага куска дубу — 1,3 метра ў ­дыяметры і вышынёй 2,5 метра. Каб толькі вы­раўняць ніз, затраціў цэлы дзень. На адну скульптуру звычайна расходуецца 5 літраў паліва для бензапілы, а Цэцылія «з’ела» ажно 25! Яе ­можна ўбачыць у скверы ў Ружанах. Касцюш­ка застаўся ў Жабінкаўскім раёне, у мясцовым музеі — гэта таксама праца з пленэра. А вось Ціхан Пратаса­віц­кі, герой с «Пінскай ­шляхты», стаіць каля пінскага тэатра. У гэтым выпадку найскладаней было не з тварам, а з фразай героя «А хрын тобі ў вочы», якая ідзе па нізе скульптуры. Быць ёй ці не быць, вырашалі на ўзроўні кіраўніка горада.

— У вас каля 200 скульптур. Якая самая любімая?
«Цэцылія Рэната Аўстрыйская».


— Усе люблю, але ёсць такія, над каторымі хацелася б прадоўжыць працу. Напрыклад, бог Сварог, якога выразаў для комплексу ў Каробчыцах на Гро­дзен­шчыне. Зрабіў Сварога і дзве амазонкі — тры асобныя фігуры за ты­дзень. Вынік — правая рука амаль не працуе, ледзь трымаюся на нагах. Прыйшла камісія прымаць работы, хваляць, што паспеў за кароткі тэрмін. Кажу, мне б яшчэ месяц на Сварога, атрымалася б дасканальная работа. А яны здзіўляюцца, кажуць, што тут удасканальваць?

— Дрэва адчувае настрой майстра?

— Безумоўна. З дрэвам трэба абыходзіцца як з жывой істотай. Калі не хочацца працаваць, нічога добрага не атрымаецца. Трэба брацца за яго з душой. Ну і тэхнічныя моманты ёсць, якія варта ўлічваць. Неяк вядомы польскі гісторык і этнограф беларускага паходжання, занавальнік музея малой радзімы ў Студзіводах Дарафей Фіёнік замовіў скульптуру фундатаркі мясцовай царквы — княгіні Івассы, а бервяно даў з дупламі. Кажа, выбачай, дружа, іншага няма. Павычышчаў я яго і зрабіў урэшце плацце з выкрунтасамі — атрымалася цудоўна. Важна адразу ўяўляць, дзе будуць твар, рукі, якім будзе адзенне. У дрэва ёсць паўднёвы і паўночны бакі, гэта патрэбна таксама ўлічваць, бо дрэва, калі трэскаецца, дык з паўднёвага боку. Дуб наймацнейшы, з ім цяжка фізічна працаваць, а вось ліпа для паркавай скульптуры не падыходзіць.

— Цікава, ці сустракаецца плагіят сярод разьбяроў?

— А як жа! Збіраўся неяк я на міжнародны конкурс на Байкал, адправіў свой эскіз, праект, яго зацвердзілі, чакалі мяне, але не атрымалася паехаць. Потым мне скінулі фільм пра мерапрыемства. І што я бачу? Пераможца з Чалябінска перафразіраваў маю ідэю, нават спрасціў яе і заняў першае месца, атрымаў 10 тысяч долараў за перамогу. Цяпер свае работы выкладваю ў інтэрнэт з асцярогай, а пра планы нават не кажу.

— А не шкада развітвацца са скульптурамі, карцінамі?

— Шкада. Але я за гэта жыву. Я ж не для таго працую, каб збіраць свае работы ў каморцы і ўпотай імі люба­вацца…

Дарэчы, паркавая скульптура — гэта не ўсё, што славіць Анатоля Туркова. Разьба па таніраваным тоне (дрэварыт), традыцыйная толькі для рэгіёну Белавежскай пушчы, праразное пано, жывапіс — яго мастацкія творы нярэдка замаўляюць для высокіх гасцей. А выкананыя ім паклонныя крыжы, як кажа Туркоў, — для кожнага падарожніка.

Ларыса Быцко, загадчык аддзела традыцыйнай культуры дзяржаўнай установы «Брэсцкі абласны грамадска-культурны цэнтр», адносіць Анатоля Туркова да тых людзей, якіх называюць «соль зямлі»:

— Выгадаваў сына Зміцера, дачку Таццяну, пабудаваў уласнымі рукамі прыгожы дом, пасадзіў сад. Анатоль Туркоў — чалавек, які знаходзіцца ў пастаянным пошуку, удасканальвае сваё майстэрства і паспяхова рэалізуе свае творчыя ідэі ў галіне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Прынцыповасць, сур’ёзнасць, патрабавальнасць да сябе, прафесійныя навыкі і ўменне арганізаваць работу — адметная пазіцыя майстра. Для Анатоля Савельевіча, па яго прызнанні, вельмі важна меркаванне недасведчаных у разьбярстве людзей, аднак галоўнае — прайсці ўласную самацэнзуру.

«Святое сямейства».

— Адна з апошніх вашых работ — «Святое сямейства». Сакральная кам­па­зі­цыя спецыяльна выканана да выставы з нагоды вашага 70-годзя. Дзе гэта работа зараз?

— У Германіі. Музея ў мяне няма, таму я вымушаны прадаваць работы, каб яны не заляжаліся. Быў у мяне адзін заказ, завіталі да мяне заказчыкі, убачылі, над чым я працую, далі аванс, і «Святое сямейства» пасля выставы паехала ў Германію.

  kozlovich@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter