Самыя надзейныя інвестыцыі

Усведамляю: перада мною незвычайны суразмоўца, унікальны чалавек. І хоць Барыс Міхайлавіч Куц — фігура ў Шчучынскім раёне вядомая, падчас гэтага інтэрв’ю адкрываю яго новыя грані не толькі як кіраўніка-гаспадарніка, але і як яркай, неардынарнай асобы. Былы воін-інтэрнацыяналіст, які быў удастоены медаля “За баявыя заслугі”, займаў прэстыжныя пасады ў дзяржструктурах, але рызыкнуў у непрадказальна-трывожныя 90-я на конкурснай аснове вылучыць сваю кандыдатуру на калгаснае старшынёўства (і менавіта яму паверылі людзі), а будучы ўжо самадастатковым кіраўніком нечакана для ўсіх паступіў у аспірантуру БелНДІ аграрнай эканомікі і бліскуча абараніў кандыдацкую дысертацыю.

...У свой час студэнта Гродзенскага сельгасінстытута Барыса Куца прама з лекцыі выклікаў рэктар: “Вось, хлопча, знаёмся. Гэты чалавек хоча запрасіць цябе на работу. Ацані — у адзін з лепшых калгасаў вобласці...”
“Купцом”, што завітаў тады ў сельгасінстытут, быў не хто іншы, як тагачасны старшыня калгаса “1 Мая” М.В.Вашчыла. Такім чынам Мечыслаў Вікенцьевіч з ліку таленавітай студэнцкай моладзі падбіраў сабе, як цяпер бы сказалі, каманду. Так Барыс Міхайлавіч Куц стаў у 1978 годзе галоўным заатэхнікам гаспадаркі, сённяшняя назва якой — сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Шчучынаграпрадукт”.
— Да гэтага часу сваім настаўнікам па жыцці лічу Мечыслава Вікенцьевіча  Вашчылу. Ён усяго сябе аддаваў роднаму калгасу. Засталіся ягоныя справы, традыцыі, закладзеныя ім, галоўная з якіх — шанаваць і ўшаноўваць тых, чыя праца робіць вытворчыя паказчыкі высокімі, а гаспадарку высокаэфектыўнай.
Нядаўна мы адзначалі 60-гадовы юбілей сваёй гаспадаркі. Наогул з нагоды свята “інвесціравалі” ў людзей 50 мільёнаў рублёў.
Мінулы год быў для “Шчучынаграпрадукта” надзвычай паспяховым. Такіх вынікаў па валавому збору зерня, цукровых буракоў, ураджайнасці, надоях, увогуле рэнтабельнасці вытворчасці ў гісторыі гаспадаркі яшчэ не было. Да прыкладу, намалот збожжа пры ўраджайнасці 75,5 цэнтнера з гектара склаў 13 835 тон. Па выніках года атрымалі чыстага прыбытку ні многа ні мала шэсць мільярдаў рублёў. Па ўсіх паказчыках мы ўпэўнена набліжаемся да еўрапейскага ўзроўню.
— І ў чым жа сакрэт поспеху?
— Самадысцыпліна! Творчы падыход да кожнай справы... праз прызму эканамічнай мэтазгоднасці! Жаданне ставіць перад сабой усё новыя і новыя задачы і абавязкова іх вырашаць. Мы заўжды, нават у самыя неспрыяльныя часы, трымаліся на плаве, бо ў нас да аўтаматызму адладжаны і ўзаемадапаўняюць адна другую ўсе структуры вытворчасці. У нас шматгаліновая вытворчасць, добра развіта перапрацоўка. Да прыкладу, тое, што вырабляем са свайго зерня камбікармы, робіць іх таннейшымі на 10—15 працэнтаў. А рэнтабельнасць вытворчасці свініны? Пасля перапрацоўкі мяса яна, рэнтабельнасць,  павялічваецца на пяць працэнтаў, пасля продажу — яшчэ на столькі ж! У выніку мы маем 35 працэнтаў! І такіх прыкладаў можна прывесці багата. У свой час я шмат вывучаў вопыт іншых, у тым ліку і замежны. У разгар гіперінфляцыі мы рызыкнулі пабудаваць уласны каўбасны цэх, хлебапякарню. Жыццё паказала, што разлік і інтуіцыя не падвялі. Сёння ў нас чатыры фірменныя магазіны, месячны тавараабарот якіх складае амаль 700 мільёнаў рублёў.
— Барыс Міхайлавіч, скажыце шчыра, ці ёсць новыя крэатыўныя ідэі?
— Не без таго. Ёсць на ўскрайку Шчучына цікавы і ў прыродным, і ў гістарычным аспекце куточак ля возера. Там вёска нібыта зрастаецца з горадам. Захаваліся і панскія пабудовы. Ёсць задумка стварыць там аграсядзібу. Такое месца было б цікавым і для турыстаў, і для мясцовых жыхароў. Думаю, што ў будучым мы абавязкова рэалізуем гэты праект. А пакуль што ў пасёлку Першамайскім будуем для нашых працаўнікоў два двухпавярховыя дамы.
Дарэчы, усяго за мінулы год мы пабудавалі восем кватэр для нашых спецыялістаў, абсталявалі аграгарадок Тур’я. Словам, жыццё працягваецца.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter