Современные технологии позволяют проявлять себя в роли режиссера

Сам сабе рэжысёр

Добра памятаю, калі ў мяне з’явіўся першы мабільны тэлефон. Гэта было каля трынаццаці гадоў таму. У краіне толькі пачыналі актыўна юзаць гэтыя зручныя ўстройствы (праўда, здаецца, і словам такім тады не карысталіся). Мабільнік мне падарылі бацькі — за паспяховае паступленне ў ВНУ. Ён меў каляровы экран, і ўжо гэта было мегакрута. Ні пра якія дадатковыя опцыі кшталту фотаапарата звычайны беларус тады не марыў.

Прысутнічаючы на адкрыцці чарговага Міжнароднага фестывалю мабільнага кіно velcom Smartfilm, задумалася, як жа імкліва бяжыць час. Сучасныя тэхналогіі дазваляюць не толькі трымаць сувязь адзін з адным нон-стоп, фіксіраваць кожную хвіліну жыцця, але нават праяўляць сябе ў ролі рэжысёра. Фестывалю ўжо восьмы год. І з кожным годам, па меры развіцця тэхналогій і зніжэння іх кошту для карыстальнікаў, колькасць жадаючых паказаць сваю мабільную творчасць павялічваецца. Да прыкладу, летась у конкурсе прынялі ўдзел 311 рэжысёраў-аматараў. Сёлета, чакаецца, іх будзе яшчэ больш. І не толькі з Беларусі. Фестываль ужо трэці год праходзіць пад статусам міжнароднага і за гэты час прыняў фільмы з паўсотні краін.

Камера смартфона стала вельмі зручным і даступным інструментам пачынаючых кінематаграфістаў. Але, пачакайце, чаму толькі пачынаючых? Нават вядомы рэжысёр Стывен Содэрберг, між іншым лаўрэат “Залатой пальмавай галіны”, прэміі “Оскар” і ўладальнік некалькіх статуэтак “Эмі”, прадставіў у лютым гэтага года на Берлінскім кінафестывалі псіхалагічны трылер “Не ў сабе”, цалкам зняты на смартфон. Больш за тое, рэжысёр нават заявіў, што пасля такога вопыту будзе цяжка вярнуцца да традыцыйных кіношных камер.

Відавочна, зняць сёння кіно на мабільнік — гэта рэальна. Аднак ставіцца да тэхнікі, лічыць кінавед, праграмны дырэктар міжнароднага кінафестывалю “Лістапад” і член журы Smartfilm Ігар Сукманаў, варта ў першую чаргу як да інструмента, якім кіруюць чалавечы інтэлект і аўтарская задумка: “Важна, каб ідэі, думкі пераважалі над проста прыгожымі карцінкамі”.

Каб зарыентаваць удзельнікаў фестывалю, што менавіта здымаць, арганізатары вызначылі тэму — “Заснавана на рэальных падзеях”. З аднаго боку, гэта звужае кола сюжэтаў. Але з другога, нагодай для здымак могуць стаць як паўсядзённыя сітуацыі, унутраныя перажыванні чалавека, так і глабальныя гістарычная з’явы. Усё, што заўгодна. Ігар Сукманаў мяркуе, што акцэнт на канкрэтнай тэме ў нейкай ступені звузіць кола чыста аматарскага кіно, якое можа трапіць на фестываль: “Будзем рабіць стаўку на рэальнае, прафесійнае”.

Трэба адзначыць, што і ў мінулыя гады на фестываль дасылалі работы вельмі высокага ўзроўню. Многія з рэжысёраў, якія пачыналі са Smartfilm, пасля траплялі на міжнародныя фестывалі. Пераходным мосцікам ад аматарскага да прафесійнага кіно фестываль стаў і для стужкі “Ягор” Рамана Падалякі і Міхаіла Зуя, знятай па матывах “Радзіва Прудок” Андруся Горвата. Летась “Ягора” паказалі на Smartfilm, а сёлета стужка прыняла ўдзел у нацыянальным конкурсе “Лістапада”.

Напэўна, нямала адкрыццяў і здзіўленняў чакае і падчас сёлетняга фестывалю. Заяўкі на ўдзел у ім прымаюцца да 29 снежня. Вынікі падвядуць праз месяц — 31 студзеня. Пераможцаў чакаюць грашовыя прызы і флагманскія смартфоны. Але не гэта галоўнае — усе канкурсанты атрымаюць неверагодныя вопыт, веды і эмоцыі. Акрамя конкурснай часткі, Smartfilm уключае шэраг спецыяльных падзей — майстар-класы, паказы кіно, вечарынкі. Сярод іх, да прыкладу, сустрэча з расійскай актрысай, рэжысёрам і музыкантам Дар’яй Чарушай.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter