Минск
+2 oC
USD: 2.13
EUR: 2.34

Инструкция на иностранном языке и отсутствие сейфов для хранения: в 4 из 5 проверенных магазинов пиротехники МЧС и милиция нашли нарушения

Салют, выпраўляйцеся!

Няважна, дарослы гэта ці наіўнае дзіця, — кожны раз, калі на вуліцы з’яўляюцца рознакаляровыя агеньчыкі феерверку, усе кідаюць свае справы і бягуць да акна любавацца імі. Пераднавагодніх свят чакаюць і прадаўцы піратэхнікі — яшчэ задоўга да прыходу зімы яны закупляюцца хлапушкамі, петардамі і салютамі з прыгожымі спецэфектамі. Але, як вядома, піратэхніка — тавар небяспечны, таму і захоўвацца ён павінен у асаблівых умовах, інакш чакай бяды. Каб паглядзець, ці выконваюць патрабаванні «прадаўцы радасці», карэспандэнт «Р» разам з прадстаўнікамі МУС і МНС адправілася на адзін з найбуйнейшых рынкаў Мінска. 

Пакупнікі ўжо рыхтуюцца да свят.

А калі рване?

У мінулым сезоне сталічная міліцыя канфіскавала 314 000 адзінак піратэхнічных вырабаў. Напрыклад, у студзені ў магазіне на вуліцы Прытыцкага супрацоўнікі МУС знайшлі велізарны склад з 2386 пачкамі кантрафактных феерверкаў. А праз некалькі дзён такую ж буйную партыю салютаў канфіскавалі з шапіка на вуліцы Лабанка — яны захоўваліся з парушэннямі ўстаноўленых норм. А якія яны, гэтыя нормы, і ці ўсе іх прытрымліваюцца?..

Невялікі шапік з бліскучай шыльдай «Феерверкі» так і за­прашае зайсці. Прадавец Ці­мур мітусліва перабірае паперы ў пошуках сертыфікатаў якасці і нарэшце працягвае іх Васілю Масіновічу, галоўнаму спецыялісту Партызанскага РАНС. Ён канстатуе: праверка на якасць пройдзена. Прадавец расплываецца ў задаволенай усмешцы і нават прапануе падабраць сабе петарды на Новы год. Але яго ўзнёслы настрой імгненна псуецца, як толькі спецыяліст задае, здавалася б, простае пытанне:

— У вас паліцы застаўлены скрынкамі з феерверкамі — гэта макеты?

На зададзенае пытанне Цімур прыдумляе недарэчныя адгаворкі: маўляў, а як людзі змогуць разгледзець тавар, калі яго адсюль прыбраць? Але Васіль Масіновіч прыводзіць слушныя аргументы: 

— Пакідаць тавар на паліцах нельга, асабліва гэты феерверк з трэцім класам небяспекі. Ён павінен захоўвацца ў металічнай незгаральнай шафе. Уявіце, што будзе, калі салют ірване? Ад шапіка не застанецца і следу.

Пакідаць тавар на паліцах нельга — ён павінен захоўвацца ў металічнай незгаральнай шафе.
 
Цімур настойвае: у яго чатыры сейфы, кожны вечар пасля закрыцця магазіна ён прыбірае піратэхніку са стэлажоў. У доказ мужчына адчыняе ўсе шафы — як аказалася, дарэмна.

— У кожным сейфе па­вінна быць не больш за 50 кілаграмаў піратэхнікі, а ў вас яны забітыя даверху, — знаходзіць яшчэ адно парушэнне супрацоўнік МНС. Зноў жа, калі тавар загарыцца, сейф не зможа стрымаць такі моцны выбух.

Такім чынам, спецыялісты выявілі два сур’ёзныя парушэнні, якія Цімур абавязаны ліквідаваць у бліжэйшыя дні. А мы накіроўваемся да наступнага магазіна: раніцай тут шмат пакупнікоў.

— Як гандаль ідзе? — цікавіцца Васіль Шасцюк, участковы інспектар Партызанскага РУУС.

— Нядрэнна, — адказвае гаспадар шапіка Андрэй і працягвае дакументы на тавар.

Спецыялістам хапіла некалькіх хвілін, каб зразумець: усе паперы ў парадку. А як наконт каробак на паліцах? Андрэй прызнаецца, што ўсе правілы стараецца выконваць:

— У мінулым годзе да мяне прыходзілі, правяралі, нават штраф заплаціў за некалькі парушэнняў. Але ў гэтым сезоне памылак не паўтараю, таму загадзя зрабіў муляжы — проста раздрукаваў этыкеткі петард і напісаў: «Узор». І наконт сейфаў я ведаю, у мяне тут нават вагі ёсць — у шафах захоўваецца роўна па 50 кілаграмаў.

Відавочна, пастаянныя праверкі інспектараў даюць вынік: спадзяёмся, усе нядобрасумленныя прадаўцы зробяць высновы па прыкладзе свайго калегі і ліквідуюць парушэнні да пераднавагодняга ажыятажу.

Відавочна, пастаянныя праверкі інспектараў даюць вынік: спадзяёмся, усе нядобрасумленныя прадаўцы зробяць высновы па прыкладзе свайго калегі і ліквідуюць парушэнні.

Дзіўная бестурботнасць

Тым часам па рынку пайшоў слых аб нашым рэйдзе — некаторыя прадаўцы сталі вешаць на дзверы аб’явы: «Перапынак 15 хвілін». Але Таццяна, гаспадыня магазіна з піратэхнікай, упэўнена: ёй баяцца няма чаго.

— У нас і з дакументамі ўсё ў парадку, і інструкцыі да прадукцыі ёсць, — паказвае жанчына пухлую папку з дакументамі. А як наконт сейфаў? У Таццяны і з імі ўсё ў парадку, толькі ёсць адно «але»: сейфы неабходна замыкаць — ніхто старонні не павінен мець сюды доступу, а тут дзверы расчынены насцеж. Але Таццяна абяцае ўжо заўтра купіць замкі і выправіць заўвагі — паверым ёй на слова.

Напрыканцы зазіраем у самы дальні магазін, перад выхадам з рынку. Тут нават шыльда выглядае цьмянай — мабыць, прадавец Максім зусім страціў надзею знайсці пакупнікоў на свой тавар. Усярэдзіне карціна сумная: паліцы застаўлены феерверкамі, прычым інструкцыі да іх напісаны па-англійску, а павінны быць на рускай або беларускай мове. Вогнетушыцель пакрыўся павуціннем — у ім ужо даўно няма ціску. Праўда, пажарны апавяшчальнік на столі ёсць, але толькі як муляж — элемент сілкавання ў ім адсутнічае. «Вішанькай на торце» стаў яшчэ цёплы абагравальнік — прадавец, відаць, толькі што выключыў яго з разеткі, хоць і кажа, што ніколі ім не карыстаўся. Спецыялісты даюць уладальніку шанц выправіцца. 

— Ну а пакупнікам я хачу параіць: абавязкова набывайце феерверкі ў спецыялізаваных магазінах, а не з рук, чытайце інструкцыі, звяртайце ўвагу на тэрміны прыдатнасці і абавязкова глядзіце, каб на ўпакоўцы не было пашкоджанняў. Тады свята не скончыцца трагедыяй, — рэзюмуе Васіль Шасцюк.

ЛІЧБА

314 000 адзінак піратэхнічных вырабаў канфіскавала сталічная міліцыя ў мінулым сезоне.

glushko@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Александр КУШНЕР
Загрузка...