«Больше всего люблю молочный, но пробовала с мясной начинкой, а еще с помидорами и солью»: коллекционер из Бреста собрала более 4000 оберток от шоколада

Салодкая мода ад куцюр

Порысты белы і горкі чорны, у выглядзе пацешных звяркоў і кілаграмовага злітка, вадкі і прэсаваны, з карамеллю, клубніцамі, салёным арахісам... Калісьці іспанскія канкістадоры ахрысцілі шакалад «цёмным золатам» і елі яго выключна для ўмацавання сіл і трываласці. Сучасным жа ласунам даводзіцца шукаць апраўданне больш пераканаўчае, усё-ткі падлогавыя шалі не падманеш. Але ў гэты раз можна зрабіць выключэнне — сёння адзначаецца Сусветны дзень шакаладу, як-ніяк. Правесці мы яго вырашылі не проста за кубачкам гарбаты з пліткай малочнага, а з захопленым калекцыянерам Алінай Ксенда. Як думаеце, што мы знайшлі ў вялікім куфры, які яна прыадчыніла для чытачоў «Р»?

Аліна расказвае, што сябры з падарожжаў замест магніцікаў прывозяць ёй шакалад.

Здабыць любой цаной

Усе мы былі дзецьмі — хтосьці любіў гуляць у лялькі, хтосьці — ў машынкі, а вось брастаўчанка Аліна Ксенда ўяўляла сябе прадаўцом крамы ласункаў і частавала сваіх сябровак шакаладкамі.


— Я добра памятаю старыя абгорткі, з якімі мы гулялі ў пачатку дзевяностых — некаторыя мне нават удалося захаваць, — раскрывае драўляны куфар Аліна і разам з ёй мы адпраўляемся ў падарожжа па засеках памяці. — Дзіцячыя гульні мяне зацягвалі, да таго ж хросная збірала ўпакоўкі ад шакаладак і нават прапаноўвала перадаць мне сваю калекцыю. Але бацькі ідэю не адобрылі, казалі, навошта табе патрэбна гэтая макулатура.

У 13 гадоў Аліна зноў загарэлася сваім дзіцячым захапленнем. Але цяпер усё было сур’ёзна: пра хобі ведалі родныя і сябры, яны і сталі дапамагаць дзяўчыне са зборам калекцыі.


— Знаёмыя паступова ўцягваліся, сталі дасылаць мне фатаграфіі шакаладак з пытаннем: «А ў цябе ёсць такая?» Так у мяне з’явіліся ўсе абгорткі прысмакаў ад беларускіх вытворцаў пачынаючы з 1995 года. Далей — больш: сябры з падарожжаў замест магніцікаў прывозяць мне шакалад, калегі часта катаюцца па свеце і таксама звяртаюць увагу на цікавыя абгорткі. Часам хтосьці нават падыходзіў і казаў: «Аліна, там у шэфа на стале цікавая шакаладка, схадзі забяры». А аднойчы я прыйшла да ўрача і, убачыўшы адкрытую плітку, папрасіла абгортку — гэта быў нейкі ўкраінскі вытворца. Медык вельмі здзівіўся, прапанаваў пачаставацца і сказаў, што ўпершыню бачыць чалавека з такім пацешным хобі.

Набор з Украіны, афармленне выканала мастачка Яўгенія Гапчынская.

Аліна, быццам захоплены скарбашукальнік, заўсёды ўважліва вывучае паліцы крам. Сваё хобі называе бюджэтным: самая дарагая шакаладка ў яе калекцыі, упакаваная ў абгортку з коркавага дрэва, каштавала 10 еўра і прадавалася ў Партугаліі.

Абгортка з коркавага дрэва з Партугаліі.

— У мяне былі ласункі ў жалезнай абгортцы, а яшчэ падабаецца шакаладка, упакаваная ў канверт з паштоўкай. Але вяршыня маёй калекцыі — упакоўка з пісаным квітнеючым садам — яе я купіла ў Венгрыі. Яшчэ вельмі падабаецца, калі сябры пішуць на абгортках пажаданні — гэта мне дапамагае ўспомніць, калі і хто падарыў шакаладку.

Нямецкая шакаладка з паштоўкай.

Скарбонка смакаў

Да 32 гадоў Аліна сабрала больш за 4000 абгортак, у яе калекцыі няма ні адной упакоўкі, якая паўтараецца. Улік дзяўчына вядзе ў табліцы Еxel, каб кожны раз не пералічваць сваё багацце.


— Летась быў пацешны выпадак з нашай «Камунаркай». У іх з’явілася лінія з выявамі гарадоў Беларусі, прычым шакаладкі прадавалі ў аднайменным горадзе. Прыйшлося шукаць сваякоў у Гродне і Мінску, а ласунак з Віцебска даслалі маміны аднагрупніцы — дзякуючы маёй задуме яны да гэтага часу падтрымліваюць сувязь. Але адзіным горадам, дзе мне не ўдалося знайсці знаёмых, стаў Гомель. Тады я напісала ліст на фабрыку: расказала, што збіраю калекцыю, даслала ім фатаграфіі са стосам абгортак і папрасіла прывезці ў фірменую краму Брэста патрэбную мне шакаладку. На адказ я не асабліва разлічвала, але літаральна праз пару дзён яны сапраўды падарылі мне плітку з выглядам Гомеля. Гэта было вельмі нечакана і прыемна.

Блізкім Аліны яе хобі здаецца пацешным, бо ласункі любяць усе.

«Я мару, каб у нас з’явіліся ўпакоўкі з цікавымі беларускімі месцамі, гэта будзе добрая рэклама ўнутранага турызму».

— Я сама да кандытарскай прадукцыі стаўлюся спакойна, але шакалад люблю, асабліва малочны. Спрабавала мноства начынак — з мясам, беконам, буракамі, лавандай, сушанымі памідорамі, соллю... Часам думаю, што мне б вельмі хацелася падзяліцца з кімсьці сваімі ведамі, бо я шмат чаго бачыла. Было б цікава параіць нашым фабрыкам, як зрабіць незвычайную абгортку, праўда, кансультантам мяне пакуль нікуды не пазвалі, — жартуе Аліна. — Я мару, каб у нас з’явіліся ўпакоўкі з цікавымі беларускімі месцамі, гэта будзе добрая рэклама ўнутранага турызму. Можна выкарыстоўваць фотаздымкі Мірскага і Нясвіжскага замкаў, крэпасцяў, сабораў. Або выпусціць шакалад з найпрыгажэйшым возерам Нарач і смакам чароту (смяецца). Увогуле, фантазій шмат, але галоўнае — атрымліваць ад гэтага салодкага ласунка задавальненне, есці кілаграмамі і не таўсцець — чаго я ўсім і жадаю.

glushko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Александр КУЛЕВСКИЙ