Салiгорцам прапануюць латвiйскую “прапiску”. Беларуска-латвiйскае сумеснае прадпрыемства з удзелам ВА “Беларуськалiй” можа быць створана ў Вентспiлскiм порце.

У вынiку рэалiзацыi гэтага праекта наша рэспублiка зможа наблiзiцца да статусу марской дзяржавы.

У вынiку рэалiзацыi гэтага праекта наша рэспублiка зможа наблiзiцца да статусу марской дзяржавы.

Пра магчымасць такога супрацоўнiцтва паведамiў адзiн з кiраўнiкоў латвiйскага холдынгу LSF Алег Сцяпанаў у час адкрыцця Дзён бiзнесу гэтай прыбалтыйскай краiны ў Беларусi. Па яго словах, акцыянернае таварыства “Калiя паркс”, якое ўваходзiць у холдынг, прапанавала “Беларуськалiю” ў Вентспiлскiм порце на базе тэрмiнала па перавалцы мiнеральных угнаенняў стварыць СП. Прадпрыемства мяркуецца арганiзаваць з роўным долевым удзелам бакоў. Пры ўнясеннi свайго ўкладу “Беларуськалiй” атрымае частку складской гаспадаркi.
Такую прапанову беларускi бок атрымаў дзесьцi месяц таму, паведамiў гендырэктар “Беларуськалiя” Андрэй Башура. Перамовы пакуль што не пачалiся. “Склады, зразумела, нiхто бясплатна перадаваць не будзе. Мы павiнны ўсё падлiчыць, падумаць, узважыць. Гэта не аднаго дня работа”, — патлумачыў такую няспешнасць ён.
Праз Вентспiлскi порт сёння праходзiць большая частка экспартных паставак прадукцыi салiгорскiх шахцёраў. З 7,6 мiльёна тон вырабленага сёлета калiю латвiйскiм шляхам плануецца адправiць замежным спажыўцам 3,6 мiльёна. Прыблiзна гэты ж аб’ём транзiту мяркуюць захаваць i на наступны год. Беларускае прадпрыемства таксама карыстаецца паслугамi партоў у лiтоўскай Клайпедзе i ўкраiнскiм Нiкалаеве. У наступным годзе праз першы плануецца накiраваць на экспарт 1,3 мiльёна тон, праз другi — 1,5 мiльёна.
“Вентспiлс нас задавальняе”, — адзначыў А.Башура. Гэты порт, паведамiў ён, за шмат гадоў нiколi не зрываў тэрмiнаў разгрузкi i адпраўкi. У параўнаннi з Клайпедай, таксама зарыентаванай на захад, у латвiйскiм порце больш развiтая складская iнфраструктура i вялiкая глыбiня прычалу. Гэта дае магчымасць назапашваць на складах прадукцыю, а потым адпраўляць яе на буйнатанажных караблях. Апошняе вельмi важна для далёкiх маршрутаў, павелiчэнне аб’ёмаў адначасовай загрузкi дазваляе iстотна эканомiць на транспартных расходах.
У перспектыве транзiтныя магчымасцi Вентспiлса могуць быць яшчэ больш запатрабаваны “Беларуськалiем”. У Салiгорску ў дадатак да чатырох дзеючых радовiшчаў iдуць будаўнiчыя работы на пятым. Iх плануецца завяршыць у сярэдзiне 2009 года. Пасля гэтага аб’ём здабычы i экспарт прадукцыi, як прагназуецца, павялiчыцца.
Нягледзячы на мноства пераваг Вентспiлса, А.Башура ўсё ж лiчыць немэтазгодным дамагацца стварэння так званага “беларускага прычалу”, якi б прынёс рэспублiцы статус марской дзяржавы. “Я супраць гэтай iдэi”, — паведамiў ён. “Навошта нам “завязвацца” са сваiм прычалам, плацiць за зямлю, плацiць iншыя падаткi? — патлумачыў сваю пазiцыю гендырэктар. — Нявыгадна самiм. Лепш мець партнёраў, працаваць па тэндэрах”.
Холдынг LSF, у якiм нарадзiлася iдэя стварэння латвiйска-беларускага СП, дзейнiчае з 2001 года. Гэта структура аб’ядноўвае 17 кампанiй i займаецца кiраваннем транзiтнымi плынямi праз Латвiю.
На долю аб’ектаў холдынгу прыпадае каля пятай часткi абароту ўсiх кампанiй Латвii, занятых у сферы транспарту i камунiкацый.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter