Прапраўнук дзеда Талаша спецыяльна для "Сельскай газеты" паказаў унікальныя асабістыя рэчы партызана-легенды

Салдацкая коўдра Талаша

У ЛЮТЫМ 1928 года, 90 гадоў таму, адна з вышэйшых узнагарод СССР — ордэн Чырвонага Сцяга — была ўручана дзеду Талашу. Кожны з нас, як ні круці, ведае пра беларускага партызана, які стаў героем аповесці Якуба Коласа «Дрыгва». Хрэстаматыйныя факты шырока распаўсюджаны: Васіль Талаш — удзельнік падпольнага руху падчас савецка-польскай і Вялікай Айчыннай войнаў. Аднак ёсць у біяграфіі героя і малавядомыя старонкі. Адшукаць іх дапамог карэспандэнту “Сельскай газеты” прапраўнук дзеда Талаша Валерый ДРЫГА, з якім мы сустрэліся ў Гомелі.

Валерый ДРЫГА з коўдрай прапрадзеда, якую той прывёз з Гомеля летам 1944-га.

ВАЛЕРЫЙ Дрыга — выкладчык ва ўніверсітэце вядомы. І не толькі таму, што чытае студэнтам асновы дызайну, але і таму, што каардынуе дзейнасць музея ВНУ. Калекцыя яго амаль цалкам прысвечана Паўлу Сухому, знакамітаму савецкаму авіяканструктару, які жыў і працаваў у абласным цэнтры на працягу некалькіх гадоў (пра гэта ўжо пісала “Сельская газета”). Частка экспазіцыі прысвечана легендарнаму земляку Васілю Талашу. І невыпадкова: даследчую справу ў гэтым кірунку прапраўнук самага вядомага партызана краіны лічыць справай гонару.

Цікава, што і сам Валерый Аляксеевіч, як мне падалося, знешне падобны на свайго родзіча. Нагадваюць пра гэта некаторыя рысы твару: высокі лоб, характэрны нос, глыбока пасаджаныя вочы. Уражаная падабенствам, не змагла стрымацца, каб не адзначыць гэта пры знаёмстве. Але маю заўвагу Валерый Дрыга ўспрыняў з усмешкай:

— Гэтае падабенства спісаць можна хіба што на гены. Відаць, спрацавалі яны праз некалькі пакаленняў. Лічыце самі: прашчур прыходзіўся маёй маці Алене Фамінічне, у дзявоцтве Талаш, прадзедам па лініі яе бацькі Фамы Мікалаевіча. Непасрэдна з успамінаў мамы ведаю, якім быў Васіль Ісакавіч. Уразіла мяне, напрыклад, цікавая гісторыя, расказаная ёй самім дзедам Талашом у пачатку 1945-га. Дарэчы, яна тычылася якраз таго самага ордэна Чырвонага Сцяга, якім вельмі даражыў дзед і ледзьве не пазбавіўся зімой 1941-га. Але зноў выратавала сітуацыю паляшуцкая прыродная хітрасць.

Немцы наведаліся ў петрыкаўскія Навасёлкі, дзе жыў 97-гадовы Васіль Ісакавіч. Быў данос мясцовых “добразычліўцаў”, і старца забралі ў палон за сувязь з партызанамі. Калі яго вялі катаваць, канваір заўважыў на грудзі бліскучую ўзнагароду, якая выглядвала з-пад кажушка. Фашыст пацікавіўся ў дзеда Талаша праз перакладчыцу, што за ордэн. Апошняя не разгубілася, маўляў, за барацьбу з палякамі атрымаў узнагароду.

Чаму заступілася немка за палешука? Справа ў тым, што падчас Першай сусветнай вайны яна выйшла замуж за петрыкоўца (так называюць самі сябе жыхары Петрыкаўскага раёна) і засталася жыць у Беларусі. Відаць, як і астатнія вяскоўцы, паважала дзеда за папярэднія справы.

“Ну калі ўзнагарода за барацьбу з палякамі (фашысты, вядома, не былі ў добрых зносінах з імі), дык ладна. Так бы адразу расстралялі дзеда. Адпусціць старца!” — распарадзіўся кіраўнік камісарыята. Васіль Ісакавіч схамянуўся і ў той жа момант пашыбаваў дадому. Але вопытны партызан скеміў, што немцы так проста не адстануць. Ён прыбег у хату, узяў сякеру, паведаміў, што ідзе на раку ставіць “каробкі” (гэта спецыяльныя пасткі для рыбы зімой), а сам пайшоў інсцэніраваць уласную… смерць. Расклаў рыбацкія снасці ля высечанай лункі, але “каробку” не паставіў, быццам бы выпадкова праваліўся пад лёд. Сам жа пайшоў на поўнач, за Курыцічы ў лес, а далей у Любанскі раён. Там і напаткаў партызанскі атрад Рамана Мачульскага.

Так сябе ад вернай смерці, а ганаровы ордэн ад ворага ўратаваў вёрткі дзед. Дарэчы, спецыяльна везлі ўзнагароду Васілю Ісакавічу ў Белку (вёску, дзе нарадзіўся Талаш, яна цяпер частка Петрыкава). Уручаць яе даручана  было “з шырокім удзелам сялян, падкрэсліўшы тыя ўчынкі, якія зроблены Талашом у Грамадзянскую вайну і ў партызанскім руху”.

Васіль ТАЛАШ у Маскве, 1943 год.

У ПЕТРЫКАЎСКІХ Навасёлках, куды Васіль Ісакавіч пайшоў у прымы, і ў суседніх вёсках дзед хадзіў героем. Яму спадарожнічала слава, і, як успаміналі сведкі, гэта было абсалютна заслужана. Да таго, як у 1919 годзе ў вёску, дзе ён жыў з сям’ёй, прыйшлі палякі, стаяў атрад чырвонагвардзейцаў. Яго камандзір кватараваў у Васіля Ісакавіча і часта пасылаў гаспадара за звесткамі ў тыл ворага. Інфармацыю, выведаную Талашом, перадавалі ў Петрыкаў. Вырашана было стварыць партызанскі атрад, у якім 75-гадовы дзед быў абраны камандзірам.

Талаш вельмі добра ведаў левабярэжжа Прыпяці, неаднаразова хадзіў у разведку, некалькі разоў трапляў у палон, але дзякуючы ўсё той жа паляшуцкай кемлівасці заставаўся на волі. У 1920 годзе яго атрад уліўся ў армію, але Талаш не мог служыць там па стане здароўя (перанёс тыф). Прыйшлося вяртацца ў Навасёлкі.

Там панавалі галеча і голад. Аўтарытэтнага дзеда абралі старшынёй Навасёлкаўскага сельсавета. На яго плечы ляглі новыя клопаты — адбудоўваць вёску, знішчаную палякамі. Васіль Ісакавіч дапамагаў землякам будаваць новае жыццё, знаходзіў выйсце з найскладанейшых сітуацый. З яго дапамогай, да прыкладу, пагарэльцам бясплатна выдзялялі лес на хаты.

Любіў справядлівасць, заўсёды быў у людскім натоўпе, лез у спрэчку, нават бойку, калі трэба было ратаваць чалавечую годнасць, характарызуе прапрадзеда Валерый Аляксеевіч:

— Тое, што ён быў надта камунікабельным чалавекам, перажываў за лёс кожнага аднавяскоўца, маці таксама заўважала. Каржакаваты, фізічна дужы. Ён, калі ішоў па вуліцы, заўсёды вітаўся з калгаснікамі, падыходзіў першым, абавязкова паціскаў руку, распытваў, як справы, якія навіны. Быў вельмі сціплы ў вопратцы: з-за беражлівасці. Любіў лавіць рыбу, а прадаваць яе хадзіў у Петрыкаў. Адлегласць ад Навасёлак — восем кіламетраў. Заўсёды ішоў басанож, а на палачцы ззаду нёс прыгожыя хромавыя боты. Абуваў іх толькі перад уваходам у горад.

На жаль, тых самых ботаў да нашага часу не засталося. Але іншыя асабістыя рэчы легендарнага партызана Валерый Дрыга захоўвае як каштоўныя фамільныя рэліквіі. Напрыклад, у хаце, што ў былой Белцы, дзе нарадзіўся і Валерый Аляксеевіч, ёсць посуд, які прывозіў Васіль Ісакавіч з Оўруча. Знайшлася і яго знакамітая шапка, якую ўзнавілі ўжо ў нашыя часы, нашыўшы на яе пярэдні бок па дыяганалі тканіну чырвонага колеру. Захаваліся патранташ і табакерка, адабраныя ў палякаў, лыжка і коўдра героя. Апошнія два артэфакты асабліва цікавыя.

СПРАВА ў тым, што з партызанскага атрада Мачульскага вырашана было пераправіць Талаша ў Маскву ў штаб партызанскага руху. У пачатку 1943-га з аэрадрома ў Зыславе, што ў Любанскім раёне, герой выляцеў на Вялікую зямлю. Захапіў на памяць тую самую алюмініевую трафейную лыжку з падбітага варожага самалёта, якую яму падарылі паплечнікі. У сталіцы Васілю Ісакавічу арганізавалі цёплую сустрэчу, пасялілі ў самай лепшай гасцініцы таго часу Маскве.

Дзед Талаш наведваў фабрыкі, заводы, распавядаў пра подзвігі беларускіх партызан, выступаў перад вайскоўцамі, якія адпраўляліся на фронт, і па радыё. У той жа час  прыехаў у Маскву Якуб Колас. Тая сустрэча стала трэцяй у гісторыі песняра і ўслаўленага ім у “Дрыгве” героя. Была знята на кінакамеру: Талаш штосьці распавядае Коласу, той слухае з усмешкай. Гэта нядзіўна — Васіль Ісакавіч быў добрым апавядальнікам, чалавекам каларытным, да ўсяго падыходзіў з гумарам.

У снежні 1943 года, пасля вызвалення Гомеля, дзед Талаш разам з кіраўніцтвам рэспублікі вяртаўся на радзіму. Ужо 1 студзеня 1944-га ў Доме культуры фанерна-запалкавага камбіната адбылося ўрачыстае пасяджэнне, прысвечанае 25-годдзю БССР. Дзеда Талаша размясцілі ў гасцініцы — двухпавярховым доме на вуліцы Фрунзэ, дзе некалькі месяцаў ён чакаў, калі будзе вызвалена Петрыкаўшчына. Але партызану карцела вярнуцца дадому. І калі фашысты былі выціснутыя з Палесся, гомельскі камендант дазволіў збірацца ў Навасёлкі. Падрыхтавалі каня з возам, забяспечылі дзеда правіянтам, выдалі салдацкую коўдру з вышытай зоркай.

Менавіта яе, лёгкую, ваўняную, пяшчотна захоўвае прапраўнук. Валерый Аляксеевіч разгортвае перада мною кафейнага колеру палатно. Яно выглядае настолькі добра, быццам бы новенькае. Але ёсць пару дзірак. Можа, ад куль? Верагодна: у вайну эканомілі, таму коўдру маглі выдаць нават і нацыянальнаму герою ўжо былую ва ўжыванні.

Легендарны партызан сярод родзічаў. Вёска Бяланавічы Петрыкаўскага раёна, 1937 год.

— Але прашчура, як я разумею, гэтае пытанне цікавіла мала, — працягвае Валерый Дрыга. — Калі Талаш вярнуўся ў родныя Навасёлкі, убачыў там нярадасную карціну: людзі галадаюць, ва ўсёй вёсцы няма ніводнага каня, не кажучы пра машыны і трактары. Менавіта той самы гомельскі конь і дапамог выжыць у цяжкія пасляваенныя гады Талашу і яго аднавяскоўцам. Ім ён ніколі не адмаўляў у дапамозе.

ДА апошняга паляшук супрацівіўся гадам, уладкаваўся працаваць у Петрыкаўскі лясгас лесніком. Але гады бралі сваё: 23 жніўня 1946-га на 103-м годзе Васіль Ісакавіч памёр у Мінску падчас аперацыі.

Дом-музей у Навасёлках арганізавалі толькі ў 1989 годзе. І не без удзелу родзічаў, у тым ліку Валерыя Аляксеевіча. Калі стваралася экспазіцыя музея, з нашчадкамі раіліся ў некаторых момантах.

Цяпер прастора музея, пра які таксама пісала “СГ”, выглядае як рэканструяваная сядзіба. Пабудавана малая хата па макеце тога ж самага дома Талаша, спаленага белапалякамі ў Грамадзянскую. Другі дом узведзены самім Талашом і яго сынамі пасля Грамадзянскай вайны. Экспазіцыя паказвае этнаграфію сялян пачатку мінулага стагоддзя. З арыгінальных экспанатаў — скрыня Талаша, а таксама некаторыя яго асабістыя рэчы. Можа, і нешта з калекцыі прапраўнука патрапіла б у вітрыны вясковага музея? Валерый Аляксеевіч задумваецца над гэтым пытаннем. Не супраць. З’явіліся дастойныя ўмовы для захавання экспанатаў: культурны аб’ект некалькі гадоў таму аднавілі па лініі дзяржпраграм сацыяльна-эканамічнага развіцця Прыпяцкага Палесся і “Культура Беларусі”. Магчыма, перадача ўнікальных артэфактаў адбудзецца летам.

ЦІКАВА, ШТО

У Петрыкаве, дзе на гарадскіх могілках пахаваны герой, літаральна на беразе Прыпяці ёсць невялікі парк з Алеяй герояў і з помнікам Васілю Талашу. А самы галоўны напамін пра чалавека, які атаясамліваў барацьбу з ворагам, можна знайсці ў сэрцы сталіцы — на плошчы Якуба Коласа. У скульптурна-архітэктурным комплексе ў бронзе застыла постаць песняра і яго літаратурных герояў. Сярод іх дзед Талаш з сынам.

uskova@sb.by

Фота з архіва Валерыя ДРЫГІ і Ганны ПРЫШЧЭПАВАЙ
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter