Ваеннае мінулае расонскага партызана і байца спецпалка МУС Васіля Мікалаевіча Краснова

Са зброяй і гармонікам не разлучаўся ўсю вайну

Нямногім ветэранам Вялікай Айчыннай вайны пашчасціла сустракаць 75-годдзе Перамогі. Кожная сустрэча з жывымі сведкамі ўсенароднай барацьбы з нямецка-фашысцкімі акупантамі бясцэнна. На пярэдніх рубяжах франтоў і ў глыбокім тыле — паўсюдна кавалася Перамога. 


Разведчыкам партызанскага атрада імя Варашылава расонскай брыгады імя Сталіна пачаў у 1943 годзе ваенны шлях сялянскі сын Васіль КРАСНОЎ. 

Калі вызвалілі Беларусь ад гітлераўцаў, ён папоўніў спецполк сувязі войск МУС. Пасля вайны застаўся служыць і заканчваў вячэрнюю сярэднюю школу. Экстэрнам скончыў Саратаўскае ваеннае вучылішча і атрымаў вайсковае званне малодшага лейтэнанта. Служыў у палку ўрадавай сувязі на Каўказе, у Прыбалтыцы і Беларусі. 

Парадны касцюм палкоўніка ў адстаўцы Васіля Мікалаевіча Краснова ўпрыгожваюць ордэны Айчыннай вайны II ступені і Чырвонай Зоркі, медалі «Партызану Вялікай Айчыннай вайны» I ступені, «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй», «Дружбы з нямецкай моладдзю» і шматлікія юбілейныя ўзнагароды.

Утульная кватэра аўдавелага трынаццаць гадоў таму Васіля Мікалаевіча, як музейная экспазіцыя, багата на сямейныя фотакарткі розных гадоў, эксклюзіўныя сувеніры. 

Два гады аддзяляюць па-ранейшаму статнага гаспадара ад векавога юбілею. Уладкоўваючыся на канапу, ён жартам папярэдзіў, што вось толькі служба ў спецпалку сувязі МУС крыху прытупіла слых. Затое памяць да драбніцы захавала перажытае за доўгі век.

— Што больш за ўсё ўрэзалася ў памяць з тых ваенных гадоў? 

— Чым далей той час адыходзіць, тым больш асэнсоўваеш кожную падзею. Не магу забыць чэрвеньскія дні 1941 года. На пачатку таго лета мяне перавялі з вёскі бухгалтарам у Расоны. У чарговы выхадны адведваў стрыечную сястру Ганну Дзмітрыеўну Раманаву. Сядзелі за сталом, абедалі, і раптам па радыё прагучала афіцыйная заява пра вераломнае нападзенне фашысцкай Германіі на нашу краіну. А праз 6 дзён гітлераўскія матацыклісты ўварваліся ў наш ціхі райцэнтр. Многія жыхары адразу кінуліся ў лес. На веласіпедзе я накіраваўся ў сваю вёску Краснаполле, да якой тры дзясяткі кіламетраў. У вёсках, праз якія пралягаў мой шлях дадому, перапужаныя жанчыны, дзеці і старыя не ведалі куды падзецца. Разгубленасць панавала і ў Краснаполлі. Мужчыны пайшлі ваяваць з ворагам. З-за лесу, грамыхаючы рухавікамі, як хмары, выплывалі агромністыя самалёты з намаляванымі на крылах крыжамі. Акупанты адразу пачалі ўсталёўваць свой парадак. Ад школьных сяброў даведаўся, што наш настаўнік гісторыі Павел Машэраў арганізуе ў лесе партызанскі маладзёжны атрад. Неспакой панаваў у кожнай сялянскай хаце. Зазірнуў да сваёй аднакласніцы Алесі Нікіценка. Мы сябравалі са школьных гадоў. Надвячоркам пайшлі прагуляцца да ракі Дрысы і там сустрэлі мужчын са зброяй у руках. Сярод іх быў і мой знаёмы Яўхім Лазарэнка. Ён падышоў да мяне і расказаў пра фарміраванне маладзёжнага партызанскага атрада, у якім было два дзясяткі байцоў. Кіраваў імі Яўхім. Мне ён прапанаваў папоўніць каманду змагароў. Праз некалькі дзён я стаў разведчыкам атрада і прывёў з сабою школьных сяброў: Арсенія Федаценку, Мікалая Кухарэнку, братоў Міхаіла і Мікадзіма Сухарукавых, Алесю Нікіценка. Яна стала нашай сувязной. Праз тры месяцы колькасць байцоў атрада перавысіла сотню. Каб вораг не даведаўся, дзе размяшчаецца наш лагер, перыядычна дрэйфавалі па лясных гушчарах. 

— Кожнае такое перамяшчэнне патрабавала пільнасці, каб вораг не выведаў новую стаянку. Пэўна, вас выручалі густыя расонскія лясы?

— Для лагера выбіралі самыя глухія, цяжкадаступныя мясціны. Вакол стаянкі неслі вахту дазорныя. Як толькі ўзнікала небяспека, па трывозе падымаўся атрад. Кожны дзень напаўняўся рознымі справамі. Імкнуліся не дапускаць праходжання на фронт варожых чыгуначных эшалонаў. Спецгрупа разведчыкаў, якую ўзначальваў Іван Захватаеў з суседняй вёскі Крэвялёва, пільнавала перамяшчэнне чыгуначных саставаў на ўчастку Полацк — Невель. Пасля правядзення разведкі партызанскія камандзіры распрацоўвалі маршруты падрыўнікоў. Часта ўзляталі ўверх узарваныя шпалы і рэйкі. Удавалася і гружоныя саставы пускаць пад адхон. Мясцовыя жыхары паведамлялі нам пра перасоўванне варожай тэхнікі. Шмат каштоўнай інфармацыі здабывалі сувязныя. Яны, як правіла, жылі ў навакольных вёсках. 


Камандаванне атрада трымала моцную сувязь з вялікай зямлёю. У некалькіх кіламетрах ад Расон дзейнічаў партызанскі аэрадром. Самалётамі нам дастаўлялі зброю, харчаванне, медыкаменты. Прылятаў на наш аэрадром і начальнік Цэнтральнага штаба партызанскага руху пры Стаўцы Вярхоўнага галоўнакамандавання Панцеляймон Кандратавіч Панамарэнка. Наведваўся і кіраўнік Беларускага штаба Пётр Захаравіч Калінін. Сустрэчы з імі ўзнімалі нам настрой. А гэта было важна пры выкананні баявых заданняў. 

Памятаю, як сувязныя паведамілі, што ў лясную вёску Стайкі прыбыў конны атрад гітлераўцаў. Коней яны паставілі ў хлявы, а самі разышліся па хатах начаваць. Аператыўная група атрада не марудзячы выправілася ў Стайкі. З усіх бакоў акружылі вёску і па камандзе пачалі паліць з кулямётаў. Пасля першых выстралаў з хат выляталі збянтэжаныя гітлераўцы і адразу траплялі пад кулямётны агонь. За дзве гадзіны мы разграмілі іх. Не абышлося і без страт. Загінуў мой сябра Сяргей Ратушаў. Забітых партызан пахавалі на лясных могілках. Кожны раз, калі прыязджаю на Расоншчыну, не мінаю іх магілы. 

Удалымі былі і аперацыі па знішчэнні ворагаў у вёсках Дутчына і Сівошына. Асабліва ўзмоцнена фашысты ахоўвалі чыгуначную станцыю Клясціцы. Адсюль на лінію фронту акупанты адпраўлялі падмацаванне. Нам паступіла каманда разграміць ахову чыгункі. Атрад раздзяліўся на некалькі баявых груп. З усіх бакоў мы сталі акружаць станцыю. Па вузенькай сцежцы адзін за адным упяцёх крочылі каля крайніх падворкаў. Адзін з таварышаў, які замыкаў нашу групу, зачапіў замаскіраваную міну, і яна выбухнула. Байцу знесла галаву. Пачалася хаатычная страляніна. Бесперапынна страчылі варожыя кулямёты. Задуманы план сарваўся. У тым баі загінула амаль дзесяць маіх баявых сяброў. Мінулі дзесяцігоддзі, а ў грудзях горыч пячэ за іх. За ўвесь час партызанскай барацьбы з ворагам гэта была адзіная няўдалая баявая аперацыя.

— Пасля гэтага незабыўнага бою паніка не ахоплівала вашых баявых сяброў?

— Увесь атрад доўга не мог змірыцца з такімі стратамі. Барацьба з ворагам ні на дзень не спынялася. Раз’юшаныя акупанты зімою 1943 года распачалі масавую карніцкую аперацыю. Дзве варожыя дывізіі з усіх бакоў сталі заціскаць нас непадалёку ад полацкіх лясоў. Тая зіма выдалася лютай: стаялі моцныя маразы, даймаў калючы вецер. Карнікі звужалі кола блакады. У партызанскай брыгадзе імя Сталіна, якою кіраваў старшы лейтэнант Ахоцін, загінуў кожны чацвёрты з чатырох соцень байцоў. 

Камандзір 3-й Беларускай партызанскай брыгады Аркадзь Якаўлевіч Марчанка, які стаяў ля вытокаў партызанскага руху на Віцебшчыне, выдаў мудры загад рассеяцца атрадамі па лясных масівах. Брыгада аб’ядноўвала амаль паўтары тысячы народных мсціўцаў. Наш атрад імя Варашылава перадыслацыраваўся за аддаленую расонскую вёску Забор’е. У лясным масіве, на высокім пагорку непадалёку ад вёсачкі Межагосці, выкапалі і абуладзілі прасторныя зямлянкі. Зверху накрылі іх дзярнінай, каб варожыя разведчыкі з самалётаў не зафіксавалі лагер. Пад густымі шатамі карабельных сосен збудавалі сталоўку. Зладзілі і лясную стайню для коней. Так пратрымаліся да вясны, пакуль не зазелянелі кроны дрэваў. Фашысты так і не выявілі нашу стаянку.

— Вясна 1943 года прынесла першыя прыемныя навіны з фронту. У выніку паспяховага завяршэння Сталінградскай бітвы савецкія воіны атрымалі найбуйнейшую перамогу над фашысцкай Германіяй. Гэта бітва прынесла карэнны пералом у ходзе вайны. 

— Мы ў атрадзе пільна сачылі за ходам баёў на франтах. Такія весткі прыдавалі настрой. Перамогай у бітве на Волзе нашы войскі вырвалі ў ворага стратэгічную ініцыятыву. А колькі радасці было, калі ў зводках Саўінфармбюро, якія мы атрымлівалі, паведамлялася пра вызваленне ад захопнікаў першых савецкіх гарадоў! Пасля зімовай блакады ў тыя вясновыя дні я браў у рукі гармонік, і ў момант мяне акружала партызанская моладзь. Завітвалі да нас у лагер і дзяўчаты з навакольных вёсак і хутароў. Разам з імі спявалі і танчылі. Часцей атрымлівалася бачыцца з Алесяй. Бацькі яе пасля таго, як фашысты спалілі хату ў вёсцы Краснаполле, перабраліся ў пакой Забор’еўскай школы. Алеся цікавілася маімі баявымі паходамі. Мы разам марылі пра мірнае будучае. Пераможны дзень ужо адчуваўся. Пасля разгрому летам 1943 года германскіх полчышчаў на Курскай дузе савецкія войскі салютавалі ў вызваленых гарадах Арол і Белгарад. Фашысты пад націскам нашай арміі спешна адступалі на захад. 

Восенню 1943 года каля расонскай вёскі Перавоз наша партызанская брыгада сустрэлася з чырвонаармейцамі. Панавала ўсеагульнае лікаванне. Па бальшаку калонамі рухалася на захад савецкая ваенная тэхніка. Кожны новы дзень прыносіў прыемныя весткі пра вызваленне беларускіх гарадоў і вёсак. Нас, маладых, пераапранулі ў армейскую ваенную форму і адправілі на перадавую. У маёй салдацкай кніжцы з’явіўся запіс «разведчык знішчальнай супрацьтанкавай батарэі». На баявой лініі ў акопах нас, навічкоў, расставілі праз аднаго з салдатамі. На перадавой доўга не затрымаліся. Перад новым, 1944 годам па загадзе камандавання мы папоўнілі 159-ты запасны полк. 

Фронт усё далей адыходзіў на захад. З беларускіх народных мсціўцаў было вырашана фарміраваць падраздзяленне Міністэрства унутраных спраў. Так я стаў чырвонаармейцам 262-га спецпалка войск МУС. 

— Развіталіся з партызанскай сувязной Алесяй? 

— Пасля вызвалення Расоншчыны ад акупантаў па накіраванні райкама камсамола Алеся Нікіценка служыла тэлефаністкай у 1195-м стралковым палку 4-й арміі 4-га Прыбалтыйскага фронту, якім камандаваў Маршал Савецкага Саюза Іван Хрыстафоравіч Баграмян. У сваіх пісьмах расказвала мне пра вызваленыя прыбалтыйскія гарады і вёскі, пра сустрэчы з мясцовымі людзьмі. Цікавілася маімі армейскімі буднямі. Мы дамовіліся пасля вайны сустрэцца. Спецполк, у якім я служыў да самай Перамогі, забяспечваў прамую тэлефонную сувязь Галоўнакамандуючага Сталіна з камандзірамі франтоў. Калі ў час баёў на перадавой абрывалася сувязь, даводзілася пад агнём паўзці і злучаць абарваны дрот. Рызыка вялікая. Лічу, што лёсам мне было наканавана выжыць. 

Васіль Красноў з жонкай Алесяй.

Пераможны майскі дзень сустрэў са сваім любімым гармонікам, з якім не расставаўся ўсю вайну. Не расставаўся з ім і калі стаў сямейным. Здзейснілася наша з Алесяй мара. Праз пяць гадоў пасля вайны мы пажаніліся. Выхавалі дачку Людмілу. Сям’ю нашу папоўніў зяць Сямён. Вырас і, як і дачка, стаў праграмістам унук Яўген. Падрастае праўнук Уладзіслаў. Калі выпадае збірацца разам, ёсць што ўзгадаць.

— Васіль Мікалаевіч, маё пажаданне сустрэцца на векавым вашым юбілеі. З надыходзячым святам Вялікай Перамогі, у якой ёсць і ваша часцінка!

Фота аўтара і з сямейнага архіва Васіля Краснова.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter