Сінявокія старонкі ў краіне гор

У Таджыкістане пачаліся Дні культуры Беларусі. Гэта значная падзея ў жыцці абедзвюх краін адбываецца ўпершыню. Ёй папярэднічала пагадненне аб узаемным культурным супрацоўніцтве.

Праграма мерапрыемстваў дзён састаўлена так, каб як мага больш шырока прадставіць майстэрства беларускіх мастакоў, артыстаў, спевакоў, музыкантаў, танцораў.
У трох гарадах рэспублікі — Душанбэ, Нурэку і Турсунзадэ — з нецярпеннем чакаюць сустрэчы з праслаўленым ансамблем “Песняры”, салістамі Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы Беларусі, інструменталістамі, а таксама з артыстамі заслужанага калектыву Беларусі Дзяржаўнага ансамбля танца Рэспублікі Беларусь. У Нацыянальным музеі імя Бехзода ўвазе таджыкскай публікі будзе прадстаўлена выстава графікі сучасных беларускіх мастакоў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі. Падрыхтаваны і кінапаказ. У Таджыкістане ўбачаць мастацкую стужку Сяргея Сычова “Я помню...”, мастацка-публі-цыстычны фільм “Здравствуй, Беларусь!”.
У гэтыя дні адбудуцца сумесныя майстар-класы таджыкскіх і беларускіх артыстаў. Салісты беларускай оперы сустрэнуцца з артыстамі аркестра народных інструментаў і эстрадна-сімфанічнага аркестра Таджыкістана.
Дні культуры Беларусі ў Таджыкістане завершацца 4 жніўня вялікім зводным канцэртам артыстаў дзвюх рэспублік у “Кохі Джомі”. А ўжо гэтай восенню беларусы змогуць бліжэй пазнаёміцца з культурай братняй краіны ў час Дзён Таджыкістана ў Беларусі.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter