Рытуальнае адзенне

(Заканчэнне. Пачатак у № 114.)

* Яшчэ ў пачатку мінулага стагоддзя людзей хавалі ў белым саване. Сёння памерлага пакрываюць палатном белага колеру (тканінай абсалютна чыстай, без слядоў людскога ўздзеяння; у свеце продкаў пачынаецца новы адлік часу). 
* Як і шмат гадоў таму, сёння існуе святое правіла апранаць памерлага чалавека ў новае (чыстае) адзенне.
* Людзі сталага ўзросту заўсёды самі рыхтавалі сабе адзенне на смерць, у “дарогу”. Яго маглі апрануць толькі аднойчы, каб наведаць храмавае набажэнства, асвяціць яго. Пасля гэтага адзенне хавалі ў далёкае месца — “да часу”. 
* Адзенне (нацельную бялізну) і пасцель (прасціну і навалачку), у якіх паміраў чалавек, пасля пахавання спальвалі, каб гэтыя рэчы не перадавалі адмоўную энергетыку жывым (узгадайце казку “аб жывой і мёртвай вадзе”). 
* Памерлую незамужнюю дзяўчыну апраналі ў вясельны строй. Яна на працягу свайго зямнога жыцця не здолела выйсці замуж, таму ішла ў свет продкаў адвечнай нявестай у адпаведным убранні. 
* У адзенні памерлага не павінна быць чырвонага колеру (лічыцца, што гэта можа пацягнуць за сабой яшчэ адну смерць “кроўнага” сваяка). 
* У той жа час, калі ў сям’і была цяжарная жанчына, яна абавязкова апранала што-небудзь чырвонае ці падпярэзвалася поясам чырвонага колеру.
* На працягу года ёсць некалькі памінальных дзён, напрыклад, бацькоўскія суботы, восеньскія Дзяды, Радаўніца. У такія дні жывыя наведвалі могілкі і даводзілі да ладу магілы і надмагільныя крыжы. Калі гэта была магіла жанчыны — на крыж павязвалі белы фартушок, калі мужчыны — белы ручнік, калі незамужняй дзяўчыны — белы вяночак.
* Вялікае значэнне надавалі нашы продкі таму адзенню, у якое былі апранутыя маладыя на працягу ўсяго вяселля. Прычым не толькі нявеста, але і жаніх. Калі паглядзець на фотаздымкі мінулых часоў, наведаць музей этнаграфіі і фальклору, там мы ўбачым светлае адзенне як жаніха, так і нявесты. Але: на сукенцы нявесты — на рукавах і грудзях, будуць вышыты шырокія чырвоныя палосы — абярэгі, а жывот будзе экраніраваны фартушком з чырвонымі палосамі. У жаніха — да светлай кашулі і штаноў будзе дададзены шырокі пояс з ярка-чырвоным арнаментам па краях.
* Нашы продкі ніколі не парушалі асноўныя ўмовы рытуалаў, было то пахаванне, вяселле ці хрэсьбіны дзіцяці, таму што лічылі, што пазней сям’я будзе пакарана за парушэнне — дзеці будуць хварэць, парушыцца шчасце сямейнага ачага, будзе дрэнны ўраджай ці наваляцца іншыя нястачы і беды.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter