Ксёндз Кирилл Бардонов о том, как белорусские католики готовятся к Рождеству

Рыхтуемся да Раства

У нядзелю, 27 лістапада, у католікаў пачаўся Адвэнт — падрыхтоўка да Раства. Як жа праходзіць перадсвяточны перыяд?

Слова «адвэнт» адсылае нас да часоў Рымскай імперыі. Так тады называлі афіцыйны прыезд дзяржаўнага саноўніка пасля прыняцця пасады. Хрысціяне заходняй (лацінскай) традыцыі сталі ўжываць гэты тэрмін для акрэслення падрыхтоўкі да святкавання Нараджэння Хрыста — яго наведвання, з’яўлення сярод людзей.

Адвэнт можна палічыць аналагам каляднага посту ў праваслаўных, які ў народзе называюць Піліпаўкай. Адрозненне ў тым, што Касцёл не накладае на вернікаў заходняй традыцыі абмежаванняў у ежы ў Адвэнт і ўвесь гэты перыяд мае радасны, а не пакаянны характар.

Час Адвэнту служыць таму, каб дапамагчы вернікам сфакусіравацца на асобе Хрыста. Мы не толькі рыхтуемся да сустрэчы з ім у свяце яго нараджэння, але і да з’яўлення Месіі напрыканцы часоў. Святое Пісанне не кажа, калі гэта з’яўленне адбудзецца, таму запрашае нас пастаянна быць гатовымі стаць перад Богам.

Можна сказаць і па-іншаму: Адвэнт — час чакання сустрэчы з Хрыстом у асабістай гісторыі кожнага чалавека. Божы Сын нарадзіўся ў чалавечым целе і назаўсёды стаў блізкім людзям, але людзі часта ігнаруюць гэтую блізкасць. Айцы Касцёла (Царквы) казалі пра тры з’яўленні Хрыста: у Віфлееме, у канцы часоў і ў сэрцы верніка.

Каб у нашым сэрцы знайшлося месца для з’яўлення Хрыста, у Адвэнце павінна быць месца для рэфлексіі над сваім жыццём, адносінамі з Богам і іншымі людзьмі. Гэтаму спрыяюць чытанне Бібліі, больш актыўная індывідуальная і сумесная малітвы. У Касцёле ў Беларусі сярод вернікаў замацавалася традыцыя дабравольна выбіраць у гэты перыяд розныя формы аскезы, у прыватнасці адмаўляцца ад другасных рэчаў, якія забіраюць у нас шмат часу, увагі, энергіі і адцягваюць ад галоўнага — засяроджанасці на Хрысце.

Сёння можна сустрэць шмат так званых адвэнт-календароў, якія маюць мала супольнага з хрысціянствам. Але ж узніклі такія календары менавіта для адсочвання і плённага перажывання дзён Адвэнту. Усё часцей у беларускіх дамах з’яўляецца яшчэ адзін сімвал Адвэнту — вянок з хвойных галінак з чатырма свечкамі, пераплеценымі фіялетавай або чырвонай стужкай. Каляндар ці вянок дапамагае стварыць адпаведную атмасферу ў доме, але галоўным з’яўляецца наша духоўная падрыхтоўка да зімовых свят.

Вяртаючыся да часоў Рымскай імперыі, хочацца ўзгадаць яшчэ адну традыцыю гэтай дзяржавы. Пасля перамогі ў вайне военачальнік у лаўровым вянку на калясніцы трыумфальна ўязджаў у Рым. За яго ж спінай стаяў нявольнік, які падтрымліваў вянок і нашэптваў: «Памятай, што ты калісьці будзеш паміраць». Памятаць пра канечнасць чалавечага жыцця варта кожнаму, каб яшчэ больш клапаціцца пра душу і рабіць дабро.

Ксёндз Кірыл Бардонаў
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter