Рыга: «Беларусь – неад'емная частка Еўропы»

У МІНУЛУЮ суботу ў латвійскай сталіцы беларусы замежжа прынялі сумесны Зварот да кіраўнікоў дзяржаў Еўрапейскага саюза, членаў Савета Еўропы і дэпутатаў Еўрапарламента. Гэтым самым нашыя суайчыннікі выказаліся за канструктыўны дыялог з Беларуссю і супраць увядзення жорсткіх эканамічных санкцый у дачыненні да нашай краіны ў сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года (гэтая тэма, не сакрэт, з новай сілай загучала ў заходніх СМІ).

Беларусы замежжа заклікаюць да канструктыўнага дыялога са сваёй Айчынай.

У МІНУЛУЮ суботу ў латвійскай сталіцы беларусы замежжа прынялі сумесны Зварот да кіраўнікоў дзяржаў Еўрапейскага саюза, членаў Савета Еўропы і дэпутатаў Еўрапарламента. Гэтым самым нашыя суайчыннікі выказаліся за канструктыўны дыялог з Беларуссю і супраць увядзення жорсткіх эканамічных санкцый у дачыненні да нашай краіны ў сувязі з падзеямі 19 снежня 2010 года (гэтая тэма, не сакрэт, з новай сілай загучала ў заходніх СМІ).

У суботу ў Рызе сабраліся шматлікія прадстаўнікі беларускіх дыяспар краін Прыбалтыкі, Расіі, Украіны, Малдовы: тут адбыўся “круглы стол” пад назвай “Беларусь — неад’емная частка Еўропы. Кансалідацыя беларусаў замежжа”.

— Сустрэча прайшла на вельмі высокім узроўні і выклікала вялікую цікавасць з боку СМІ. Удзельнічалі ў ёй і латвійскія парламентарыі, прадстаўнікі бізнесу, — расказаў у інтэрв’ю “БН” прэзідэнт Згуртавання беларускіх грамадскіх арганізацый у Літве Раман Вайніцкі, які прадстаўляў у Рызе беларусаў Літвы. — Людзі выказвалі нездавальненне эканамічнымі санкцыямі, якія ў Еўрасаюзе прапануюць увесці ў дачыненні да нашай этнічнай Радзімы. І мы не разумеем, чаму ўвесь беларускі народ праз гэта хочуць прымусіць жыць горш. Бо зразумела — эканамічныя санкцыі не лепшым чынам адаб’юцца на беларусах, а таксама літоўцах, паляках і прадстаўніках іншых нацыянальнасцей, што сёння жывуць на Беларусі. Апроч таго, ёсць разуменне, што эканамічныя санкцыі супраць нашай этнічнай Радзімы паўплываюць і на эканоміку некаторых краін Еўрасаюза, эканамічна звязаных з Беларуссю. Ад такой палітыкі не выйграе ніхто…

Вынікам рыжскай сустрэчы беларусаў замежжа і стаў Зварот да кіраўнікоў дзяржаў Еўрапейскага саюза, членаў Савета Еўропы і дэпутатаў Еўрапарламента. Кіраўнікі грамадскіх арганізацый беларусаў замежжа такім чынам прыцягваюць увагу міжнароднага супольніцтва да кампаніі ціску на сваю этнічную Радзіму з боку Захада. “Гістарычны вопыт, напрацаваны еўрапейскай хрысціянскай цывілізацыяй за апошнія дзве тысячы гадоў, — гаворыцца ў дакуменце, — сведчыць аб бесперспектыўнасці выкарыстання сілы ў міжнароднай палітыцы, навязвання народам незалежных дзяржаў чужой волі. Пераход з мовы дыпламатыі і добрасуседства да дыктату і дыскрымінацыі ніколі не даваў і не дасць канструктыўных вынікаў”.

Зварот падпісалі Раман Вайніцкі (Літва), старшыня Саюза беларусаў Латвіі Валянціна Піскунова, намеснік кіраўніка Беларускага таварыства “Сябры” Людміла Аннус (Эстонія), старшыня Беларускага таварыства культуры “Лёс” Таццяна Ніжнік (Эстонія), кіраўнік Федэральнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Расіі Валерый Казакоў, старшыня рэгіянальнай нацыянальна-культурнай аўтаноміі беларусаў Масквы Сяргей Кандыбовіч, кіраўнік Вінніцкага абласнога зямляцтва беларусаў і намеснік старшыні каардынацыйнага савета Усеўкраінскага саюза беларусаў Уладзімір Качэлаба.

Наталля ШЧАСНАЯ, ”БН”

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter